У снягах драмае вясна

IVДумкі, падобныя да тых., што выказаў у той вечар Берасневіч, прыходзілі да яго даволі часта. Магчыма, вінен тут быў бацька, які часта распавядаў сыну пра першыя крокі дзяржавы і многае з сучаснага крытыкаваў, кажучы, што гэта не па-ленінску, магчыма, Берасневіч проста пачынаў думаць.Аднойчы на гэтай глебе ў Берасневіча з Паўлюком адбылася сур’ёзная размова. Былі яны ўдвух у пакоі. Трэці, Рыгор Сяляўка, ляжаў на ложку і спаў. Дзіўны, наогул, быў хлопец гэты Сяляўка. Худы, маленькі, з віслым носам і галавою клінам, ён пакідаў у іншых адно і тое ж уражанне: “вось слабы, бездапаможны чалавек”. А ён і сапраўды быў такі. Вечна спіць, вечна не мае сваёй думкі, вечна толькі й думае, каб прыляпіцца да кагосьці мацнейшага і гаварыць яго словамі, жыць ягонай адказнасцю. І заўсёды “так, як усе”.– Сяляўка,– казаў яму часам Берасневіч,– а калі наш курс задумае, скажам, падпаліць універсітэт – ты б пайшоў?– Н-не ведаю. Курс не падпаліць.– Ну добра. А калі б мы вырашылі ўкрасці экзаменацыйны білет і адказаць па яму, мяняючы кожны раз нумар свайго білета на нумар папярэдняга, які ў нас у кішэні. І адказаў бы ўвесь курс, і ўсе атрымалі павышаную стыпендыю, падманулі б дзяржаву ў месяц на тры тысячы, а ў семестр на васемнаццаць тысяч?– Н-не ведаю. Ты пра гэта ў Маркіча спытай, ён ведае. А я баюся так адразу...Нават сакратар факультэцкага бюро, Мікола Касмач, здзіўляўся:– Чорт яго ведае, што за чалавек. Ну нічога, Маркіч яму не дасць з’ехаць з дарогі.– А на фронце таксама Маркіч будзе за ім глядзець? – пытаўся Берасневіч.– Глядзі, начальства, правароніш чалавечую душу. І злаваўся. Але на Касмача злавацца было нельга. Так ён чыста смяяўся, як сумленны чалавек, такі быў даверлівы і просты, такі наіўна-дыпламатычны, так любіў пасядзець з добрым чалавекам за парай піва і паразважаць пра розныя мудрагелістыя рэчы. I, галоўнае, быў добрым сябрам.Берасневіч, урэшце, толькі рукою махаў....”Санеты” скончыліся. Ужо трэці дзень сакавік паліваў зямлю дажджом, з’еў апошнія снягі, зусім па-летняму булькацеў у рынвах. Шумелі глуха старыя таполі пад інтэрнацкімі вокнамі, і быў гэты шум жывы, вясенні.Паўлюк ляжаў на ложку і чытаў “Чытальнік-дэкламатар” за 1912 год. Там былі вершы Бадлера, і Паўлюк пасля кожнага верша рагатаў, як быццам “Танец смерці” быў немаведама якой вясёлай штукай.Берасневіч падсеў да яго.– Слухай, Паўлюк, вось ты зарагатаў, а ў мяне думка. Значыцца, мы здаровыя, моцныя людзі, зусім новыя людзі, калі верш, якога людзі сорак год таму пудзіліся, у нас выклікае толькі смех.– Гм. Ну, скажам, што так, – зацікавіўся Паўлюк.– І вось я думаю. Нашто гэта нас трымаюць за руку, даюць кнігі “адсюль-дасюль”, каб, крый божа, не сапсаваліся, не адкусілі мы ад гэтага Бадлера, ад Андрэева. Толькі і чуеш: “Рэакцыянер Дастаеўскі”, “Буржуа Гамсун”. Я чытаў Гамсуна, і ён нічога, акрамя агіды, у мяне не выклікаў. Скажыце, якая тонкасць – пайсці на клады, каб адшукаць ногаць мерцвяка для люлькі. І таму, калі зараз мне кажуць, што Гамсун – дрэнь, я свядома згаджаюся, свядома, а не як папугай. Дакажыце ж іншым гэта на прыкладах, на творчасці, а не голым словам. Голае слова мала важыць. Трэба быць моцным. Уяві сабе, што ты спрачаешся з веруючым, не ведаючы Бібліі. Ён жа цябе на лапаткі ўмомант пакладзе. І я не лічу, што Луначарскі, або Яраслаўскі, або, бяры ніжэй, мой дзядзька, які змагаўся супраць сектантаў і перамагаў іх у трохдзённых дыспутах іхняй жа зброяю, былі горшымі камуністамі з той прычыны, што ведалі творы “айцоў царквы” так, як іх і мітрапаліты не ведалі. Нешта тут у нас не дадумалі, гэта памылка, і тут адсутнічае давер да нашага чалавека.