У снягах драмае вясна

– Выключаць яго нельга. Калі такіх выключаць, дык хто ў камсамоле застанецца. I з універсітэта –таксама. Скончыць – працай у школе дакажа, хто ён. I я не думаю, каб ён працаваў горш за цябе.– А павучыць трошкі варта. Я, напрыклад, прапаную даць Берасневічу строгую вымову... з папярэджаннем.– За што? – голасна спытаў Янка. – За паклёп ілгуна?– Перастрахоўшчык ты! А раптам усё ж у Берасневіча ў кішэнях гаўбіцы, а пад партаю полк узброеных нягоднікаў “Камплот вызвалення студэнтаў ад хлеба”, – буркнуў Жэнька.Але іх не падтрымалі. Зборы, давольныя тым, што Берасневіч застанецца ва універсітэце і ў камсамоле, на гэты раз не спрачаліся. За вымову прагаласавалі большасцю ў тры галасы.– Такім у аспірантуры не месца! – паспрабавала крыкнуць Марыя Капасевіч, але гэта была ўжо зусім бязглуздая, злосная выхадка, і яе папрасілі змоўкнуць, хоць многія сапраўды думалі, што аспірантуры Берасневічу цяпер не бачыць як сваіх вушэй.– Можа, Берасневіч хоча што-небудзь сказаць? – спытаў дэкан. Берасневіч устаў бледны, як крэйда, ад крыўды.– Вы нядобра зрабілі, таварышы. Радуецеся, што мяне не выключылі? Лепей бы сапраўды выключылі, мне было б лягчэй. Гэта ж паклёп. I вы мне псуяце будучае і адносіны з людзьмі.– Завёў паніхіду, заплакаў, – заўважыў Маркіч. Сэрца ў Берасневіча сапраўды плакала, але сказаў ён апошняе слова цвёрда:– Я не крыўджуся. Але вы пашкадуеце ў душы, што далі волю несумленнаму чалавеку... Звон па графіне.– ... які зрабіў мне такое з прычын, пра якія я не магу сказаць, але якія я зразумеў. Я ведаю і веру – такія людзі не вечныя ў маім камсамоле, маім, чуеце, маім, што б ні было. I калі гэтых кар’ерыстаў і ханжоў выкінуць з яго – узрадуецца сэрца ва ўсіх добрых камсамольцаў. Так будзе, бо нельга спекуляваць на такіх словах, як “камуна”, “камсамол”, а такіх, хто ўсё ж спекулюе, такіх не будуць проста выдзіраць з поля (як гэта істота сёння хацела зрабіць са мною), ім проста будуць адсякаць хвост па самую галаву. Я не забуду толькі аднаго: вы сёння маўчалі, некаторыя проста не спрачаліся, хоць ведалі – робіцца несправядлівасць. Вы дрэнна зрабілі, хлопцы, мне сорамна за вас.Зборы скончыліся хутка і непрыкметна. Сапраўды, многім стала сорамна. Адчувалі, што зрабілі нешта несумленнае. Уладзіслаў паспрабаваў знайсці Алёнку, але яе не было, пайшла дадому. Янка загаварыў з ім – ён адказваў машынальна. Сяляўка падышоў да яго з прабачэннямі – Берасневіч паглядзеў на яго і сказаў:– Нічога, нічога, хлопча. Ты добры сябра. Толькі рабіся цвёрдым. Сёння яны ледзь не зацягнулі цябе на ўчынак, якога ты мог бы саромецца ўсё жыццё.I пайшоў у запаветную алею, думаючы, што, можа, Алёнка чакае яго. Але Алёнкі не было і там.Першае жоўтае лісце каштанаў пачынала аблятаць на алею.

XVIIУ першы дзень пасля збораў Алёнка яшчэ размаўляла з ім, хоць і была вельмі стрыманай, але пасля пачалося нешта дзіўнае і зусім не зразумелае. На месцы спатканняў яе ўжо не было разы тры, з лекцый яна знікала так нячутна, што нельга было ўгледзець.Аднойчы ён усё-такі дагнаў яе, але яна была з сяброўкамі, якія ішлі з ёю да самага дома. Другі раз была адна, але сказала яму, што зараз невядома які час будзе адразу спяшацца дадому, бо захварэла маці. I пры гэтым глядзела на яго вялікімі, спужанымі вачыма, на дне якіх адбіваўся прытоены боль.А потым цэлы тыдзень яе зусім не было на лекцыях, відаць, зразумела, што Берасневіч вырашыў якраз у гэтыя дні паразмаўляць з ёю шчыра і да канца, што б там ні было. На лісты яго не адказвала, да дзвярэй на званкі ніхто не падыходзіў: як быццам кватэра вымерла.