1 2 3 4 5 6 7 8 9

У шалашы

Ён у хмызах знік, а пра мяне яны забыліся. Загэркалі нешта па-свойму і пайшлі. Потым я кінулася па следу і знайшла яго ў раўчуку. Вочы пяском зацярушаны, кісць левая на жылачках вісіць.Дацягнулі яго бабы да хаты. Ён руку памацаў і кажа:– Рэжце...– Далі мы яму самагону і адрэзалі мускулы, на якіх рука вісела. Потым, калі апрытомнеў, я схілілася над ім:– Алеська, добры мой, дарагі.– Нічога не бачу, – кажа ён глуха.– Алесь, любы ты мой. Будзеш бачыць.А ён павярнуўся да сцяны і глуха так адказаў:– Не хачу я цябе бачыць. Ідзі...Вядома, ён лічыў, што калі з ім такая бяда, дык не яму пра мяне думаць. Куды, маўляў…А я толькі вуснамі яму да шчакі:– Даруй ты мне... Я ж вельмі цябе кахаю. Ты такі мой добры, такі жаданы.І вось з таго часу мы разам. Выхадзіла я яго ў атрадзе. Праз некаторы час пачаў ён бачыць. І такое мне было шчасце – нічога, здаецца, не трэба больш.– Як жа так, цётка, – спытала маладая, – і дагэтуль добра пражылі? У вас жа небагата? І дзяцей многа?– Глупства, – паблажліва адказала старэйшая, – жывём. Ён са мною – і досыць.Міхал уздыхнуў. Гэтыя людзі разважалі іначай. Ён закурыў другую папяросу. Жанчыны змоўклі. Відаць, паклаліся спаць.Дождж усё шамацеў над самай галавою, спорны, роўны. І пад шум дажджу Міхал непрыкметна заснуў.Сніўся яму стэп, астравок таго стэпу, што трапляецца ўжо на поўдні Беларусі. Шырокая пыльная дарога, колкія промні сонца. На ўзвышшы, усе ў чырвоным марыве і самі чырвоныя, стаяць людзі з рыдлёўкамі. І раптам ён чуе здзіўлены вокліч. Нехта бяжыць да яго з узгорка.– Вярнуўся! Вярнуўся, – задыхаецца яна.Яе рукі бяруць чамадан...– Хлопцы! – крычыць яна. – Ён вярнуўся! Ён з намі!А сама прыціскаецца да яго.– Не, – кажа ён, – я толькі паглядзець. Я мужчына. У мяне гонар.І вось гасне, робіцца сумным яе аблічча. Ён разумее, што гэта яна, але не пазнае яе рысаў. Чужая, зусім чужая, – а калісь свая, – яна стаіць каля яго. Знікае...Міхал застагнаў у сне, хапаючы пальцамі паветра. А яна ўсё знікае. Знікла. І стэп быў той самы, але трывожны, як перад навальніцай. А людзі на ўзвышшы расплываліся ў чырвоным марыве.Гэта было так жахліва, без яе, так жахліва, як ніколі не было наяве. Ён прачнуўся ад жаху і сеў, увесь дрыжучы.– Мар’яна! – крыкнуў ён, як толькі сон адпусціў яго горла.Была ціша. У шалаш свяціла сонца. Кожная зёлка, упрыгожаная нізкай кропель, красавалася, зіхацела.Міхал не помніў, як ён схапіў чамаданчык, як выкаціўся з шалаша.Дымела мокрая чорная зямля, праменні купаліся ў лужынах, яблыні стаялі ў мокрай знямозе, раскашавалі. А на ліпы і хмызы было балюча глядзець.І пырхала, пералятала з галіны на галіну, з дрэва на дрэва ў хмызы і зноў на дрэва ўзбуджаная да вар’яцтва малінаўка. Спявала, ажно сад звінеў:– Разумееце, разумееце, разумееце?! Разумееце, сонца ёсць. Яго зусім не зжэрлі! Яно ёсць! Ёсць!!!Далёка, садам, ішлі дзяўчына і мажная кабета, якую схілілі не гады, а праца. Яны аб нечым размаўлялі.А малінаўка звінела і звінела:– Сонца ёсць!.. Ёсць!..І пад гэты спеў Міхал шпарка пакрочыў да дарогі. Ён плюхаў па лужынах, слізгаўся і ўсё паскараў крок.Дарога звярнула да ракі, пайшла берагам. А свет увесь ператварыўся ў сімфонію гукаў, іскраў, пахаў.“Я абавязкова ўсё раскажу, – думаў Міхал. – Усё будзе добра. Каханне не адступае, яно не адступае ніколі. Я пераканаю яе ці яна мяне – хіба не ўсё роўна? Хіба дрэнна стаць рабочым на раскопках? Паліцца пад промнямі, глядзець у яе вочы, цалаваць яе, гарачую ад сонца, калі за курганам згасае заранка і цені ад узгоркаў імчаць полем, як скіфскія коннікі?”

1 2 3 4 5 6 7 8 9