У снягах драмае вясна

– Гэта не сакрэт, – заўважыў дэкан. – Ёсць у нас і такія выпадкі.– Няхай так, – выкруціўся зноў Маркіч, – але слухайце далей. Ён казаў, што хуліганства ў нас ёсць таму, што мы не звяртаем увагі на выхаванне людзей, казаў, што хуліганы – гэта дзеці адказных работнікаў, паклёпнічаў на лепшых сыноў нашай краіны. А наконт таго, што ён не любіць нашай рэчаіснасці, гэта ведаюць усе. У інтэрнаце нават паставілі фарс, у якім не без падставы называлі яго “жыхаром шаснаццатага стагоддзя”.Гэтага мала, таварышы, я скажу яшчэ вось што: гэта чалавек, які пагарджае нашай філасофіяй, чытае Ніцшэ і, відаць, бярэ з яго рэакцыйнай філасофіі многае.Берасневіч, узрушаны і абураны, як кожны, хто чуе, як яго словы перакручваюць і бессаромна хлусяць пра самую яго сутнасць, хацеў было крыкнуць, але ў яго сціснула глотку. Сціснуўшы кулакі так, што пабялелі суглобы пальцаў, ён глянуў на Алёнку. Тая слухала амаль са слязамі на вачах, і з гэтага імгнення Берасневіч раззлаваўся па-сапраўднаму, вырашыў, што змяшае Маркіча з зямлёю, няхай ён толькі скончыць.– Ён лічыць сябе звышчалавекам, грубы з сябрамі, пры мне сказаў, што не падасць таварышу Галаўню рукі за нявінны жарт. Ён, гэты так званы чалавек, лічыць людзей толькі прыступкамі, па якіх можна падняцца. Гэта добра ведаюць тыя, што сядзяць зараз поруч з ім.– Хто гэта? – абурыўся Янка. – Мы? Я быў вінаваты, я абразіў яго гэтым ідыёцкім, хлуслівым фарсам... I мы ведаем, што Берасневіч аддасць апошняе сябру, а не...Касмач зазваніў у графін. Янка сеў на месца.– Далей, таварыш Маркіч.– Ён лічыць, што на лекцыі могуць хадзіць адны “шарачкі”, што для яго, вялікага, гэта занадта нізка. Мала таго, калі я пачаў размаўляць з ім пра гэта, ён абразіў брутальнымі словамі нашага паважанага лектара, Івана Аляксандравіча Пірагоўскага, злосна кпіў з прафорга Капасевіч, смяяўся над лекцыямі выкладчыка, паважанага таварыша Холадава.– Якія ты сам называў “курсам гамілетыкі”! – голасна крыкнуў Жэнька.Маркіч нават не пачырванеў:– Так, таварышы, такое было. Я не веру ўласным вушам, але было, было. О, каб гэта было выдумкай – як бы лёгка стала ў мяне на сэрцы, як лёгка! Але гэта так. Ніцшэ ён чытае, а вось як ён адказвае на семінары ў таварыша Холадава, гэта чулі ўсе. Ён не хоча, паўтараю, не хоча вучыць марксізм.Нехта войкнуў. I сапраўды, удар быў жахлівай сілы. А тут яшчэ сунуў свае тры грашы Холадаў:– Гэта так. Я гэта даўно заўважаў. Энгельса ў памылцы абвінаваціў.– Дык вось, – загрымеў Маркіч. – Я яшчэ не скончыў, але спытаюся ў вас, ці месца такому чалавеку ва універсітэце і ў камсамоле? Не ведаю, не ведаю, але вырашыць усё, вядома, група.I ён трыумфальна паглядзеў на пярэднія рады. Студэнты сядзелі збянтэжаныя, а многія, відаць, зразумелі, што ўмяшацца ў справу зараз будзе небяспечна. Таму маўчалі.– Скажу цяпер пра тое, што я чуў ад іншых. Аднойчы, яшчэ ў мінулым годзе, Берасневіч размаўляў з адным студэнтам і абураўся, што не даюць чытаць буржуазных кніжак. Пасля гэтага назваў нашых людзей цемрашаламі і дзікунамі і абураўся нацыянальнай палітыкай.– Цікава, скуль ты здабыў такія свежыя звесткі? – спытаў Паўлюк. Вочы яго палалі, зморшчына на лобе яшчэ больш рэзка азначылася. А Маркіч меў выгляд баксёра, які зараз удала накаўтуе праціўніка.– Ёсць і сведак. Устань, Сяляўка.Сяляўка ўстаў, вялікая пакута была на ягоным млявым твары. Ён глядзеў на вузкі лоб Маркіча, на тытунёвыя самазадаволеныя вочы і вагаўся, чырванеў, маўчаў.