У снягах драмае вясна

– Прабач, – здаўлена прабурчаў зрынуты.– То-то ж бо, – сказаў Берасневіч, устаў і ўзяў Алёнку за руку.Яны пайшлі да Маркавіча, які ўсё яшчэ стаяў наводдаль. Гнеў Берасневіча адразу астыў. Адчуваючы, што з носа можа пайсці кроў, ён прыкрыў да яго хустачку і сказаў:– Бедная. Спудзілася ты.– Спудзілася, – прызналася Алёнка. – за цябе.І Берасневіч падумаў, што за такія словы ён згодзен біцца кожны дзень. – За што ты так яго… галавою? – сказаў Маркіч.– Не ведаю. Такія нам – горшыя ворагі. Як бандзюгі, як шпегі. Псуюць наша жыццё, абражаюць дзяўчат. Чуў, нядаўна Саркісян памёр, камуніст з 1903 года?– Чуў!– Не памёр, а забілі… такія вось, у парку. Здабыў для іх светлае жыццё, для шчанюкоў такіх. Іх страляць трэба, каб да камуны не дайшлі, не дажылі.– Не, гэтыя не бандзюкі, – сказаў Маркіч. – Проста дробныя хуліганы.– Такіх, вядома, трошкі нават нейк шкода. Маральна-дэфектыўныя, не будуюць, не змагаюцца – толькі і ведаюць, што на месяц выць ды лаяцца, як сабакі якія.Яны адышлі даволі далёка ад месца бойкі, калі Берасневіч раптам сказаў:– А гэты… “сын адказнага”… Студэнт, напэўна. Чорт, можа , некоторыя з іх не так ужо і вінаватыя. Інтарэсаў няма, шляхі ў навуку вузкія, аспірантаў бяруць зусім не па прынцыпу таленавітасці, а, у большасці выпадкаў, па прынцыпу гнуткасці спіны… асабліва ў нас, у філолагаў.– Ну, табе абурацца няма чаго, – сказаў Маркіч, – за цябе вучоны савет. Ты, братка, верны аспірант. Што паробіш, талент. Гэта не тое што я…І Маркіч уздыхнуў.– Пакінь, – папрасіў Барасневіч. – Што там будзе – гэта яшчэ невядома. Адно скажу, таленавітай моладзі патрэбен прастор, патрэбна, каб жыццё было цікавым. А гэтага ў нас часта няма. І вось часам добры хлопец ідзе ў кампанію п’янюг, бывае, што й бандзюкоў. А маральных прынцыпаў мы таксама амаль не прышчэпліваем або прышчэпліваем дрэнна. Вось паглядзіце, дзе сярод студэнтаў больш за усё крымінальшчыны ў нашым універсітэце? Сярод юрыстаў. Звыклі лёгка глядзець на законы. А дзе сярод моладзі больш за ўсё вось такіх… малойчыкаў? Сярод дзяцей людзей нядрэнна забяспечаных. Бо звыклі на грошы лёгка глядзець. І не працаваць. Мне за кнігаю або рабочаму за станком такое глупства ў галаву не палезе.Маркіч неяк надзвычайна ўхмыльнуўся.– Што ж, выходзіць – выхаванне наша дрэннае?– Не выхаванне, а нядбайнасць. Самазаспакоіліся. Працоўныя бацькі вырашылі выгадаваць панічоў.– Як гэта… вырашылі. Выходзіць – яны перараджэнцы?– Магчыма, я не так сказаў. Я факт даю. Ты прыпомні, як бацькі жылі. Галодныя, халодныя, а героі. А сынкі ў некаторых такіх бацькоў занадта тлушчам абраслі. Пагнаць бы іх з год дзесяці на некаторы час у працу, працу да мазалёў – верна кажу, была б карысць. А то жыве такая цаца бацькам на дрэнную ўцеху, а айчыне на невялікую славу.– Глядзі, хлопча, – сказаў Маркіч. – Нешта ты мудрагеліш. Ты што ж, прапануеш дзяцей адбіраць?– У бацькоў, якія хуліганаў выхоўваюць, – так. Дый чаму адбіраць? Жылі б у асаблівых установах, звыкалі да калектыву, ведалі б з пялёнак, што ўсе аднолькава хочуць жыць. Дый сам ты прыпомні Энгельса…– Пакіньце, – сказала Алёнка. – А то палаецеся яшчэ.– Добра, – заспяшаўся Маркіч, – я пабег.…Берасневіч і Алёнка доўгі час стаялі ля яе дома, і потым, калі ён паціснуў яе руку і дробна застукалі па ўсходах яе абцасікі, доўга глядзеў на вокны.Рука яго пахнула вярбенай, і ён усю дарогу не трымаўся ёю ні за які прадмет, як быццам рука балела. Ён баяўся спудзіць гэты надзвычайны, лёгкі водар.