У снягах драмае вясна

З Алёнкай сустакаўся ён зараз не так часта і вельмі гэтым мучыўся, хоць яму было дастаткова ведаць, што яна непадалёку, дастаткова было бачыць яе, слухаць яе размову з іншымі; дастаткова было чуць званок у дзверы сябравай кватэры і адчуваць з нейкай назразумелай упэўненасцю, што гэта яна; зайсці ў залу, дзе сядзяць пяцьдзесят чалавек, і па раптоўнай радасці або адчаю беспамылкова ведаць, ёсць яна тут ці няма.Так ён зразумеў, што кахае яе, як ніколі не кахаў у жыцці і , напэўна, ніколі не будзе.Пад час “марцавых санетаў” здарыўся прыкры выпадак. Берасневіч вёў Алёнку дадому паркам. Іх дагнаў Пятрусь Маркіч, камсамольскі сакратар курса, той самы, што атаясамліваў непрыемныя для сяброў заўвагі з камсамольскай адвертасцю.Берасневіч нямала бачыў людзей такой пасады, прывык ставіцца да іх даверліва і шчыра, але да Маркіча звыкнуць ніяк не мог. Нават голас, якім той гаварыў на зборах, здаваўся яму непрыемным.У Берасневіча быў добры інстынкт, уласцівы для ўсякай несапсаванай натуры: ён беспамылкова адчуваў, шчыры перад ім чалавек альбо дрэнь. І хаця Маркіч гаварыў заўсёды правільныя словы – нейкай мяртвячынай аддавалі яны ў яго. Зусім была адна справа, калі гэтыя словы казала газета, і зусім другая – калі казаў Маркіч. Апранаўся ён франтавата, але меў нейкі сонны, быццам закансервіраваны яшчэ ў мінулым стагоддзі твар: халодныя, тытунёвага адцення вочы, вусны, складзеныя іжыцай, лоб вузкі, касы, з вялікімі залысінамі. І вяртлявая стройная постаць, і гарачая, мокрая далонь. Бр-р-р.Але Берасневіч нічога не мог сказаць дрэннага пра гэтага чалавека (а вонкавы выгляд кожны мае той, якім яго ўзнагародзілі бацькі) і таму ставіўся да яго проста, добразычліва, ветліва – больш ад яго і патрабаваць было цяжка.Яны ішлі алеяю, калі ззаду іх пачуліся няверныя крокі: даганялі два чалавекі. Зусім яшчэ маладыя, з даволі інтэлігентнымі тварамі, яны параўняліся з Берасневічам, і адзін з іх спрытна цыркнуў слінаю акурат на бот Маркічу. Той змаўчаў.Другі, высокі і моцны, глянуў скоса на Берасневіча і нахабна сказаў:– Гэй ты, … куды гэта ты яе?!І брыдка вылаяўся.Берасневіча прарвала. Ён ціха сказаў Маркічу:– Пастой з ёю, Пятрусь.І накіраваўся да хуліганаў вельмі спакойна і павольна.– Вось што, хлопцы, мы вас не чапалі. Вы зрабілі дрэнны, брудны ўчынак. У дзяўчыны трэба папрасіць прабачэння.Высокі правёў далонню па паветры, як быццам жадаючы пачухаць патыліцу, і на гэтым шляху рабро яго далоні напаткала нос Берасневіча.Іскры пасыпаліся ў Берасневіча з вачэй.– Прабачце, – з’едліва сказаў высокі. – Я, здаецца…Ён не паспеў скончыць. Берасневіча ніколі не білі.Ён занёс кулак і, падаючы ўсёю вагою цела на руку, ударыў у падбародак ворага. Той паваліўся, жмякнуўся ўсім целам, як падсечаны.У той жа момант другі схапіўся з Уладзіславам. Біліся моўчкі. Ніколі яшчэ Берасневіч не адчуваў такой злосці. П’яныя маглі зачапіць яго, ён бы, можа, і сцярпеў, але за што яе?!Яго здзіўляла толькі, што Маркіч стаяў і глядзеў, у той час як Алёнка бегла да месца бойкі. Але ўсё было скончана яшчэ да таго, як яна падбегла. Берасневіч перакуліў ворага, сеў яму на спіну і некалькі разоў моўчкі торкнуў яго галавою аб жвір.– Пусці, – прахрыпеў той. – Пусці, я сын адказнага…– Мне ўсё адно (Берасневіч малаціў яго галавою). Прасі прабачэння, чуеш, зараз жа прасі.– Пусці яго, Уладзік… не трэба… ты заб’еш…