1 2 3 4 5 6 7 8 9

У шалашы

І павярнуў прадмет так, што відны былі толькі бакі плоскасцяў. – Вось табе і крыж. І дзірка, праз якую напіцца можна.– Ч-чорт, як гэта я не здагадаўся, – пачухаў патыліцу Лёва. – А дзеці палескія здагадаюцца. Ды і ў старажытным Кіеве, відаць, здагадваліся. Прагрэс.– Апошні ўдар, – адмеціў нехта і задаволена зарагатаў.Лёвачка схіліў галаву да пляча.– Ну хлопцы, ну хлопцы, ну Міхал! Гэта ўжо забаронена: ляжачага не б’юць.Агульны рогат заглушыў яго словы.А яна глядзела на Міхала здзіўленымі і сур’ёзнымі вачыма.– Каб вы толькі ведалі, Міхал, якую вы важную справу зрабілі.– Глупства, – сказаў ён, – проста гэтыя палескія дагэтуль не далі ніводнага археолага.– Як ваша прозвішча?– Дарскі.– А што, – ціха сказала яна, – “цацка Дарскага”. Нядрэнна гучыць. І дадала: – Знойдзены дзве шыферныя прасніцы, каралі-“лімонкі” і адна “цацка Дарскага”. Не, Міхал, вы ўсё ж малайчына. Гэта нас бог звёў.Лёвачка зухавата стаяў на краі траншэі, абапіраючыся на рыдлёўку. Рот да вушэй, вочы хітрыя.– Ты зубы не загаворвай, – прыжмурыў ён адно вока, – ты абяцанне выконвай.– І сапраўды, – сказаў хлопец у акулярах.– Абяцанне! Абяцанне! – загулі ўсе.Зноў вакол блішчалі зубы, асабліва белыя на запыленых сонцам абліччах.Потым ён перавёў вочы на дзяўчыну. Яна трохі зніякавела. Абое глядзелі адно на аднаго.– Я думаю, сказаў Міхал, – Мар’яну Юр’еўну не трэба прымушаць. І лавіць яе на слове не варта. Яна пацалуе сама – каго захоча і калі захоча. І гэта будзе цудоўны чалавек, лепшы на зямлі. Яна кепскага не абярэ.– Брава! – сказаў таўстун.У трусіках і чырвонай з чорным каўбойцы, ушчэнт спалены сонцам, ён нагадваў афрыканца.– Брава! – паўтарыў ён. – У наш век заняпаду рыцарскіх адносін вельмі прыемна чуць такое. Хвалю, малады чалавек!Урэшце, нікуды Міхал не паехаў. Ні праз два дні, ні праз тыдзень. Ён адстаў ад групы і ўвесь водпуск правёў з гэтымі людзьмі. Яны вельмі спадабаліся яму, а ён – ім. Таму што ён быў вельмі кампанейскі і просты хлопец...Міхал павярнуўся на бок і сціснуў далонямі скроні.“Ах, божа мой, божа мой”, – застагнаў ён.Дождж усё шумеў і шумеў за саламянай страхою. Лёгкія подыхі ветру даносілі водар абмытай лістоты, горкі павёў палыну, востры пах мяты.Дождж... Менавіта так дождж шумеў тады, калі яны ўдваіх хадзілі паркамі па беразе Дняпра.Шырокія сходы царскага палаца, бела-блакітныя муры, мокрыя дрэвы, кручаны струмень фантана, агні ліхтароў у начных шатах.Дождж мацнеў і мацнеў. Яны ледзь паспелі дабегчы да пустой ракавіны для сімфанічнага аркестра і схавацца туды.Слабае святло падала на падлогу, блішчалі мокрыя рады пустых лавак. І ветрык, такі, як цяпер, патыхаў з мокрых клёнаў.– Холадна... – здрыганулася яна.Ён накінуў ёй на плечы свой пінжак. Пінжак спаўзаў, і яму давялося прытрымаць яго рукою. Адчуваў пад далонню яе худыя моцныя плечы. І, неспадзявана для сябе, прыгарнуў яе да грудзей.Аднойчы Міхал бачыў дзікую казу, якая папалася ў пастку. І вочы ў той казулі былі такія, як цяпер у гэтай дзяўчыны.Яны прасілі яго, малілі – не чапаць, пусціць яе. І ён не вытрымаў, пусціў...Пасля яны пачалі дурэць, разыгрываць перад пустымі лаўкамі, перад мокрым паркам, у якім не было ніводнага чалавека, сцэну з нейкай пышнай трагедыі.– Вазьміце меч, – замагільным голасам стагнаў Міхал, – і мне прабіце грудзі. Клянуся пасівелай барадой і ўсёй гарэлкай у скляпах – вы любая і ясная...

1 2 3 4 5 6 7 8 9