У снягах драмае вясна

Заплакала. Берасневіч даткнуўся да яе пляча. Шкода было яе больш, чым сябе. Толькі і сказаў:– Не плач, не плач.Так кажуць маленькай дзяўчынцы.Але вось яна ўжо справілася, зноў ганарыстым і прыгожым стаў навекі любы твар.– I вось змянілася ўсё. Іншыя надышлі часы, я ведаю. I я яшчэ больш ганаруся табою, калі бачу, што ты інстынктам, сумленным сэрцам прадбачыў гэта наперад. Але што мне з гэтага? Застаецца толькі вінаваціць сябе. А цяпер якое мне можа быць апраўданне. Не паверыла табе, кінула аднаго ў самы жахлівы, самы цяжкі момант. Даруй жа мне... I маўчы, маўчы. Ты думаеш, што мне лёгка прызнавацца ў гэтым? Мне было сорамна, таму я і жадала саскочыць. Я стала дарослай, я добра зараз бачу цябе. Я стала відушчай, але пасля таго, як згубіла цябе. Нашто мне зараз гэты здабыты зрок? I горш за ўсё, што я нават звыкла да гэтага. Колькі гора было! Я мёртвай хадзіла два гады. Маці бачыла гэта – думаеш, яна не пашкадавала тысячу разоў, што зрабіла так, што не падтрымала цябе ў той час. Яна не ведала, што гэта было так сур’ёзна, што ў нашы дні таксама ўмеюць кахаць. А татка не пашкадаваў нас. Адзін толькі раз, але сказаў адверта, што мы нарабілі і што ён прадчуваў гэта сваім прасцецкім сэрцам... А мне толькі хацелася памерці.Берасневіч быў шчырым і простым хлопцам. Таму ён проста сеў поруч з Алёнкаю на задняе сядзенне і ўзяў яе за руку, зняўшы пальчатку:– Не трэба, Алёнка, не трэба. Ты заўтра ж зненавідзіш сябе за гэту хвіліну слабасці... Так здарылася. Ты не вінаватая, я вінаваты значна больш... Зразумей, ты для мяне і зараз засталася лепшай на зямлі.I ён прыпаў вуснамі, усім тварам да яе далоні:– Гэтым болем ты дачыняла мне такую радасць, і такім шчасцем было кахаць цябе, што я толькі гэта і памятаю зараз, толькі гэта. Забыліся пакуты, а сэрца тваё засталося, і гэта – лепшае. Над усім на свеце яно. I за гэта дзякуй табе.Ён адчуваў, што яе рука дрыжыць, адчуваў, што яна зноў можа заплакаць. Ён думаў, што яна шкадуе яго, мучыцца тым, што яна знайшла сваё шчасце, а ён застаўся адзін, што ёй балюча за яго, што яна саромеецца зараз сябе, што трэба выратаваць яе хаця ад гэтага, а таму вырашыў зманіць, сказаць тое, чаго не адчувала яго сэрца, чаго не было:– Не пакутуй сумленнем за мяне, Алёнка. Не думай, я шчаслівы, я вельмі шчаслівы. Прайшоў боль, у сэрцы засталося толькі добрае...Ён неймаверным намаганнем прымушаў сябе казаць далей гэтыя словы, у якіх была самая бессаромная хлусня, якую калі б там ні было вымаўлялі яго вусны.– Тваё каханне прайшло, мінула і маё таксама. Магчыма, і я хутка адшукаю сваё шчасце, як адшукала яго ты. Не пакутвай за мяне, я шчаслівы. I шчасця жадаю і табе таксама, як самаму лепшаму, што было ў маім жыцці.I сапраўды, гэта, здаецца, дапамагло. Алёнка адабрала руку, уздыхнула і сказала:– Ну вось, зараз і я магу табе сказаць тое, чаго б ты не пачуў, каб не гэтыя словы твае. Ты шчаслівы, значыцца, можаш выслухаць гэта, і мне не будзе сорамна.– Што гэта такое? – Берасневіч паглядзеў на твар Алёнкі, блакітны пад месячным сяйвам. На твары была глыбокая, сумная ўсмешка.– Справа ў тым, што ты недачуў... Я не замужам.. I, напэўна, ніколі не буду.– А-а, як гэта муж... не раўнуе?– Муж не раўнуе толькі таму, што яго няма... Вось мы і дамовіліся, і зараз у нас абаіх лёгка на сэрцы. Не вінаватая я, не вінаваты і ты. Дарогі ляжаць перад намі ў розныя бакі – будзем шчаслівымі.Каб пярун ударыў зараз з зімняга зорнага неба – Берасневіч не быў бы такі прыгаломшаны. Вочы яго сталі такімі вялікімі, непаразумелымі і дурнымі, што здзівілася б і трохмесячнае немаўля.