У снягах драмае вясна

Маркіч павярнуўся і пабачыў Берасневіча, але не разгубіўся і не засароміўся, працягнуў яму руку.– А-а, гэта ты, – з той самай паблажлівай пагарднасцю, легкаважным, трошкі апякунскім тонам сказаў Маркіч. – Схуднеў ты як, браце. Нічога, нічога. Выпраўляйся, ставай на верны шлях, мы дапаможам.I збіраўся быў пайсці, але Барасневіч затрымаў яго:– Пачакай. Мне трэба спытацца ў цябе аб нечым. Да іх павярнулася некалькі галоў. Пяць-шэсць чалавек падышлі і сталі непадалёк.– Справа ў тым, – голасна сказаў Берасневіч, – што некаторыя людзі дазваляюць сабе пускаць паўсюль брыдкія плёткі.Цяпер ва ўсёй аўдыторыі не было чалавека, які не павараціў бы да іх галавы, не падышоў бліжэй і не замёр. Шум сціхнуў. Запанавала злавесная цішыня, і толькі й было чуваць, як лупіў па шыбах дождж.Берасневіч бачыў твар ворага, вялікія залысіны, бегаючыя вочы і раптам адчуў шалёную радасць.“Зараз”, – падумаў ён.I спытаўся ціха, але так, што ўсім было чуць і ва ўсіх папаўзлі па спіне мурашкі:– Дык ты кажаш, што я контррэвалюцыянер? Ты пусціў гэтую плётку, а некаторым нават “даказаў” яе.– Я не казаў, – цвёрда сказаў Маркіч.– Не? Добра. Вы ўсе чулі, ён не казаў гэтага. Твар Сяляўкі, худы і стрыманы, выплыў аднекуль справа.– Рыгор, казаў ён пра мяне гэта? – пайшоў ва-банк Берасневіч. – Казаў ён, што мяне хутка чакае дрэнны канец?– Казаў, – ні хвіліны не вагаючыся, надзвычайным для яго, жорсткім тонам сказаў Сяляўка. – Усё казаў, і нават пераконваў некаторых. I той-сёй, у каго замест галавы качан, нават паверыў.Берасневіч зноў звярнуўся да Маркіча:– Дык ты кажаш, я контррэвалюцыянер, я, сын рабочага і сам былы рабочы. Табе мала маёй ганьбы – ты хочаш яшчэ адштурхнуць ад мяне сяброў, адштурхнуць тых, хто мне дарагі. Але не, я хаця іх, я хаця аднаго чалавека выратую ад цябе, смоўж.Напэўна, выгляд яго быў такі жахлівы, што Маркіч зразумеў, змяніўся ў твары і падаўся назад, але далёка адысці не паспеў. З нясцерпнай асалодаю, з ясным усведамленнем таго, што робіць, Берасневіч адвёў руку, уклаў у яе ўсю сваю нянавісць і свой боль і паслаў яе наперад.Пад скляпеннямі старой аўдыторыі гулка пралунала поўха. Пасля яшчэ адна.Яшчэ.Усе стаялі моўчкі. Ніхто не затрымаў яго рукі. Усе ведалі, гэта была не проста поўха, Гэта быў учынак чалавека, які разрываў кола. Гэта была мужнасць.У цішыні прагучалі крокі да дзвярэй. Усе ведалі: чалавек уходзіць назаўсёды. Толькі калі ён быў у дзвярах, пачуўся за яго спіною прыдаўлены ўскрык:– Ула-а...I зноў стала цішыня.Ён выйшаў з аўдыторыі, прайшоў па калідоры, спусціўся па сходах, і толькі на вуліцы яго моўчкі дагнаў Паўлюк і пайшоў поруч. Так моўчкі, не карыстаючыся трамваем, яны прайшлі горад, дайшлі да інтэрната, увайшлі ў пакой.Паўлюк, не пытаючыся, дапамагаў Берасневічу ўкладваць яго чамадан, пасля ўзяў яго. Берасневіч паглядзеў на Паўлюка і раптам прыцягнуў к сабе.– Дзякую, браце. Не сумуй, яшчэ пабачымся. Проста я не магу тут больш.– Куды ж ты? Дадому?– Не, я проста даведаўся, што ў вобласці, у вёсцы Вавуліцкі Млын, ёсць яшчэ да гэтага часу вакантнае месца настаўніка. Так будзе лягчэй... для яе. А экзамены здам пасля... каб толькі не бачыць. А можа, мяне яшчэ і выганяць.– Не забывай нас, Уладзік, – журботна прамовіў Паўлюк. – Мы цябе любілі.– I я вас вельмі, вельмі любіў. На вось, трымай адрас....Было рана, але цягнік ужо стаяў на пуцях. Вечар быў шэры і змрочны, масляніста блішчэлі рэйкі. Берасневіч узяў ад Паўлюка чамадан.