У снягах драмае вясна

У сані ён намасціў сена, паклаў кілімок і яшчэ два кажухі. На шчасце, усе сядзелі ў клубе, і ніхто не бачыў яго ў новай ролі.Яна выйшла, захутала цёплай хусткаю рот. Сказала, гледзячы на неба, якое вызарыла пасля снегападу:– Ну й мароз!!!Ён спрытна пасадзіў яе ў сані, зрабіў з вялізных кажухоў цёплае гняздо, паклаў больш сена ў ногі, захінуў яе, пакінуў толькі вочы, а сам, непазнаны, сеў на козлы.Коні спора ўзялі з месца.Пабеглі назад вярбовыя прысады, снежныя гурбы, масткі, загубіліся далёка ззаду скупыя вясковыя агні. I пайшла дзіч, пайшлі нетры. Дарога! Дальняя дарога. Ці то агеньчыкі блішчаць у далёкіх хатах, ці то ззяюць далёкія ваўчыныя вочы? Месяц закуўся ў вясёлкавы пярсцёнак. Трохі марозіць, белы і чысты ляжыць снег. Плывуць па гурбах сані, як човен па хвалях.Яна маўчыць, беражэ голас. Што ж, маўчы і ты, слухай яе маўчанне, сядзі непазнаны, самы вядомы ёй хлопец на зямлі, а зараз самы далёкі і чужы. Спляліся на хвіліну і хутка зноў разыдуцца вашы шляхі, але сядзі, слухай яе маўчанне. Гэта шчасце, апошняе твае шчасце, будзе цягнуцца яшчэ цэлыя вякі, дваццаць шэсць кіламетраў. Яна не ведае, што ён тут, ён не скажа. I ўсё ж гэта шчасце! Можна ўяўляць, што ён вязе яе да сябе, што іх чакае светлы пакой і кнігі, – і ўсё жыццё яшчэ ў будучым. Можна думаць і пра іншае. Гэта было б шчасцем ведаць, што яна раптам можа нахіліцца і ціха спытаць: “Не халодна табе?”А потым блізкія агні, сані спыняюцца, ён нясе яе па гурбах у хату. Нічога. Яны маўчаць, сані бягуць, ёкае селязёнка ў каня. Ён вязе яе ў апошні шлях ад сябе, непазнаны, і нікому, нікому ад гэтага не крыўдна. Ён чамусьці не падумаў, што яна можа загаварыць. I сапраўды, першыя кіламетраў пяць яна маўчала, і толькі калі ўстаў на дарозе цень пушчы, засыпанай снегам, спытала ціха:– I ваўкі тут бываюць, таварыш? Берасневіч, не ведаючы, што рабіць, адказаў сцісла:– Так.Відаць, няпраўду кажуць, што голас забываецца хутчэй за ўсё, бо яна трошкі занепакоілася. Берасневіч спіною адчуваў, як яна ўглядаецца ў яго, імкнецца пазнаць у гэтай фігуры, захутанай у футры, нешта даўно знаёмае. Пасля яна яшчэ раз паспрабавала загаварыць:– Ці далёка яшчэ да станцыі?Берасневіч адчуваў, што ён зрабіў вялікае глупства, калі задумаў гэту паездку. Не кажучы ўжо пра патрэбу размаўляць, – як ён будзе трымацца, калі трэба будзе пасадзіць яе на станцыі ў цягнік. Там будзе святло, ліхтары. Дарэмна ён ублытаўся ў гэта. Блазенскі выбрык!Але рабіць было няма чаго, і ён з мужнасцю адчаю захрыпеў, як басэтля, і адказаў сцісла:– Яшчэ кіламетраў дваццаць.Яна відавочна заспакоілася. Дый сапраўды, адкуль яна магла ведаць, дзе ён, калі ніхто, акрамя Паўлюка і Янкі, не ведаў месца яго прыстанку. Ну й добра.Пушча ахінула іх, як цёплы кажух, калі яна раптам упэўнена сказала:– Берасневіч, вы...I пасля гэтага (ён не адказаў) сказала рэзка:– Спыніце коні, я пайду.Маўчаць больш не было прычыны. Берасневіч павярнуўся да яе і сказаў:– Прабачце, я зрабіў, як хлапчук. Не трэба. Я не перашкаджаю вам, маўчу. Маўчыце і вы.– Спыніце коні, – патрабавала яна такім голасам, якога Берасневіч раней ніколі ў яе не заўважаў, халодным і цвёрдым.Замест адказу ён пагнаў іх яшчэ хутчэй.– Я выкінуся.– Тут нельга гэтага зрабіць. Бачыце, пушча, гурбы, вы ў лёгкіх ботах. Замерзнеце. Што я вам, перашкаджаю, ці што?– I ўсё ж я пайду.– Паспрабуйце толькі, – жорстка сказаў Берасневіч. – Пакуль вы разблытаеце гэты кажух, я паспею спавіць вас так, што вы не зможаце рухацца. I наогул, хопіць гэтага, чуеце вы? Тут вам не горад, тут жывуць простыя, грубыя людзі, якія не разбіраюцца ў гэтых вашых псіхалагічных тонкасцях. Я затрымаю вас.