1 2 3 4 5 6 7 8 9

У шалашы

Каштаны разгарнулі зялёныя ветразі. На ўскраінах горада сходкі вялі ад хаты да хаты, варыўся на цаглінах абед, надуваліся ветрам, як рыбацкі сак, кашулі на вяроўках, чулася паўдзённая бойкая гаворка.І вецер гнаў і гнаў вулкамі таполевы пух, высцілаў ім, як сівай коўдраю, зямлю. Хлапчукі кідалі ў пух запалку, і ён выбухаў, як порах, на метр у кожны бок. І адразу, за хвіліну, гэта месца зацягвалася зноў сівой покрыўкай.Ён быў у Кіеве на экскурсіі і выпадкова забрыў у лаўру, дзе грэцкі арэшнік гладзіў твары прахожых лапчастым лісцем. У зеляніне стаяў старажытны, маленькі, як лялька, храм Спаса на Берастове. Міхал паглядзеў на яго паласатыя сцены (вузенькія, на два пальцы цагліны і слой цамянкі шырынёю ў далонь) і зайшоў у сярэдзіну, спусціўся ўніз па прыступках. Храм не вытрымаў цяжару год і, як Святагор, улез па калені ў зямлю.У сярэдзіне храма было пуста і халаднавата, бы ў склепе. А праз акенцы віднелася гарачая, напоеная сонцам лістота. Там быў поўдзень, спякота, лянівыя крыкі пеўняў...Было так ціха, што не хацелася ісці, і Міхал стаяў каля вельмі непрыгожага надмагільніка Юрыя Даўгарукага і думаў, што князю не пашанцавала. І помнік няважны, а тут яшчэ і саркафаг зрабілі такі, што толькі пужаць дзяцей. – Вось дзядзька са скрынкі ўстане – ён табе!.. Ох, лепей бы не Юрый заснаваў Маскву, а хто-небудзь іншы! Тады не ставілі б гэтага надмагільнага саркафага.Усе няшчасці для Міхала пачаліся з яго.Таму што непадалёк стаялі тры хлопцы і дзяўчына. У дзяўчыны былі моцныя, як у хлопца, ногі, а рухі такія, быццам яна гуляла ў лапту: рэзкія, спрытныя, гожыя. І галава пасаджана на шыі так, што валасы заўсёды адкінуты назад. Тварык шчыры, жважы, як у дзіцяці, і вельмі разумны. А вочы, ох, якія вочы!Міхала толькі здзівіла, што хлопцы яе нейкія цельпукаватыя, з чорнымі, нячышчанымі пазногцямі. І глядзяць яны на яе без усялякай пачцівасці і папросту клічуць Мар’яшай. А сам ён толькі зірнуў і адчуў, што прапаў.Мар’яна між тым злёгку штурхнула аднаго з хлапцоў далонню ў лоб.– Лёвачка, Лёвачка, гэта ж трэба такі кабак на плячах мець? Шукаць трэба было.– Ну а каб нават і адшукалі касцяк, што тады? – апраўдваўся ён. – Як даведаліся б?– А як Яраслава пазналі? – спытала замест адказу яна.– “Яраслаў бысць хром”, – прабасіў другі юнак, у акулярах.– Ды яшчэ па белай пляме на чэрапе, – жвава падхапіла яна. – След мяча. Неяк і гэтага пазналі б.І тут Міхал не вытрымаў. Страшна было нават падумаць, што дзяўчына знікне некуды – і канец. Таму ён падышоў і глухім, бы ў бочку, ненатуральным голасам спытаў:– Прабачце, хіба дакладна невядома, дзе пахаваны князь?– Ну так, так, – загарэлася яна. – А хіба вы не ведаеце?У Міхала быў выгляд чалавека, які праглынуў лом.– Не ведаю, – сказаў ён, – я толькі паляўніцтвазнавец.– А мы археолагі, – усміхнулася яна, – зараз тут, з украінцамі разам, працуем.– Цікавая ў вас праца, – шчыра сказаў Міхал.– А ў вас?– Таксама. Але ў вас яна асаблівая: скарбы шукаць, закінутыя гарады.Усе пырснулі. Толькі яна надзвычай уважліва глядзела на яго:– Гэта не так прыгожа. Вы што, ніколі не бачылі раскопак?– Не. Але вельмі хацеў бы.– Хлопцы, – рашуча сказала яна, – бяром яго з сабой. Хочаце з намі?– Вельмі, – загарэўся ён.– Тады едзем. На Борычавым Узвозе пракладалі траншэю і натрапілі на цікавыя рэчы. Нас там чакаюць.– Горача, – заныў Лёвачка, – піва хачу. Паспеем.

1 2 3 4 5 6 7 8 9