1 2 3 4 5 6 7 8 9

У шалашы

Міхал ледзь паспеў дабегчы да шалаша, калі неба раскалолася папалам і ў ірваную расколіну лінула такое сляпучае святло, што захацелася сесці на зямлю.Разам са святлом з расколіны вырваўся сухі кароткі трэск, быццам нехта зламаў над галавою дрэва. Хлопец кінуўся ў чорны створ шалаша, зачапіўся аб нешта і сеў на салому.– А каб цябе, каб, – плюнуў ён.Бліскавіцы секлі неба так часта, што можна было разгледзець усё ў шалашы: саламяны ложак, зэдлік, кошык з бульбаю, кацялок на падлодзе, вязку цыбулі і старую ватоўку, што вісела каля ўваходу.Вартаўніка не было: можа, абходзіў сад, а мо сядзеў у другім месцы.Міхал высунуў галаву і, калі чарнільны змрок зноў успыхнуў святлом, пабачыў злева нешта падобнае на невялічкую пуньку: сцены з жэрдзя, саламяная, грыбам, страха.“Яблыкі восенню насыпаць, ці што?” – падумаў ён.І адразу адчуў далёкі, упэўнены, усё нарастаючы шолах дажджу. Пры святле кароткай маланкі вырасла на фоне недалёкага лесу серабыстая сцяна, насунулася, наляцела, прыціснула ўсё вакол.Міхал раззлаваўся на самога сябе.“Вось і трапіў на станцыю. А казалі ж, каб заначаваў. Яно і праўда – пасля дваццаці вёрст трэба было. Але ж да станцыі заставалася толькі пяць кіламетраў. Ну вось і начуй – не ў сваякоў, а ў невядомым шалашы”.Дождж, відаць, распачаўся на ўсю ноч.А салома між тым размаўляла з дажджом. Над самай галавою чулася лёгкае булькаценне і сухое патрэскванне звяшкі – мышынага гарошку.Свежы вільготны вецер уварваўся ў шалаш, і дыхаць стала так лёгка, быццам ты толькі што нарадзіўся на свет.Салома размаўляла з дажджом.Не, гэта ўжо не салома, гэта сапраўдная ціхая размова далятала аднекуль: відаць, з суседняй пунькі. Мяркуючы па галасах, размаўлялі дзве жанчыны: адна ў гадах, другая мо маладзейшая.Міхал не зварухнуўся. Хай балбочуць пра свае сакрэты. Ён усё адно не пабачыць іх, і яны назаўсёды застануцца для яго незнаёмкамі, ціхімі галасамі, якія прыйшлі з цемры і ў цемры знікнуць.– Што ж мне рабіць, цётачка? Я ж так кахаю яго...– А ён і глядзець на цябе не хоча. Учора зноў біўся. Адзін трох хлопцаў пабіў.– Самі вінаваты. Прыставалі да яго сябра, а той слабы хлопец.– Што казаць, – голас пажылой раптам памякчэў, – удалы юнак, бацькавіч, але...– Але, ваша праўда, не хоча ён на мяне глядзець. Як мне цяжка! Гляджу на яго вочы, нахабныя, сінія, дзёрзкія. Чуб – салома такая бывае, трошкі ржавая. І рот вечна смяецца. Такі ён мне прыемны. Міхал скінуў пінжак, лёг на спіну і закурыў. А маладая вяла далей.– Ніколі я не думала пра гэта. Але не хачу саступаць. Хачу для яго быць... Абняў ён мяне аднойчы, выпадкова, проста так...– Глядзі, дзеўка, – сказала пажылая, – так вось наша сястра і гіне.– А я і рада б загінуць, ды ён, як вецер...Міхал ціха паўтарыў яе апошнія словы... І тут было няладнае каханне. Ды што да гэтага яму?“Вось цякуць кроплі, – думаў ён. – І я такая самая кропля. Яны, зліваючыся, утвараюць крыніцу, раку, мора. Ім усё адно, з кім зліцца. Але мне патрэбна толькі тая кропля, адзіная, з якой мы разам нарадзіліся ў зямной глыбіні.Галасы сціхлі – можа, таму, што вецер налятаў парывамі, хапаў, нёс, кідаў у розныя бакі завесы дажджу. Рабілася халаднавата.А тады, паўтара месяца назад, быў такі цёплы летні дзень! І Кіеў са сваімі будынкамі, каланадамі, залатымі купаламі, здавалася, плыў кудысьці насустрач поўным, як вымя, аблокам, насустрач сонцу і цеплыні.

1 2 3 4 5 6 7 8 9