У снягах драмае вясна

Знерваваны, замучаны, ён вонкава трымаўся малайцом, нават жартаваў з Янкам, але Галавень быў добрым сэрцаведам, і ад кожнага жарту Берасневіча ў Янкі аж сціскала нешта ў грудзях ад жалю.Ніхто нічога не заўважаў, лічылі, што Берасневіч нават бяздушна, нячула ставіцца да таго, што адбылося на зборах.I зноў дзіўная справа: цераз некалькі дзён сябры з групы (за выключэннем Янкі і Паўлюка ды, можа, некаторых, якія маўкліва спачувалі) пачалі як быццам не заўважаць яго, не размаўляць, хутка праходзіць паўз яго пры сустрэчах. Ён губляўся ў меркаваннях і здагадках, але так нічога і не мог зразумець. А калі раз ці два спытаўся ў сяброў пра прычыну гэтага – тыя адказвалі неяк падазрона хутка: – Ды не, не, што ты! Гэта табе здалося.Нават Паўлюк пачаў нешта падазраваць, паспрабаваў паразмаўляць з некаторымі сябрамі – без вынікаў.Берасневіч трымаўся, але аднойчы ўначы пачаў трызніць, назваў імя Алёнкі і нават разрыдаўся ў сне. Гэта жахлівая штука, калі мужчына, які стрымліваецца, які нават забыўся, калі даводзілася яму плакаць, пачынае рыдаць у сне. Паўлюк і Янка доўгі час сядзелі ля ложка ў цёмным пакоі, пасля Паўлюк перавараціў Берасневіча на правы бок і падуў яму ў лоб. Сонны кінуў трызніць.Янка і Паўлюк селі на Паўлюкоў ложак і накрыліся адной коўдраю. Янка абхапіў рукамі калені і, гледзячы на нязграбныя свае ступні ў так-сяк зацыраваных шкарпэтках (ён толькі што прыйшоў), сказаў Паўлюку шэптам:– Ведаеш, браце, я сёння бачыў гэты флюгер у сукне ў горадзе. I ведаеш з кім? З Маркічам, братка.– I яна была вясёлая?– Не, брахаць не буду, сумная была. Але гэта ўсё адно. Не дажыў я яшчэ да таго часу, каб над маім лепшым сябрам смяяліся дзяўчаты. А калі дажыву – можаш плюнуць мне ў морду, вось што.– Трэба паразмаўляць з ёю, – ціха сказаў Паўлюк.Янка паглядзеў на вочы сябра, прыгожыя, як у каровы, бліскучыя нават у цемры, і сказаў:– Я б паразмаўляў, калі б не мая рэпутацыя. Трэба будзе пайсці табе. Ты, чорт, маеш талент: і хлопцы цябе больш як за свайго лічаць, і дзяўчаты таксама.– А калі адмовіцца? – шэптам спытаў Паўлюк.– Ну тады ўжо я, – рыпнуў зубамі Янка, – і няхай трымаецца. Сілком прывяду, дальбог, і буду адказваць хоць і перад судом. Што за конікі такія?!! Калі злуешся на чалавека – растлумач яму, за што. А калі не хочаш, дык ты свіння.I доўга яшчэ яны сядзелі на ложку пад адной коўдраю, напаўголасна размаўляючы пра гэту сумную гісторыю....Наступным ранкам Паўлюк, не ўзнімаючы вачэй, буркнуў Берасневічу:– Я пагавару з ёю. Хочаш?I Берасневіч, нечакана для сябе, згадзіўся. Паўлюк прычапурыўся, апрануў святочныя порткі, папляваў на шчотку, бо ваксы не было, і пайшоў.Яго не было доўга. I гадзіна, і тры, і пяць прайшло, пакуль ён не з’явіўся. А пакуль тое, Берасневіч ляжаў і думаў. Не подласць, не несправядлівасць, не зацісканне рота, не здрада Алёнкі былі самымі жахлівымі ў гэтай гісторыі. Самым жахлівым было тое, што ўсё гэта рабілася вонкава зусім прыстойна і натуральна, рабілася камсамольскім імем. Ад імя камсамола рабілася тое, за што трэба было выганяць з камсамола. I што магчыма было зрабіць супраць гэтага, раз нягоднікі атаясамлівалі сябе з камсамолам, крычалі прыгожыя словы, а былі гладкімі і склізкімі ў сваім ханжастве, як уюны? Лайся – зробяць з цябе хулігана, біся – зробяць злачынцам. Хіба словамі, хіба ўражаннямі, хіба беспамылковай верай, што не такімі павінны быць сапраўдныя камсамольцы, верай, якая ўласцівая ўсяму чыстаму і здароваму, што-небудзь магчыма зрабіць?