У снягах драмае вясна

I тут голас Янкі нечакана загрымеў: – Дык чаму ж ён зрабіў такое? Чаму ўтаіў гэта ад нас? Баяўся? Не, проста не верыў нам. А ў нас, між іншым, дастаткова добрыя мазгі, каб зразумець розніцу паміж бацькам і сынам. I ты, Марыя, будзеш яшчэ казаць пасля гэтага, што гэты чалавек перад намі як на далоні, будзеш ручацца за яго сваім партыйным сумленнем? А чым ты паручышся зараз, што ён не ўтаіў яшчэ які-небудзь факт біяграфіі, што ён не кар’ерыст, што ён не топіць Берасневіча з прычыны нізкай злосці. Я добра ведаю гэта, калі-небудзь зразумееш і ты. Ён, Маркіч, ведаў памылкі Берасневіча, якіх у таго не было, яшчэ ў мінулым годзе. Чаго ён не паразмаўляў з ім, не засцярог? Таму што хаваў камень за пазухай да зручнага выпадку? А можа, і зараз толькі таму паспяшаўся, што ведаў, хутка вернецца Маркевіч, які не дасць крыўдзіць сумленнага, удумлівага камсамольца? Ты подла зрабіў, Маркіч. Чаму? Можа, жадаў адвесці ўвагу ад сябе, улезці па трупах іншых у царства нябеснае? Не ведаю. Але ведай ты, у нас заўсёды знойдзецца чалавечая літасць, каб падумаць у такіх выпадках, як твой, нягледзячы на тое, што там было з тваім бацькам, быў ён вінаваты ці не. Няшчасная маці! Няшчасныя дзеці! Але калі гэтыя дзеці забываюць на ўласны боль, забываюцца на ўласнае сумленне, забываюць усё – і топяць сапраўдных людзей, сваіх сяброў, топяць з карыслівай мэтай, забыўшыся, што чалавеку можа быць балюча, – такіх “дзяцей” шкадаваць нельга. Гэта ўжо не людзі, а бруд.I ён сеў. Цішыня ўсё яшчэ стаяла ў зале, мёртвае маўчанне. На Маркіча жахліва было глядзець, такі разбіты ён сядзеў. Капасевіч сядзела як вылупцаваная. Але Касмач, якога, відаць, пакрыўдзіла прамова Янкі, тым больш што ён сам згадзіўся на тое, каб Маркіч праводзіў зборы, зрабіў Галаўню заўвагу за грубы тон яго выступлення, і гэта надало Маркічу сілы. Разумеючы, што зараз трэба змагацца, змагацца, што б там ні было, ён сказаў з высакароднай мінаю:– Мой бацька быў дзяржаўны злачынец, подлы чалавек. Я буду даваць тлумачэнні каму трэба з гэтай прычыны. Я зрабіў дрэнна, каюся. Але ж і ён назваў шкодніцтвам тое, што мы любім. Таму я яшчэ раз кажу, яго трэба выключыць.Але як толькі ён вымавіў слова “выключыць”, зборы, быццам абуджаныя, залютавалі:– Ганьба!!!– Нам не верыш, скрываеш – і такога патрабуеш.– Досыць! Накамандаваўся!– Самага шчырага хлопца...– Маркіча замест яго выключыць!– Ну-ну, ты глупства не плявузгай таксама. Усё ж і Берасневіч вінен.– Трохі заганарыўся.– Заганарыўся? Лабідуда ты. Дай бог кожнаму так заганарыцца.– Не абаронім яго, дык Маркіч і нас заўтра выключыць, адзін у камсамоле застанецца... Сам п’ю, сам гуляю, сам кірую, сам выконваю.Маркіч здзівіўся не на жарты. Зборы як падмянілі. Ён прывык, што апошнія год ці два яны маўчалі мёртвым маўчаннем, удавалася рабіць усё, што жадаў. I вось раптам. I ўсё гэты Янка.Ён не разумеў, што яго дробязнае, прыдзірлівае, ханжацкае абыходжанне з сябрамі астабрыдла ім, што Янка зрабіў толькі першы ўдар ломам, а далей вада пайшла сама. I вада зрабіла тое, што не мог зрабіць Янка. Мікола Касмач, які быў, нягледзячы на дабрыню, вялікім дыпламатам, доўгі час прыслухоўваўся да крыкаў і пасля, відаць, зразумеў, што Маркіч сваёй прапановы не правядзе, спыніў іх і сказаў з дакорам:– Цьху! Ну й загнуў ты, таварыш Маркіч. “Выключыць”. Ты кажы, ды ведай меру.I, відаць, прыпамятаў ранейшыя добрыя адносіны да Берасневіча, сказаў: