У снягах драмае вясна

Як добра, як хораша было жыць!Было святло ліхтара, але яшчэ святлейшымі былі вочы Алёнкі; былі голыя дрэвы, у якіх пачыналі хадзіць сокі, – і была Алёнка; быў вялікі свет, былі спевы, была радасць – і была Алёнка.Што ж рабіць? Як не памерці ад такога шчасця?Паўлюк раптам прачнуўся і сеў на ложку, гледзячы непаразумела на Берасневіча.І тады Уладзік прысунуўся да сябра і сказаў яму:– Паўлюк, ведаеш што? Я, здаецца, хутка вельмі закахаюся. Вельмі.

IIIА шчасце быццам звар’яцела, яно палілося на Берасневіча дажджом. Ён захлынаўся ім, хадзіў паўсюль з такой дурнавата-шчаслівай, да вушэй, усмешкаю, што на яго азіраліся.У той дзень, калі яны слухалі Гілельса і Алёнка сядзела паміж Жэнькам і Берасневічам, ён упершыню падумаў, што ён занадта, бессаромна шчаслівы, што гэта можа дрэнна скончыцца.Берасневіч не разумеў музыкі, ён проста любіў яе, уяўляў сабе пад яе гукі розныя малюнкі альбо цэлыя эпічныя палотны. Так, напрыклад, Шостая сімфонія Чайкоўскага была сечай, загібеллю і адраджэннем, рэквіемам і славай жыццю.Больш за ўсё ён любіў праграмныя творы: там вядома было з самага пачатку, што трэба ўяўляць.Вось і тут ён сядзеў, уткнуўшыся тварам у далоні (класічны тып беспрацоўнага, як сказала Алёнка), калі прагучэлі першыя, урачыстыя, велічна-спакойныя гукі “Манфрэда” (Гілельс павінен быў граць потым, у другім аддзяленні канцэрта). Гучэў успамін пра старыя бурхлівыя дні, якія так бязлітасна, так жорстка ўзрушылі самую душу. Пасля разлілася спакойная, чыстая мелодыя жыцця на прыродзе, між старымі вязамі над возерам, і раптам цяжкія, жахлівыя гукі пекла ахапілі ўсё навокал, туга імчалася ў паветры, і ў гэтым пекле Манфрэд сустрэўся са сваёй каханай.У пекле? Чаму? Пад магутныя гукі Берасневіч зразумеў: да д’ябла рай, да д’ябла неба, і хай жыве пекла, калі ты адшукаў там кагосьці, якога лічыў навекі загубленым! Ты велічнае, ты прыгожае, пекла! Благаслаўляю цябе.А пасля зал сарваў галас і адбіў далоні, апладзіруючы Гілельсу. Граў ён сапраўды фенаменальна. Але Берасневіч і Алёнка ўсё яшчэ не маглі вызваліцца ад дзіўнага агульнага пачуцця: музыка казала пра іх.У Берасневіча вочы блішчэлі, як быццам слёзы падступалі да іх знутры. Алёнка адверта выцірала вочы.Увесь вечар потым яны маўчалі, размаўляў адзін Жэнька. А Уладзіславу было проста добра прымярацца да яе маленькіх крокаў, добра прыціскаць рукою яе худзенькі пад паліто локаць, глядзець на тонкі профіль, на завіткі залатых валасоў на скронях, на чорную мехавую шапачку.Ён ведаў ужо ад Жэнькі, што яна з паралельнага курса славянскага аддзела, што хутка ў іх будуць нават агульныя лекцыі, што яна займаецца ў вячэрный кансерваторыі, што вельмі добра спявае.З яго хапала і гэтага, бо яна была тут, поруч. Нашто спевы, калі ёсць яе голас, які проста размаўляе, але лепшы за ўсялякую музыку?Паркі над ракою, па якой плылі апошнія льдзіны, агні слабодкі за ракою. Гэта было занадта чароўна.…Пачаліся, як і казаў Паўлюк, “марцавы санеты”. Раптам паваліў снег на мокрую зямлю, пабялелі дрэвы. Зноў прыйшла зіма. Берасневіч, які раней не хадзіў на некаторыя лекцыі, лічачы, не без падставы, што гэта загублены час, калі лектары чытаюць нудна, і лепей прачытаць з тры дзесяткі кніг на тую ж тэму, і зараз на іх не хадзіў. Наведваў толькі лекцыі таленавітых выкладчыкаў і яшчэ тыя, на якіх мог пабачыцца з Алёнкаю (“славян” прыядналі да агульнай групы). Астатні час ён праводзіў у акадэмічнай бібліятэцы або проста ляжаў дома на ложку і пісаў вершы. Вершы былі кепскія, але як было іначай перадаць свой настрой?