У снягах драмае вясна

Духмяніўся завоблачны татэм, Ныралі німфы ў сонечнай клаацы, I з нечыстот рабіўся смачны крэм.– Уладзік, а якую рыфму падабраць да слова “сабакі”?Берасневіч замысліўся, і ў гэты час яму здалося, што нехта голасна паклікаў яго. Ён падняў вочы – на кафедры стаяў Маркіч, энергічна сціскаючы ў руцэ скамечаныя аркушыкі. Выглядаў ён, як літоўскі Пяркун, пасля таго як гэты бог удала разбіў бліскавіцаю янтарны палац: выпрастаўся, твар строгі, жэсты абдуманыя, высакародныя.– Дык вось я і кажу, што калі мы маем сапраўдных камсамольцаў, дык маем мы і тых, якія пэцкаюць ганаровае званне камсамольца. Сапраўдныя будуюць, вучацца, набываюць веды...Голас яго дрыжэў ад “хвалявання”. I ўсё гэта былі правільныя словы, і Берасневіч сто разоў падпісаўся б пад кожным. I ўсё ж гэтыя правільныя, добрыя словы гублялі нейкую жывую афарбоўку ў вуснах Маркіча. Так бывае, калі п’еш добрую ваду з сальнай шклянкі.– Хрысціцца занадта размашыста, – сказаў Янка.– Што? – не зразумеў Берасневіч.– Я кажу, што ў царкве злодзея лёгка шукаць. Хто вельмі ўжо размашыста хрысціцца – той і ёсць найвялікшы злодзей.– Чакай ты...– Гэтае адроддзе псуе нам усю справу! – грымеў Маркіч з дэмасфенаўскімі жэстамі. – Іх не павінна быць у нашых шэрагах! На шчасце, менавіта такіх на нашым курсе няма, але ёсць так званыя “людзі”, якія прыбліжаюцца да гэтага свайго ідэалу. Аднаго з такіх я ўжо назваў. Гэта студэнт Берасневіч. Табе, дарагі Уладзік (Берасневіча перасмыкнула ад агіды), трэба вельмі і вельмі падумаць пра свае паводзіны, калі ты хочаш застацца нашым другам, другам сапраўдных савецкіх маладых людзей.– Чакайце, хлопцы! Што ж гэта ён кажа? – ускрыкнула Алёнка.– Прашу не перабіваць, – здзекліва сказаў Маркіч. – Гэта трошкі ранавата. I да таго ж вы, здаецца, яму не сваячка?– Дазвольце мне, – падняў руку ціхі, заўсёды маўклівы студэнт трэцяга курса Аркадзь Чудзікаў. – Можа, я перабіваю, але я... я ведаю таварыша Берасневіча як аднаго з лепшых студэнтаў, як аднаго з лепшых камсамольцаў. Вучыцца ён толькі на “выдатна”, быў вельмі добрым камсоргам, які не дазваляў такой агіднасці, якую мы бачым зараз, працаваў сам і іншых прымушаў працаваць і не рабіў ніколі такіх нудных збораў, якія пайшлі пры табе. Ён удзельнічае ў навуковых гуртках. Да універсітэта быў і рабочым. Працуе заўсёды добра. Стадыён пабудаваць – яго ідэя.Капасевіч раптам звярнулася да Маркіча, і такі воцатны выраз быў на яе твары, што адразу магчыма было зразумець: гэта сядзіць такая дзяўчына, якая, нават пражыўшы дзесяць год замужам, зберагае выгляд і звычаі старой дзеўкі.– Вы старшыня збораў ці не, таварыш Маркіч, а калі вы старшыня збораў, дык нашто вы дазваляеце расказваць усім вядомую вонкавую біяграфію гэтага таварыша?– Я скончыў, – сказаў Чудзікаў. – Але думаю, што добрую біяграфію нядрэнна і яшчэ раз праслухаць.Ён уздыхнуў і сеў.Берасневіч устаў і ўсё яшчз разгублена сказаў:– Я, уласна кажучы, не разумею. Чаму дазволілі так, не за рудога сабаку, шальмаваць чалавека? Я, здаецца, учынкамі сваімі не даваў ніякай падставы.– Каб не даваў, – рэзка сказала Капасевіч, – дык не рабілі б з цябе дрэнны прыклад для сённяшніх збораў. Можа, ты і сёння ўбягіш...– Ах, якая чароўная мова! – захапіўся Янка.– I ты таксама, – не ўтрымалася Капасевіч, – недалёка ад яго пайшоў. Глядзі, каб заўтра і ты так не стаяў.– Чакайце! Чакайце! – кругла і прыемна загаварыў Маркіч. – У нас тут што, зборы ці кірмаш? Калі кірмаш, дык давайце ўсе разам крычаць. А калі зборы, на якіх мы хочам разабрацца ў розных прыкрых фактах нашага жыцця, дык давайце, таварыш Капасевіч, сядайце, і не трэба перадчасна гарачыцца. I вы сядайце, Берасневіч, пакуль ад вас не патрабавалі тлумачэнняў або пакуль не далі слова. Та-ак. Дый рэгламенціка трэба трымацца, а то не елі ўжо сем-восем гадзін.