У снягах драмае вясна

– Чуў ты гэта ці не?! Праўда гэта ці няпраўда?! Сяляўка ледзь выціснуў:– Праўда, але не зусім.– Праўда гэта ці не?!– Праўда, але ён...– Усё, усё ясна, – адрэзаў Маркіч. – Сяляўка мне гэта яшчэ тады сказаў. Факт засведчаны! Цікава, што ён скажа зараз?Берасневіч падняўся, пабачыў на сабе зацікаўленыя позіркі, глянуў на выкладчыкаў. Відаць, і яны завагаліся, глядзелі на яго з чаканнем, магчыма, нават непрыязна. Ён перавёў позірк на Алёнку і жахнуўся: нават яна глядзела на яго з жахам і гідлівасцю. Ён вінавата ўсміхнуўся і паспрабаваў быў пакласці сваю далонь на яе руку, якая ляжала на стале, але яна адсунула яе.– Не кранайся, – сказала яна. – Ілгун.Добра, што было цёмна і ніхто не заўважыў, але Берасневіча як быццам бабухнула па галаве, і рознакаляровыя кругі закруціліся перад вачыма. Замест таго каб казаць па прадуманаму плану, ён сеў на месца.– Я не буду гаварыць. Ён ілгун, несумленны, нядобры чалавек.Гэты ўчынак зрабіў тое, што і частка студэнтаў абурылася. Нехта сказаў голасна:– Што ж гэта ён, лічыць за нізкае адпавядаць нам?Берасневіч пабачыў зларадную ўсмешку на твары Маркіча, і гэта дало яму сілы.– Не, таварышы, я не лічу за нізкае адказваць калектыву. Паўтару толькі: ён ілгун. Вы ўсе былі сведкамі маёй размовы з таварышам Холадавым і ведаеце, у чым сутнасць справы. Я не вінаваты.I ён коратка расказаў пра сутнасць тых сваіх учынкаў, на якія выступіў з рушэннем Маркіч. Растлумачыў пра нацыяналізм, пра абразы таварышаў і ніцшэанства, пра адносіны з Холадавым. Апавяданне было кароткім. Моцны чалавек, ён не мог абараняцца ад несправядлівасці, ужываючы хлусню і забароненыя прыёмы. Да таго ж і Алёнка...– Н-няма чаго казаць, тактыка, – прагаварыў чырвоны Холадаў, – не прызнаваць сябе вінаватым. Нахабства нейкае.– Не, гэта не нахабства. Калі я размаўляў, можа, занадта рэзка, дык і таварыш выкладчык мяне абразіў. I я зусім не казаў пра памылку Энгельса, я казаў, што гэта гучыць як быццам памылкова з нашага, сучаснага пункту гледжання, бо марксізм развіваецца, ён не догма. I што сказаць у адказ на беспадстаўныя словы, што я не жадаю вывучаць марксізм? Гэта так бязглузда. Як гэта я магу не жадаць трымаць у руках ключ да гісторыі грамадства? Мяне ведаюць мае сябры, яны ведаюць, як я старанна заўсёды гатуюся да семінараў, яны ведаюць, што я няблага ведаю прадмет. Таварыш Маркевіч, напрыклад, ніколі не крыўдзіўся на мяне за тое, што я хачу думаць, што я разважаю, што я ведаю творы варагоў таксама. I вы ведаеце мяне, вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага ўчынку, які можна было б назваць варожым учынкам, учынкам чалавека, які ненавідзіць нашу рэчаіснасць. Маё жыццё чыстае перад камсамолам, перад дзяржавай. Калі я думаю, што ёсць у нас яшчэ цемрашалы, якія імкнуцца парушыць еднасць нашых народаў, – я кажу гэта проста ў вочы, і гэта не азначае, што я лічу цемрашаламі ўсіх. Калі я люблю сваю радзіму – гэта яшчэ не нацыяналізм. Я кажу адверта, што люблю. I пра парадак прыёму аспірантаў я казаў, і мяне падтрымаў таварыш Грушэвіч. Адказваць на тое, і што я з пагардаю стаўлюся да людзей – непатрэбна. Няхай скажуць усе, ці быў я дрэнным сябрам, ці схаваў я апошняе, калі ў мяне нешта было? Ніхто не кіне ў мяне камень. Вы гэта зразумееце, а тыя, што наўмысна жадаюць перакруціць мае словы і ўчынкі, тых мае словы не пераканаюць.Маркіч закруціўся, ён бачыў, што прамова Берасневіча зрабіла ўражанне, што Берасневіча сапраўды ведаюць і любяць, і таму нанёс апошні ўдар, прыгадаў тое, ад чаго толькі Берасневіч і не мог апраўдацца: