У снягах драмае вясна

– Ч-чорт! – вылаяўся Янка. – Якім бы ён цудоўным жоўтым босам быў у Амерыцы. Маркіч пачуў гэтыя словы:– Заклікаю да парадачку. I кажу прама, абражаць нельга.– Дык ты ж сам...У аўдыторыі ўзняўся шум. Міколу давялося хвілін пяць біць алоўкам па графіне, пакуль не стала цішыня.– Ну што ж, – сказаў Маркіч, – ад мяне патрабуюць доказаў. Я не жадаў даваць іх, але зараз, каб мяне не так вінавацілі, не называлі паклёпнікам, я іх дам.– I няхай Берасневіч адказвае адразу на кожнае абвінавачанне, – сказаў дэкан, гледзячы на Берасневіча са спачуваннем, якое выразна адбівалася ў старэчых добрых вачах.Маркіч выцер хусткаю потны лоб і сказаў эфектна:– Не жадаю кідаць у гэтага чалавека брудам... Не, не магу...– Кажы! – закрычала Капасевіч. – Пачаў, дык кажы!– Ну добра. Першае, гэты чалавек – нацыяналіст. На маёўцы, у прысутнасці людзей з нашай групы, ён казаў, што адзін народ адрозніваецца ад другога толькі колькасцю. Ён апраўдваў буржуазны нацыяналізм...– Брэшаш, – выкрыкнуў Янка, – я быў пры гэтай размове!– Няпраўду кажаш, – узняўся Берасневіч, – ты пашукай у XIX томе ў Леніна на старонцы 204. Там ты адшукаеш менавіта такі “нацыяналізм”, які я прапаведаваў. I ты мне такіх думак не прышывай. Я казаў, што часта пісьменнікі забываюцца на тое, што наша літаратура павінна быць усё ж такі нацыянальнай па форме – гэта так. А за абразу можаш атрымаць.Маркіч ухмыльнуўся:– Не так гэта ўсё нявінна было, студэнт Берасневіч. А хто крытыкаваў сучасную нацыянальную палітыку? Хто казаў, што ёсць улюбёнцы і занядбаныя дзеці?Берасневіч глянуў на Паўлюка. Паўлюк збянтэжана знізаў плячыма: было ясна, расказаў не ён.– Ну што ж, – проста сказаў Берасневіч, – адмаўляцца не буду, казаў. Хіба мала ў нас такіх абураючых фактаў? Я ведаю, гэта “ад лукавага”. Міне год-два, і гэтага з ліхтаром не адшукаеш. Напрыклад, антысемітызму.– Не, ён назваў гэта шкодніцтвам, – захрыпеў Маркіч.Што было сказаць на гэта? Гэта быў пяцьдзесят другі год, пра Берыя ў той час, як вядома, не чулі, і нават праз год яшчэ Чудзікаў зрэзаўся на іспытах, не ведаючы пытання: “Адзнакі сацыялістычных нацый у азначэнні Л. П. Берыя”.Берасневіч не адказаў нічога, замест гэтага ён спытаў:– Падножкі ставіш?– Што ты! – жахнуўся Маркіч.– Слухайце, таварышы, ён лічыць мяне ворагам. Але я пасля збораў падыду да яго, пацісну яму руку, бо зусім не перастаў лічыць яго чалавекам. Я яго люблю, ён мне дарагі, і я хварэю за яго сэрцам сваім.– “За кого ж ти розип’явся, Христе, сине божий?” – голасна прачытаў Янка радок з Шаўчэнкі. – За Маркіча?Недзе зарагаталі, але Мікола Касмач, ледзь стрымліваючы ўсмешку, загрукаў алоўкам па графіне:– Ціха! Выведу, Галавень.Не ўсміхнуліся толькі ў асяроддзі Маркіча. Каму даводзілася бачыць такі тып людзей, той ведае, што гумару яны арганічна не разумеюць.Лунінецкая, калі пачула словы Маркіча, упершыню з цікавасцю паглядзела на Берасневіча.– Дазвольце мне, хоць я даўно выйшла з камсамольскага ўзросту, сказаць слова. Вы, таварыш Маркіч, супярэчыце самому сабе. Калі чалавек, як вы кажаце, нацыяналіст, дык праявы ў нас антысемітызму гэта зусім не яго клопат. Выходзіць, што гэта не нацыяналізм. Што ж гэта такое? Можа, проста патрыятызм, інтэрнацыяналізм, павага да ўсіх народаў?Маркіч спудзіўся. Ён унікаў спрэчак з выкладчыкамі.– Добра, магчыма, што мы тут памыляемся. Я буду гаварыць далей. Спачатку я скажу пра тое, што чуў я сам. Ён вінаваціў нашу навуку, казаў, што ў пытанні пра аспірантуру часта ўлічваюцца не веды, не талент чалавека, а блат.