У снягах драмае вясна

А Берасневіч між тым ішоў сапраўды як п’яны. Твар яго гарэў, дзіўныя здані ўставалі перад вачыма.Стаў ля вакзальнага скверыка на плошчы, падумаў, засмяяўся і раптам зняў з рук пальчаткі і з усвядомленым, разумным выглядам зашпурнуў іх у гурбу, спачатку адну, а пасля другую, як быццам рабіў невядома якую важлівую і разумнаю справу. Вось і коні. Любыя коні, як ім цёпла пад кажухамі! Плылі ў яго галаве ўрыўкі Алёнчыных слоў:“Прыязджай... Бацька будзе рады”. Любая-любая Алёнка... любы бацька.. любая маці!I ён пацалаваў каня ў мяккі шэры нос, такі цёплы, з рэдкімі чорнымі валосікамі.Нейкі хлопец спыніўся непадалёку, паглядзеў на яго непаразумела, усміхнуўся і заўважыў:– Хільнуў дзядзя. Бач ты, што гарэлка з нашым братам робіць.Але Берасневічу было ўсё аднолькава. Ён ускочыў у сані, закруціў канцамі лейцаў і, калі коні ўзялі наўскач, крыкнуў:– Хільнуў! Хільнуў!Імчаліся насустрач хаты, пасля заскакалі яліны ў бары, а ён усё яшчэ крычаў:– Гэ-эй! Людзі! Людзі! Чуеце, людзі!Пасля раптам супакоіўся, зручна сеў і закруціў кажухом ногі.Коні адпачылі, беглі вясёлым трушком, праз шэрань на вейках дзіўным, вясёлкавым здаваўся лес, ныраў у хвоях вясёлы, п’яны месяц.Усё-ўсё будзе добра. Ён верыць, ён ведае. I парукай таму гэтая шэрань, што ляціць з галін, казачны месяц, што заблытаўся ў дрэвах, далёкі, шчаслівы шлях.Не затопіць, не знішчыць нішто сапраўднага кахання. Якая цёплая зіма, якая бадзёрасць у грудзях! Сколькі светлага абяцаюць снягі! Мо таму, што сэрца пасля доўгай, чатырохгадовай зімы адтайвае, пускае парасткі новага кахання, знішчае апошні на зямлі след старога?I калі прынюхацца, як адчуваецца будучая вясна, хоць бы ў тым як пахне свежасцю, як мякаць сланечнікавага сцябла, снег!Коні беглі шпарка!Рукі былі моцнымі, грудзі вольна дыхалі.I ўсё-ўсё жыццё яшчэ было ў будучым.У снягах драмала вясна.