У снягах драмае вясна

Берасневіч таргануў дзверы – замкнёныя.– Хто? Ат, чорт. Заходзь хутчэй.Яшчэ больш дзіўна. Скуль такія меры засцярогі?Ён зразумеў усё, калі яго пусцілі. У пакоі адбывалася “піраванніца, пачэсцен пір”, і сябры замкнуліся ад каменданта. Перад вачыма яго паўстаў малюнак: стол, на якім стаялі тры бутэлькі з віном і батарэя піўных бутэлек. Тут жа ляжалі хатняе сала і каўбаса, хлеб, нарэзаны на газеце, патэльня з бульбай.За сталом сядзеў увесь “інтэрнацыянал”. Перш за усё сябры Уладзіслава па пакою, Паўлюк Матусевіч і Янка Галавень (трэцяга, Рыгора Сяляўкі, не было), і таварышы з пакоя “20 Б”, “дэмакраты”: албанец Коча Біхіку, палякі Юрась Бжэжэк і Ян Уважны, карэец Се Ман (або проста “Сымон”), украінец і рускі.Частку бутэлек, відаць, паспелі прыбраць, бо сябры былі “пад чаркаю”, а Бжэжэк нават даволі моцна п’яны.Берасневічу налілі “разгонную”, і Уважны, сухі і жоўты хлопец “з гураляў”, сказаў яму, праціраючы акуляры (вочы без іх былі вялікія і дзіўна добрыя):– Намучыліся з ім. Толькі што спяваў арыю Галькі і збіраўся скокнуць у бездань, то-бо ў акно. Павялі было гуляць, дык ён, халера, пачаў уяўляць, што ён “штукач”: раскінуў рукі, як крыллі, бурчыць і ўсё намагаецца пікіраваць галавою на брук.– Do jasnej cholery! – лямантаваў між тым Бжэжэк.– Сёрт, хлёпцы, вядзіце вы яго спаць, – сказаў Се Ман.Бжэжэку стала шкода сябе, віно было “сумнае”, і ён заплакаў.Берасневіч цыкнуў на гуляк і падсеў да яго:– Ну кінь, кінь. Я ведаю, ты зусім не п’яны. Кладзіся, хлопча, вось тут, давай з тобою паразмаўляем. А гэтым падшывальцам мы заўтра галаву скруцім. А ты ведаеш што? Раскажы ты мне лепей вершы. Ты ж ведаеш…– Ведаю. Я ўсё ведаю.І Бжэжэк пачаў качаваць ад “Кветак Польшчы” Тувіма да вершаў Галчынскага, мімаходам чытаючы розную лухту і намагаючыся час ад часу спяваць на танцавальны матыў макабрычную змрочную песню, якая ў перакладзе на беларускую мову гучэла прыблізна так:

У магіле цёмнай у-ся, сю-ся

Спачыў навекі оля-ля,

Вяцягнуў ногі ў-ся, сю-ся,

Закрыў павекі тру-ля-ля.Паступова голас ягоны стаў заміраць, і хутка ён ужо спаў, зусім як дзіцёнак, падклаўшы пад шчаку далонь.Берасневіч падсеў да стала.– Зараз да наступнага дня праспіць, – сказаў Уважны. – Мы яго перацягнем.– Не трэба, – сказаў Берасневіч. – Гэта мой ложак, а я сёння не буду, не магу спаць. І вы, хлопцы, таксама добрыя. Ведаеце, што ў яго арганізм слабы, а дражніцеся. Вам нічога, вы унь якія здаровыя кабаны.І ў пакоі з аскетычна голымі сценамі і манастырскімі ложкамі, прыдатнымі толькі для ўтаймавання плоці, зноў пачалася вясёлая гулянка.Цэнтрам увагі стаў памалу Янка. Круталобы, вельмі сухарлявы, ён меў талент вялікага коміка і мог лёгка імправізаваць вершы. Твар яго, жывы і рухавы, мяняўся на вачах, і кожны выраз яго прымушаў смяяцца.Смяяліся усе, толькі Паўлюк сядзеў апусціўшы галаву. Ён наогул рэдка смяяўся, гэты Паўлюк, хіба што ў кутках рота з’яўляліся дзве коскі, і тады ўсё можна было аддаць у адказ на гэтую мілую, трошкі вінаватую ўхмылку. Ён быў моцны, хаця тонкі, але фігура яго чамусьці пакідала ўражанне вытанчанай, прыгожай кволасці. На стройнай шыі сядзела галава, з якой нават лепшаму мастаку не сорамна было б пісаць партрэт. Бровы чорныя, рэзкія, чысты лоб перарэзаны ад пераносся зморшчынкаю. І вочы, вочы былі надзвычайныя, цёмныя і прыгожыя, як у каровы.