У снягах драмае вясна

– Лаецца і крычыць, каб ты не слухаў бабскае племя. Зваў прыходзіць, крычаў на маці, што яна згубіць дачку і цябе. Што я, крычыць, сляпы, не бачу нічога? Усхамянецеся, крычыць, але позна будзе.– А маці, маці? – з раптоўнай надзеяй палка спытаў Берасневіч. Паўлюк пасуравеў:– Не разумею, як можа такую пані-баранесу дачка любіць.– Не смей, – сказаў Берасневіч. – Яна добрая жанчына, яна добра ставілася да мяне. Не смей.– Ну добра, добра, не буду, – прымірыцельна сказаў Паўлюк, як кажуць да непапраўных вар’ятаў.– Дык вось, для Алёнкі яна самы дарагі чалавек... Я даведаўся, шго Алёнка пыталася ў яе і маці адраіла ёй.– Чаму?– На словах усё тая самая прычына, што ты падмануў Алёнку, выдаваў сябе не за таго... Але я думаю, я схільны думаць па некаторых яе намёках, што яна проста баіцца за дачку. Ты ж зараз, калі справа не зменіцца, звычайны смертны: не аспірант, які падае надзеі, а можа, проста настаўнік у вёсцы. А ў Алёнкі ў будучыні, напэўна, сцэна. Да таго ж цябе ледзь не выключылі... Я паспрабаваў намякнуць на гэта, але Сабіна Аляксандраўна адразу замкнулася, – ох, гэтая ледзяная выхаванасць, гэты абыякава-ветлівы тон!!!Паўлюк сціснуў кулакі і раптам брутальна вылаяўся, упершыню за ўсе гады, што яго ведаў Берасневіч.– Ну чакай, чакай... Вось прыедзе Маркевіч. Я тады зраблю з гэтага холадаўска-маркічаўскага смярдзючага мяса біфштэкс, хоць яго і не захоча есці ніякая свіння!– Што далей? – спытаў Берасневіч. – Чым скончылася?– Бацькі пакінулі нас, бо я вырашыў сядзець хоць суткі. Я доўга размаўляў. Павер, і ты не зрабіў бы больш. Яна сказала, што скончана.– Чаму? – цяжка рухаючы сківіцамі, спытаў Берасневіч, які, здаецца, не вельмі разумеў, пра што пытае.– Я даведаўся пра гэта амаль выпадкова. Справа ў тым, што ёй “даказалі”, што ты... контррэвалюцыянер, што ты... дрэнна скончыш... і гэта будзе хутка.Маўчанне, якое запанавала пасля гэтых слоў, было такім працяглым і цяжкім, што, здавалася, лепей памерці, чымсьці цярпець яго хвіліну. А яны сядзелі так хвіліну. А яны сядзелі так хвілін пяць.Пасля Берасневіч зварухнуўся, і Паўлюк яшчэ раз спудзіўся, такім жорсткім і мёртвым быў яго твар.– Хто?– Хто, хто? – не зразумеў Паўлюк.– Хто гэта ёй сказаў? – з цяжкасцю, вельмі ненатуральна спытаўся Берасневіч.– Маркіч. Плёткі пра гэта ходзяць і на курсе. Усе ведаюць і чакаюць. Мне здаецца, гэта таксама ён пусціў. Той-сёй і адмовіўся з-за гэтага ад размоў з табою. Прабач, дружа.– Я ведаў, – толькі і сказаў Берасневіч і лёг, накрыўшыся з галавою коўдрай.Ён прачнуўся гадзіны ў дзве ночы пасля кароткай дрымоты, прачнуўся ад рэзкага болю ў сэрцы.Нешта трэба было зрабіць, зрабіць неадменна, іначай абурыцца ўсё: справядлівасць, вера, нават самае жыццё. Што ж зрабіць? Забіць сябе? Зрабіць яшчэ і гэты апошні, недаравальны ўчынак? Будзе цемра. Не будзе болю. Гэта добра. Але ж не будзе і надзеі, не будзе і змагання, не будзе сонца і Алёнкі, не будзе камуны, да якой ён збіраўся дажыць. I што яна дакажа, гэта кітайская помста? Скажуць, што пасля праўдзівай крытыкі павесіўся хлюпік са слабай кішкою. У лепшым выпадку адказнасць Маркіча па суду. I, галоўнае, Маркіч будзе жыць, Маркіч будзе радавацца яго смерці, Маркіч будзе таемна выскаляцца. Не, так немагчыма. Трэба яшчэ пазмагацца.Вось стол, на стале папера. Здаецца, ёсць і канверт. Пісаць, неадменна пісаць. Пісаць у ЦК ВЛКСМ.Як халодна, якія мурашкі бегаюць па спіне, якія непаслухмяныя, драўляныя рукі!