У снягах драмае вясна

Маркіч за некалькі дзён да збораў паспрабаваў высветліць адносіны з намі і з адной вядомай табе асобай, але атрымаў такі паварот, што яшчэ і зараз баіцца дыхаць. На зборах Паўлоўскі сказаў пра Маркіча:– Такія, як вы, яшчэ больш шкодныя, чым адвертыя ворагі. Толькі што за шчэлепы вас не возьмеш, бо вы склізкія, як ваш язык.

Да збораў Маркіч сустрэўся адзін на адзін у калідоры з Маркевічам, працягнуў яму руку, і, мы выпадкова чулі, Маркевіч сказаў:– Няўжо вы сур’ёзна думаеце, што пасля такой подласці вам нехта пацісне руку?Калі ж зборы пачалі віраваць, гэты ціхі Аркадзь Чудзікаў сказаў:– Пакуль мы трымаем сувязь з універсітэтам – такога чалавека ў аспірантуры не будзе. I ўсе падтрымалі яго.Маркіч больш не камсорг. Дорага яму каштавала твая справа. Перамога, браце! I ўсё ж трэба нешта новае, каб маркічаў больш не было. На гэтым усё. Янка перадае прывітанне. Цалуем і віншуем цябе.Паўлюк, Янка.Р. S. Чаму ты ніколі не пытаеш пра дзяўчат-аднакурсніц?1 ліпеня 1953 г.Дарагі Уладзік!Вось і скончылася наша Alma mater, скончылася шчасце, скончылася і бяда. I разам з намі па праву скончыў універсітэт і ты. Малайчына, ты абараніў дыплом і здаў зкзамены лепш за ўсіх, як мне сказаў Маркевіч. Я толькі не ведаю, чаму ты не пайшоў у аспірантуру? Можа, таму, што на табе ўсё яшчэ вісіць той цень? Магчыма, і так, але ўсё гэта міне, мой дружа. Ты бачыш, жыццё робіцца зусім светлым, і мы нарэшце пабачым сонца без плям. Я ведаю, праўда і жаданне лепшага сваёй краіне – заўсёды мацнейшыя за маркічаўшчыну. А наша справа такая, што пражыла трыццаць шэсць год і будзе жыць вечна.У нас усё як было. Ніхто з дзяўчат пакуль што не выйшаў замуж. Пішы. Бывай здаровы.Твой Паўлюк.Р. S. Чаму ты не пытаеш пра аднакурсніц?4 ліпеня 1953 г.Дарагі Паўлюк!Ліст твой атрымаў, адказаў вялізным лістом на тваю хату. Паслаў ліст і Янку таксама. Пасылаю вам кнігі. Пішыце мне ўжо на Залеск, дзе я паспрабую два месяцы пажыць без працы.Выбачай, што ліст кароткі.Прыедзеш дадому – атрымаеш і вялікі. Будзем, значыцца, працаваць. Ты пытаеш, чаму я не пытаю пра дзяўчат? Проста нецікава. Яны прадалі мяне ў цяжкі час. Я не веру больш аніводнаму слову з іхніх вуснаў.Бывай. Пішы. Моцна цалую.Уладзіслаў.

XX

ЭПІЛОГСнегапад быў такі, быццам маленькія белыя ружы ляцелі і плаўна апускаліся на зямлю. Усё пабялела: навакольныя пушчы, стрэхі хат, нябачны пад ільдом ручай. Снег, як белы флёр, няспынна варушыўся паміж небам і зямлёй і асабліва прыкметны быў у слабых конусах святла, якія клаліся наўскос з акон. Поркаліся яшчэ там-сям ля хлявоў бабы, з аўчарні даляталі кволыя, слабенькія галасы ягнят. Снег ператварыў у казачных волатаў вербы ля дарогі, снег схаваў у пуховыя падушкі аранжавыя вокны, снег абляпіў грэблю і вялізнае кола млына.I такой дзіўнай, такой казачнай была вёска Вавуліцкі Млын праз гэты вясельны вэлюм, што Берасневічу, які апошнія дні перабываў у дрэнным гуморы, не захацелася сядзець у хаце. Нешта лёгкае, радаснае, светлае, як у дзяцінстве пад Новы год, ахапіла душу, калі здавалася, што толькі выйдзі зараз з хаты – і абавязкова стрэне цябе шчасце. Але ён ведаў, што гэты настрой няпрочны, як пылок на крыльцах мятлушкі: выйдзеш, пацягне кудысьці, а ісці няма куды. Можна ў раён за шэсць кіламетраў – не хочацца. У клубе (старой папоўскай хаце: новага зрабіць не ўдасужыліся) кіно няма, выступаюць нейкія артысты – таксама ісці не хочацца, ніхто добры не прыедзе, у гэтым ён пераканаўся за чатыры гады. Пойдзеш да сяброў – абавязкова справа скончыцца гарэлкаю, а яму сёння не хацелася і думаць пра зялёныя шклянкі, скупое святло газніцы, вечныя размовы пра тое, што час яму ажаніцца, што вось яны зараз толькі вып’юць чарку, возьмуць паўлітэрку і бохан хлеба і накіруюцца да той дзяўчыны, да якой ён скажа, што такіх дзяўчат, як у Вавуліцкім Млыне, нідзе няма, што талакою яму пабудуюць хату. Ён не імкнуўся адсюль (занадта многа працы ён уклаў у школу, клуб, сад), не імкнуўся ад гэтых хат, халоднага клуба з рухавічком, ад млына, ад школы на адхоне, ад невялічкай крамы, дзе гандлююць фруктовым чаем і гарэлкаю, але думаць пра жонку таксама не мог. Пачытаць нешта? Да бібліятэкі, якая была ў клубе, не хочацца ісці таксама.