У снягах драмае вясна

– Увага! – раптам сказаў Янка. – Вы ведаеце, чаму Уладзік сёння не будзе спаць? Ён закахаўся! Платанічна! Неадказна!Берасневіч, як пераважная большасць моцных і добрых людзей, злавацца не ўмеў і таму толькі ўхмыляўся.– Так-так. Закахаўся. Яна, браткі вы мае, дачка загадчыка рынку. А Уладзь мае шатландскія густы, еў усё жыццё адну толькі аўсянку. Ну і ён, значыцца, мяркуе зрабіць на гэтым добры гешэфт. Прыходзіць да яе на кватэру: “Дзень добры, каханая, ці няма кавалачка сыру?” – “Не, кажа, няма. Ёсць, кажа, костка, радзіцель мой яе перад службаю грыз”. Сеў ён і, як сабака ў будцы, грызе, а костку гэтую, вядома, лепей было б куды-небудзь забіць. Галодны! Маці нявесты з’явілася, такая дэманічная жанчына, гераіня камунальная кухні. Ён да яе: “Ці няма ў вас хоць трошкі бульбы?” Маці яму: “Які вы забаўны, Уладзік, бульба зараз па чырвонцу пудзік. Купіш – і грошай як не было”. А сама думае: “Каб толькі ён сяброў сюды не стаў палкaмі вадзіць”. І да яго ветліва: “Як добра, што вы прыйшлі. А то мы зусім было збіраліся тую костку сабаку аддаць”.– Вось сволач, – без злосці сказаў Берасневіч.Кампанія падвыпіла. Берасневічу чамусьці хацелася самоты, і ён вырашыў “купіць папярос”, а сам накіраваўся ў бліжэйшы парк. Глеба пад нагамі была вільготная. Стаялі чорнымі ценямі вакол яго дрэвы. Трамваі ўжо не хадзілі, і таму вакол была цішыня, такая цішыня, што звінела ў вушах. І светлыя плямы ліхтароў заблыталіся ў вільготных, бліскучых галінках дрэў, якія хацелі іх спаймаць. І ад святла галіны блішчэлі канцэнтрычнымі кругамі, блішчэлі, як блішчыць летнім ранкам роснае павуцінне дзе-небудзь у лесе, між дрэў.Агні далёкага горада амаль усе згаслі; у нейкім вялікім будынку гарэў адзін блакітны агеньчык, і Берасневічу здавалася, што гэты агеньчык – яе агеньчык.Ён сеў на лаву і паспрабаваў разабрацца.Што ўсё ж такі здарылася? Ён сустрэў сёння цудоўную дзяўчыну. Ніхто дагэтуль так адразу і моцна не падабаўся яму. У яе чыстыя вочы, якімі яна ясна глядзіць на свет, цёплыя рукі, мілагучны голас, яна трымаецца з нейкай вышэйшай прастатою.Ці ведае ён яе?Мозг казаў “не”.Сэрца казала “ведаю да канца”.Гэта быў нейкі беспамылковы, вельмі глыбокі інстынкт, якому няма яшчэ наймення на чалавечай мове, крым двух банальных слоў: “родныя душы”.Было і ў іх усё ж нешта вернае. Як быццам рассеклі чалавека на дзве паловы і пусцілі іх гуляць асобна. Яны сумавалі, цягнуліся адна да адной. І вось нарэшце сустрэліся, адразу пазналі адна адну. І ён пацягнуўся.Інакш чаму б так радасна было, калі яна была поруч, і чаму так сумна зараз, калі яе няма.І гэта будзе цягнуцца. Слабы зараз агеньчык – ён адчувае – можа разгарэцца.

– Ох, любая, любая! Мілая і чыстая, як святло! – выдыхнуў ён.З першай сустрэчы бывае вельмі рэдка, але ў яго напэўна будзе так. Не можа быць, каб гэтая радасць чагосьці не абяцала.Было ціха, храбусцеў пад нагою няпэўны лядок, і зоры, любыя зоры, падміргвалі яму, як змоўшчыкі, якія адны ведалі яго вялікую таямніцу.Як магчыма быць сэрцу такім шчаслівым і не разарвацца?Ён добра прамёрз, пакуль не вырашыў ісці дамоў. Вахцёрша пусціла яго, нягледзячы на позні час, бо Берасневіч заўсёды дзяліўся са старой папяросамі.Госці доўно пайшлі. У душным пакоі было цёмна і чуўся хроп сяброў. Берасневіч спыніўся над Паўлюком. Святло вулічнага ліхтара падала на падлогу і на твар Паўлюка вялікімі жоўтымі квадратамі. Паўлюк спаў, і такім кранаючым здаўся Берасневічу яго дзіцячы твар, што ён ледзь не расцалаваў сябра.