У снягах драмае вясна

– Я...– Калі хочаце, можаце пасля, на станцыі, паскардзіцца міліцыянеру на тое, што я затрымаў вас і давёз, куды трэба. Я не ўцяку, буду чакаць мяча Немезіды. Прозвішча маё вы, напэўна, памятаеце. I наогул, я просты вознік, мне даручылі давезці вас да станцыі. Нашто гэты залішні крык? Вы паспяхова дасягнеце мэты, калі дасцё мне на станцыі пяць рублёў на шклянку гарэлкі.Напэўна, у голасе яго было акрамя жорсткасці і іроніі яшчэ тое, што ён дарэмна імкнуўся прыхаваць, затоены боль, бо яна раптам змоўкла. Берасневіч збіў шарф з рота, і твар яго напаўпавароту быў бачны ёй, нейкі новы, цвёрды, зусім мужчынскі твар. На веях голкі шэрані, касмыль валасоў, якія ўпалі на лоб, таксама сівы, твар абсівераны, грубы ад ветру. I такі жорсткі цвёрды рот. Толькі вочы ранейшыя, з усмешкай. I ўсё-такі гэта трэба было пакараць.– Пазнаю, – сказала яна з іроніяй. – Вы заўсёды размаўлялі з дзяўчатамі такім абураючым тонам ці толькі сёння?– Я ведаю, з кім мне трэба так размаўляць, – уладна сказаў Берасневіч. – Не, я размаўляў так яшчэ толькі раз, у канцы лютага пяцьдзесят другога года. Пасля гэтага я быў шчанюком, блазнам. Праўда, зараз я, здаецца, выправіўся.Алёнка раптам схілілася тварам на далоні. Ён зразумеў, гэта быў занадта жорсткі ўрок, і таму прыбавіў з нечаканым сумам:– Кіньце гэта. Вы ведаеце, мой голас мае і іншыя адценні. Але не трэба, не трэба гэтага зараз. Вы ведаеце, гэта ўсё скончылася, я чужы для вас. Сядзіце спакойна, размаўляйце са мною як са старым, напаўзабытым сябрам.Ён зусім не чакаў гэтага, але плечы Алёнкі раптам затрэсліся. Ведаючы, што ў такіх выпадках лепей за ўсё дапамагае роўны, сухаваты тон, сказаў:– Вы не ведалі, што я жыву тут, у гэтай вёсцы?– Не.– Веру вам. Я таксама кажу шчырую праўду: я ведаў, што паедзеце вы, і назнарок папрасіўся вознікам. А зараз бярыце хустачку, тут нічога няма страшнага. Глядзіце, усё добра на свеце. Месяц над раўнінаю, снягі.– Дзякую, мой настрой не вельмі сапсаваўся, – ціха сказала яна. – Што казаць, я думала, што вы наогул дзесьці зніклі, хоць пасля да мяне дайшлі невыразныя чуткі, што Паўлюк з вамі перапісваецца. Як вашы справы?Берасневіч сцісла расказаў пра сваё жыццё за апошнія чатыры гады. Яму здавалася, што нічога асаблівага ў ім не было: скончыў завочна універсітэт, працуе тут, шмат паспеў зрабіць для вёскі і для сябе. Але ёй усё гэта здалося надзвычайным:– Які вы дзіўны чалавек. Такая энергія! I не сумавалі па горадзе?– Спачатку вельмі. Але калі ў чалавека справы, ён не сумуе. Бачыце, стаў сапраўдным гіпербарэйцам, слухаюць мяне не адны дзеці, але й коні. Аднойчы на піліпаўку мяне і адну настаўніцу тут ледзь ваўкі не заелі. Давялося два кілометры, да вёскі, паліць па частках кнігі, якія неслі з сабою. Пасля столькі смеху было.– Жах які!– Нічога жахлівага. Такіх выпадкаў тут год семдзесят не было. Праз некалькі дзён я згуртаваў паляўнічую каманду, і мы ўвесь гэты вывадак знішчылі: маці, мацёрага, прыбылых. Паглядзелі б зараз, якая шкура ў мяне ў пакоі, ля ложка, ляжыць. Толькі кніжак шкода.– I ўсё ж гэта жахліва! Я б на месцы той настаўніцы памерла. А як яна?– Нічога. Яна ўжо два гады, як паехала дадому, не працуе тут. А як у вас справы?– Таксама нічога. Кансерваторыя хадайнічала, каб пакінулі мяне ў горадзе. Скончыла і кансерваторыю, зараз выступаю. Даводзіцца трошкі ездзіць. Вось і сёння таксама. Здаецца, карыстаюся поспехам.