У снягах драмае вясна

Ён устаў і папрасіў слова. Той-сёй загадзя засмяяўся, але хутка ўсмешкі зніклі. У Янкі быў такі надзвычайны твар, што многім стала непрыемна. Вялікі лоб пайшоў зморшчынамі, вочы глядзелі жорстка і суха, і нават сухарлявасць здавалася не камічнай, а велічнай.– Я доўгі час думаў, – пачаў ён ціха, – выступаць мне або не выступаць. Уласна кажучы, тое, што я зараз зраблю, называецца на мове сумленных людзей подласцю, тым больш што я сам далёкі ад артадаксальнага пункту гледжання ў гэтым пытанні. Але, пакуль я вагаўся, здарылася тое, што можна кваліфікаваць як подласць. Сумленнага, сапраўднага чалавека збіраюцца выключаць. Таму я не вагаюся больш. Подласць дык подласць. З праціўнікам трэба біцца ягонай зброяю. Яшчэ больш узмацніла мае намеры тое, што гэты суб’ект напаў без абвяшчэння вайны, не паразмаўляў спачатку з Берасневічам па-сяброўску, не паспрабаваў пераканаць яго. Значыцца, гэта не ўчынак камсамольца, які дбае пра перавыхаванне сяброў, а нешта накшталт нажа ў спіну.Ён змоўкнуў на хвіліну. Напружаная ціша стаяла ў аўдыторыі: усе адчувалі, што гатуецца нешта сур’ёзнае. Янка выцер хустачкай рот і спытаў у Марыі Капасевіч:– Дык значыцца, калі толькі мяне не падвёў слых, ты ручаешся сваім партыйным сумленнем за гэтага чалавека? То-бок за Маркіча, прабачце.– Ну вядома, я ж сказала гэта.– I, значыцца, ты ручаешся, што ён не здатны на подласць, што ён нічога не скрывае ад нас, што ён увесь як на далоні перад намі?– Н-ну, в-вядома, – закруцілася Капасевіч, адчуваючы, што гатуецца нешта нечаканае.– I гэта добра, – сказаў з ледзяным спакоем Галавень. – Я, між іншым, таксама, як вы ведаеце, член партыі, член партыі ўжо чатыры гады (маю, значыць, роўна ў чатыры разы большую школу партыйнай вывучкі, ніж ты, Марыя), але тут мы прытрымліваемся, на жаль, розных пунктаў гледжання з таварыш Капасевіч. Я лічу, што ручацца партыйным сумленнем за чалавека, якога дрэнна ведаеш, гэта трошкі, я б сказаў, дзіўна і наўрад ці сумяшчальна з прабываннем у радах партыі. Н-да. Ёсць іншыя прадстаўнікі камсамольскіх важакоў. Яны працуюць, адбудоўваюць шахты, вучацца, а не займаюцца плёткамі на зборах. Што ж, нам не пашанцавала, мы трапілі ў месца, дзе такіх выявілася мала. Прыкра, але гэта не значыць, што не ў нашых сілах змяніць становішча.Ён зноў змоўкнуў, і гэта паўза была таксама мёртвай. Хмары так згусціліся, што ўсе з нецярпеннем чакалі ўдару перуна. А Янка зноў загаварыў усё з тою ж павольнасцю, частымі паўзамі і паважнай грунтоўнасцю:– Я даўно меў падставу чакаць гэтых збораў, ведаючы некаторыя асаблівасці адносін паміж студэнтамі Берасневічам і Маркічам. Праўдзівей кажучы, адносін Маркіча да Берасневіча. Ведаючы гэта, я схільны быў прадбачыць найгоршае, трошкі ведаючы асаблівасці натуры студэнта Маркіча. У той самы час я папярэдзіў Берасневіча, які, я не скрываю, з’яўляецца маім другам, але Берасневіч сказаў мне, што Маркіч добры, хаця і трошкі дакучлівы чалавек і ні ў якім разе не здатны на подласць. Шкадуючы дзіцячую наіўнасць таварыша Берасневіча, я вырашыў засцерагчы яго ад небяспекі насупор яго рамантычнаму жаданню. За гэтыя месяцы я ўзвёў вакол яго такія-сякія ўмацаванні. Мне хацелася б выкласці тут сутнасць слоў таварыша Берасневіча, якую з такой красамоўнай палкасцю перакручваў тут Маркіч, але думаю, што я паспею зрабіць гэта ў пісьме на адрас партыйнага бюро універсітэта. Партыя разбярэцца, хто тут сапраўдны, неартадаксальны камсамолец, а хто нягоднік вышэйшай маркі. А пакуль што я хачу спытаць, ці ведаеце вы, хто бацька Маркіча? Я ведаю, вы скажаце, што ён быў партыйным работнікам і памёр у 1934 годзе. Праўда, так значыцца ў дакументах, якія таварыш Маркіч здаў ва універсітэт. Я, аднак, не паленаваўся навесці спраўкі, і выявілася, што яго бацька быў арыштаваны ў 1937 годзе і памёр у 1938 годзе. Цікавая біяграфічная падрабязнасць, праўда? Толькі чамусьці яе няма ў нашых дакументах.