У снягах драмае вясна

I імя гэтаму “маркічаўшчына”. I, як усякае ханжаства, маркічаўшчыну нельга, вельмі цяжка схапіць за руку. Яна перафарбуецца, яна самую лепшую, самую светлую мэту зробіць сродкам для кар’еры, яна ніколі не ўступіць у камсамол, калі гэта небяспечна, яна пад час варожай навалы закапае білет у зямлю, але яна затое будзе галасней за ўсіх лямантаваць на зборах, калі небяспека міне. Вось і зараз яна зрабіла такое яму, чалавеку, які жадаў для любімай справы яшчэ большай праўды і магутнасці, для якога палова жыцця была ў гэтай пашарпанай непрыгожай шэрай кніжачцы, што ляжала ў яго кішэні.– Не, трэба біцца. Не, трэба тлумачыць. Хлопцы зразумеюць.Паўлюк вярнуўся позна ўвечары, сеў на ложак, сцягнуў боты. Потым, хаваючы вочы, сказаў:– Уладзік, гэта чароўны, гэта добры чалавек. Ты не памыліўся ў ёй. Але абставіны склаліся так, што табе будзе зараз вельмі цяжка. Кажу табе адверта – мацуйся.Яшчэ да гэтага Берасневіч, па выразу на твары Паўлюка, зразумеў, што ўсё скончана. Але ён мужна сказаў:– Пачынай з самага пачатку.– Ну дык вось, – Паўлюк выцягнуў пачак папярос і няўмела закурыў, трымаючы папяросіну між прамых, як алоўкі, пальцаў. – Я з’явіўся і сядзеў там чатыры гадзіны. Клянуся табе, я так красамоўна гаварыў, як не буду больш гаварыць ніколі ў жыцці. Я расказаў усё, як было. Я расказаў, як завязалася гэта брыдкая справа, я намякнуў, што гэты выпад супраць цябе мае асноваю брыдкую зайздрасць – ты ведаеш якую.– Гэтага не трэба было, – нежывым, роўным голасам сказаў Берасневіч.– I ўсё ж я зрабіў гэта. Але яна сказала, што мы памыляемся, што Маркіч сапраўды пачаў часцей заходзіць, што ён вельмі спачувае, што не крыўдзіцца на цябе, Уладзік, шкадуе нават, што ўзняў гэту справу.– Каб быў сапраўдным камсамольцам, каб быў упэўнены, што я – вораг народа, не шкадаваў бы, – тым самым роўным, як з дрэннага фанографа, голасам сказаў Берасневіч.– Я гаварыў і далей. Я нават сказаў пра твае пакуты. Яна заплакала і плакала вельмі доўга, і нават я павінен быў стрымлівацца, мне было вельмі цяжка. Яна, думаецца, кахае цябе, можа, яшчэ больш, ніж калісьці. Але потым яна сказала, што ты падмануў яе, што ты хаваў такія думкі, пра якія яна не ведала, і каб ведала, ніколі б не пакахала. Сказала, што вёў дваістую гульню, зганьбіў сваё імя, што, калі ты ўжо такі, не трэба было ўдаваць з сябе камсамольца – гэта было б сумленна.Я сказаў ёй, што гэта памылка, распавёў, як яно было, якія твае думкі, але яна, хоць і задумалася спачатку, не вельмі паверыла. I, я думаю, гэта Маркіч. Хто б яшчэ мог надуць ёй у вушы, пераканаць.– Значыцца, яна не кахала, калі паверыла, – з бязмежнай упэўненасцю сказаў Берасневіч.I такая гэта была ўпэўненасць, якую не варта перажываць чалавеку.– Я маліў яе не верыць, я напамятаў ёй усё, што я ведаў. Я сказаў, што яна будзе вінаватая ва ўсім, калі з табою што-небудзь здарыцца.– Са мною нічога не можа здарыцца. З нежывымі нічога не здараецца. Мёртвым спакойна, – з дзіўнай усмешкаю сказаў Берасневіч.I такая гэта была ўсмешка, што Паўлюк спудзіўся.– Но-но, што за дурніцы! Ведаеш, я не буду казаць пра іншае, я пастарэў на два гады, калі выйшаў стуль. Яна сказала, Уладзік, што і зараз пайшла б да цябе, каб была ўпэўнена, што гэта можа дапамагчы, што вы не загінеце разам. А ёй шкода маці...Пасля прыйшлі яе маці і татусь. Яны зразумелі, што тут адбываецца, бо пасля мы размаўлялі ўсе.– I што ж бацька? – драўляным голасам спытаў Берасневіч.