У снягах драмае вясна

Ёсць і білеты. Якім цёплым паветрам патыхае з дзвярэй буфета, які ён бедны і мілы! I можна разбудзіць буфетчыка, які драмае ля стойкі, і папрасіць чаю.На доўгі час, на ўсё жыццё запамятаецца гэты смешны, аблезлы буфет, азызлы добры твар буфетчыка, халодныя рукі Алёнкі, якія трэба расціраць і якімі яна так смешна сціскае шклянку з чаем. Надоўга! I шчаслівы той, у каго ёсць такі ўспамін. У далёкія-далёкія будучыя гады пранясе ён яго, і калісьці, на схіле дзён, варта будзе толькі сказаць: “А памятаеш?” – і зноў памяць узрушыць усю істоту чалавека, пакажа гэты буфет, у якім яны адны, станцыю, загубленую ў снягах, штучную пальму ля акна, ноч над лясамі.– Ого, глядзі, Алёнка, крымскі мускат, масандра. А ў гарадах ламаюць шыі, каб дастаць. Што б вы думалі наконт бутэлечкі?– Уладзік, ты стаў сапраўдным мужчынам, цябе цягне на выпіўку. Вядома, я згодная, калі ты хочаш.Буфетчык глядзіць на іх і ўсміхаецца. Вядома, і ў яго ёсць жонка, напэўна, ужо ў гадах. Яна зараз спіць. Магчыма, яны і лаюцца часам – у іх не можа быць такога, як у Берасневіча з Алёнкай. Але ён здалёк глядзіць на іх з такой зайздроснай і добрай усмешкаю, так яму цёпла каля іх маленькага агню, што ён будзе некалькі дзён асабліва добры з жонкаю, магчыма, нават пяшчотна, як раней, пацалуе яе, вярнуўшыся з дзяжурства.Віно налілі ў звычайныя шклянкі (келіхаў тут не водзіцца). Слава тым, хто збярог для іх, для гэтай ночы сярод снягоў, сонечныя цеплыню і святло!Берасневічу здаецца на хвіліну, што гэта ў іх вяселле, і чырвань залівае яго шчокі. Яна глядзіць на яго і таксама чырванее. У зале цёпла. Вакол, за вокнамі, ляжаць снягі. Рука Алёнкі, тонкая і цёплая, ляжыць на стале.Якое шчасце, што былі гэтыя гады выпрабаванняў. Без іх не было б гэтай самотнай ночы, гэтага старэнькага вакзала, гэтых снягоў. Як хутка бяжыць час! Вось ужо хутка трэба ісці. Але, можа, не было б так добра, калі б не ляжала наперадзе гэтая кароткая разлука. О, гэты асаблівы сум, непадзельны ад радасці!...Зноў зоры над галавою. Яна стаіць ля яго на пуцях.– Чуеш, Алёнка, думай. Я прыеду, я вельмі хутка прыеду. Былі выпрабаванні, былі гады пакут, я веру ў цябе. Думай.Чырвонае вока цягніка. Алёнка глядзіць у вочы Берасневіча з мілай, сарамлівай усмешкаю, уздыхае.– Не ведаю, можа, я і... паверу табе. I зноў ён нахіляецца і цалуе яе ў лоб. Яна прыпадае да яго, вагаецца хвіліну і ўсміхаецца:– Ведаеш, што сказаў бы пры такой нагодзе Янка? Ён сказаў бы, што высокія абцасы выдумалі дзяўчаты, якіх занадта часта цалавалі ў лоб.I хоча ісці.– Алёнка! – з дакорам кажа ён, пасля схіляецца і цалуе яе ў вусны.Зноў гудок! Ах, гэты гудок!– Бывай!– Бывай і ты.– Я вельмі-вельмі чакаю.– А я буду імкнуцца да цябе. Я не магу больш...– Прыязджай. Бацька будзе вельмі шчаслівы, маці, я думаю, таксама... і я буду вельмі рада, кажу загадзя... I даруй мне...– Я думаю ў аспірантуру. Маркевіч пісаў... Спудзілася:– Хай яе ліха. Не трэба, не трэба! Столькі гора! Я лепей...– А я ўсё ж прыеду. Сядай, сядай хутчэй! Да акна, да акна!Цягнік рушыў, набіраючы ход. Алёнка засмяялася ад шчасця і прыпала вуснамі да халоднага шкла, пасля пацерлася аб яго шчакою. Бачыла, як махаў ён рукою, як ішоў пасля з перона, хістаючыся ад шчасця, як п’яны. Зноў падумала з тым шчасцем, якое бывае толькі ў дзяцінстве, калі кладзешся спаць:– Мой! Мой! Цёплы! Жывы! Назаўсёды мой, родны чалавек!Вось цягнік набірае ход, знік асветлены вакзал. Цемра з рэдкімі агнямі вакол. Якое шчасце!