1 2 3 4 5 6 7 8 9

У шалашы

Ён мне не падабаўся з дзяцінства. Вечна такі, быццам яго сабакі шкамуталі, вечна зубы выскаляе. Яршысты нейкі, злы. Аднойчы, ну зусім так, як твой, біўся адзін з чатырма... Гады праходзілі. І часта бывала: ён на адным баку рачулкі пасе, а я на другім. Прабіла аднойчы нагу на ржэўніку, сяджу, плачу. Чую, гукае ён:”Гэй, трыпутніку прыкладзі”. Праз некалькі дзён прыйшла на пашу – матляецца на лазовай галіне белая анучка. Я падышла – пад кустом лапцікі ляжаць, акуратненькія такія. А ён з таго боку зубы выскаляе. Пераплываў, чортаў сын. А маглі ж падстрэліць... І так добра сплёў, хоць ты квас імі пі.Я тым часам добрая дзеўка выгадавалася, хоць снапы вазі. І ўвесь час заўважаю: вылуплівае ён на мяне вочы. Так і пайшло.Калі ведаем, што нікога няма блізка – часам словам перакінемся.Потым ён стаў гаварыць, што я вельмі яму падабаюся. А я ў адказ толькі пасмейваюся:– Што ж з таго? Хіба з табою на гулянку пойдзеш?У вас паны, у нас “попасы”. І вось яна – мяжа. Узімку адночы сабраліся на папрадухі, спяваем. І раптам ён – шусь у хату.Хлопцы хацелі былі яго набіць. Няма чаго нам, маўляў, “палякаў” гэтых літаваць. Ды я ім так сказала, што яны адразу змоўклі.– Дурань, – кажу Алесю, – цябе ж заб’юць.– А я назнарок такую ноч выбраў, – і смяецца. Зубы прадае. – Дуйка мяце. Дулю яны сляды заўважаць.Танцавалі. Я яму шчыра сказала, што ён мне не патрэбен, што мне такімі хоць платы падпірай. Не верыць.– Ты, – кажа, – усё маніш. Не можа гэтага быць, каб я не падабаўся.І сказаў, што прыйдзе за мною, што няма яму ад мяне дарогі. Прызначыў ноч.І толькі пайшоў, узнялася страляніна.Так мы і згубілі адно аднаго. Потым – вайна. Я сувязной была.Ну і закруцілася карусель. Немцы ганяюцца за партызанамі, партызаны за немцамі. І вось аднойчы прыходзіць перад світаннем чалавек. Глядзіць, усміхаецца.– Не пазнаеш? – кажа.Я глянула – божа мой, Алесь. Зарослы, жорсткі ўвесь нейкі. Але глядзіць з-пад калматых броваў весела. Выявілася, што ён таксама сувязны. І даведалася я, што нічога ён не забыў, што па-ранейшаму ажаніўся б, калі я не супроць.А мяне як чорт які за язык торгае. Не хачу, і ўсё. І так цягнулася ўсё з год. Як ён ні прасіў мяне, якіх слоў ні казаў – не хачу. Кошчыны гульні – мышчыны слёзкі.І вось аднойчы з’явіўся ён да мяне позна і не паспеў да раніцы пайсці. Вырашыла я схаваць яго ў старой бульбяной яме на гародзе. Там не знойдуць. Я пажартавала яшчэ:– Не крыўдна табе будзе цэлы дзень хату і мяне бачыць?– Самы смак, – кажа.І нанёс чорт у гэты дзень немцаў. Пачалі лавіць людзей для адпраўкі ў Германію.Мяне ўжо і ў калону былі загналі, ды я неяк вырвалася і канавай, канавай, а потым ля платоў да сваёй хаты. Але заўважылі мяне здалёк – і за мной. Я скочыла на двор – і на гару.А ён з ямы ўсё гэта бачыць.На гары ў нас салома ляжала. Зашылася я ў салому за комінам і сяджу.Чую – шукаюць. Ператраслі ўсё ў хаце. Рыпяць прыступкі, – лезе нехта па лесвіцы. Стаў, дыхае цяжка.– Вайбе, – кажа выходзь.Я сяджу як мыш пад венікам. І раптам аўтаматная чарга проста па саломе. Каб не комін...А тут нехта на двары заліўся, як ганчак на зайца.– Ай-я-я-яй, ай-я-яй. Вось ён! Вось ён!..І чую, той, хто страляў, скаціўся з лесвіцы. Ушчалася страляніна. Раздаўся выбух.Я зірнула ў шчыліну. А гэта мой Алесь выскачыў з ямы – і бегчы, як ліс, каб адцягнуць паляўнічага ад нары. Ён і гранату кінуў.Бяжыць, бяжыць па роўным полі, а яны па ім страляюць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9