У снягах драмае вясна

– То-бок, як гэта?– Вельмі проста, – строга сказала Алёнка.Абое сціхлі. Зорная чыстая ноч плыла над снягамі. Коні як быццам зразумелі іх і цягнуліся павольна-павольна. I ў пушчы рабіўся цуд, такія блакітныя, такія сінія пад ценем, казачныя вежы і гарады ўставалі з занесеных снегам вялікіх дрэў. Зрэдку ўставаў у гэтых вежах жоўты агеньчык лясной вартоўні, ветліва і прыязна мігаў ім і знікаў далёка ззаду.Берасневіч першы не вытрымаў маўчання. Ён выпрастаўся, сціснуў лейцы ў задубелай руцэ:– Ты, вядома, не кахаеш мяне. Тваё добрае сэрца памёрла для мяне – і я чужы. Я ведаю, я не варты гэтага...Алёнка раптам упала вачыма ў далонь. Голас яе трапятаў, быў перарывісты і гучэў роспаччу:– Уладзік! Уладзік! Мы гордыя, мы трымаемся, мы нават можам разысціся, не сказаць галоўнага, самага важлівага... Я маўчу... Але пашкадуй і ты мяне, пашкадуй хоць трошкі. Не прымушай зрабіць апошні крок. Вядома, я заснула навекі, але ж і такіх можа абудзіць нехта!Ужо бачныя былі пад гарою ласкавыя агеньчыкі станцыі, чакаць далей было нельга, расступаліся і радзелі дрэвы пушчы. Яшчэ якіх-небудзь тры кіламетры да гэтых начных, здалёк бачных агеньчыкаў, і ўсё будзе скончана.Берасневіч спыніў коні, павярнуўся да яе, прыўзняўся ў санках. На фоне зорак вялізным здаваўся яго заінелы сілуэт.– Можа, я здолею зрабіць гэта? Я зманіў табе. Я ніколі не быў шчаслівы з тых дзён і без цябе – не буду. Я хлусіў, каб ты была спакойнай. Боль у сэрцы не прайшоў. Ён жыве і стаў яшчэ мацнейшым.Яна маўчала.– Можа, і для нас яшчэ ёсць шчасце? – зноў спытаў Берасневіч, прыбліжаючы свае вочы да яе вачэй. Спытаў уладна, як быццам сцвярджаў гэта.Зноў маўчанне. Ён бачыў толькі, як хілілася яе галава.– Ну?I, не атрымаўшы адказу, ён узяў яе за рукі, прыцягнуў да сябе і пацалаваў у лоб.З кароткім уздыхам, амаль стогнам, яна схілілася да яго на грудзі:– Я не магу больш. Я столькі трымалася. Няхай я дрэнная, няхай гэта несумленна, але я не магу страціць цябе, забіць цябе... I сябе таксама.– Я так знудзіўся па табе, – шчасліва сказаў Берасневіч, схаваўшы ў яе валасах свой твар.Яна маўчала. Цяклі хвіліны, схіляліся да гарьь зонту горы. Лес, бураломныя хвоі, снег.Далёкі гудок цягніка абудзіў іх. Берасневіч сілком адарваўся ад яе, павярнуў да сябе і ўзяў у далоні яе твар:– Слухай, Алёнка, далёкая мая, блізкая. Я не хачу карыстацца гэтымі надзвычаннымі хвілінамі. Я ведаю, гэта ўспаміны, гэта даўні боль, гэта водгулле далёкіх дзён. Я амаль веру табе, але мы прайшлі столькі пакут, што для мяне было б смерцю памыліцца яшчэ раз. А ты не можаш верыць мне. Праўда?– Не ведаю... магчыма, і так.– Дык слухай. Заўтра прыйдзе роздум і мяне не будзе поруч. Ты паедзеш і добра падумаеш, верыш ты мне ці не. Падумаю і я. Праз два тыдні я буду ў горадзе. Адносна мяне ўсё ясна, я не змянюся. Я прыйду да цябе і дам сваю руку. Ад цябе будзе залежаць, возьмеш ты яе альбо не возьмеш. Паразмаўляй з маці... А я буду абавязкова.Коні рвануліся, узялі з месца і памчалі да далёкіх агнёў. Закурыўся снегавы пыл, срэбра таяла на конскіх спінах. Лейцы вольна ляжалі ў адной руцэ Берасневіча, а другой руцэ было цёпла ад тонкага нават праз кажух Алёнчынага пляча.Як мужна б’е ў твар вецер, якія прыгожыя вясёлкавыя слёзы навярнуліся, дзякуючы яму, на вачах. Якая бязмежная, сіняя, якая шчаслівая далячынь.Старэнькі вакзал, перад дзвярыма натрусілі ля конавязі сена. У зале цеплыня, коней глядзіць стары дзед, які чакае ранішняе пошты. I, галоўнае, ёсць час пасядзець, адпачыць ад неверагоднага, спозненага і горкага шчасця: цягнік пайшоў хвілін сорак таму, а наступны будзе толькі праз гадзіну.