У снягах драмае вясна

– Ты яшчэ пра шкодніцтва раскажы.Берасневіч ведаў, што няпэўны адказ дасць Маркічу і Холадаву радасць, але не мог прыдумаць нічога. Ён маўчаў. Нельга ж было сказаць, што ён і зараз думае так. Маўчаў і зал, адчуваючы, што ўдар быў смяротным.Маркіч з трыумфальным выглядам павярнуўся да Сяляўкі, які сядзеў са змярцвелым пакутніцкім тварам:– Праўда гэта ці не, Сяляўка? Гаварыў ён такое ці не?Сяляўка ўстаў, крыва пасміхаючыся, паглядзеў на Маркіча, на Берасневіча. Твар яго стаў белым і жорсткім.– Ну дык як? Як? – дамагаўся Маркіч.– Падла ты, злодзей! – нечакана загрымеў, несамавіта закрычаў Сяляўка, адразу пераходзячы на віцебскі дыялект. – Такім свінням, як ты, у вочы пляваць трэба! Нашто топіш добрага чалавека, дрэнь?Таму што чалавек закрычаў так утрапёна ў першы раз за тыя гады, што яго ведалі, усім стала страшна. Усе адчулі, робіцца нешта неймаверна гнюснае, але адчулі толькі на хвіліну.Звон алоўка.– Рыгор, навучыся трымаць сябе. Агіднасць якая! Маўчы!– Няма чаго, Касмач, мне маўчаць! Ты вось зараз і Уладзіку спачуваеш і Маркіча баішся, хвост па ветру! На тваіх вачах чалавека без нажа рэжуць!!! Што ж ты сабе думаеш?Зноў звон алоўкам.– Я не буду з табою спрачацца. Маўчы пакуль што, – сказаў Касмач....Выступаў пасля гэтага Холадаў і гаварыў разгромную для Берасневіча прамову, гаварыў дэкан, які толькі і сказаў, што ў Берасневіча не ніцшэанства, а самаўпэўненасць.Справы Берасневіча рабіліся ўсё горшымі і горшымі.Група маўчала. Маркіча баяліся, бо ведалі: такі здатны на ўсё.Гаварыў і Паўлюк, гаварыў у лірычным тоне і скончыў на тым, што сказаў: “Не той герой і камсамолец, хто мянціць языком, а той, хто камень над сябрам падтрымае”.Маркіч толькі ўсміхнуўся ў адказ на гзта і сказаў з нядобрай грымасаю:– Гер-рой. Гэта ён, Берасневіч, яго падвучыў сказаць такое. Бачыце, адны толькі яго сябры і выступаюць.Чорныя бровы Паўлюка таргануліся.– Я шкадую, што мы тут, на зборах, у прысутнасці выкладчыкаў. За такія словы ў прыстойнай кампаніі б’юць па мордзе. Гніда ты!Паўлюка прымусілі пакінуць аўдыторыю за сваю грубую выхадку. Словам, ён яшчэ больш сапсаваў і без таго не бліскучую справу.Папрасіла слова Капасевіч толькі дзеля таго, каб паручыцца за Маркіча сваім партыйным сумленнем, пасля чаго Маркіч сказаў толькі:– Я не крыўджуся на абразы з боку такіх людзей, як Берасневіч. У яго ўсё толькі ў асабістых інтарэсах. Ён згадзіўся б, каб правалілася ўся зямля, толькі б быў яго дамок і садок і каханая жонка поруч.Берасневіч ледзь не крыкнуў, што гэта перакручаныя словы яго ліста, які не дайшоў да Алёнкі, што, відаць, ліст гэты ўзяў Маркіч, але паглядзеў на сухі, невыразны і жорсткі твар Алёнкі і... нічога не сказаў. Каму гэта было патрэбна зараз? Ён усё адно не назаве яе імя, а значыцда, заява будзе галаслоўнай, яшчэ падумаюць, пгго ён гэта зрабіў для таго, каб скампраметаваць Маркіча. Не трэба.А Маркіч паглядзеў на студэнтаў, зрабіў суровы выраз на твары і сказаў разважліва:– Ну што ж, справа, здаецца, ясная. У каго будуць якія прапановы наконт студэнта Берасневіча? У вас, Капасевіч?– Так, у мяне, – засакатала Марыя. – Мне здаецца, што такім людзям не месца ні ў камсамоле, ні ва універсітэце. Берасневіча трэба выключыць з камсамола і хадайнічаць перад рэктарам аб выключэнні яго з універсітэта.– Ну не, – прабурчэў даволі голасна Янка. – Я чакаў, я ўсё вагаўся, але цяпер бачу, з мярзотнікамі можна ўжываць і забароненыя між сумленнымі людзьмі прыёмы.