Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

І таму, паказаўшы праз д’яблаў, што вылецелі ў іх з ратоў, аб’ектыўны сэнс іхняй ідэі і іхняй дзейнасці, я цяпер стану паказваць іх такімі, якія яны былі. А калі здарыцца ім сказаць нешта такое, што вышэй за іх саміх на чатыры галавы, – ведайце, што гэта паказвае свае рожкі бес, які зноў потайкам забраўся ў іхнія душы.Бесы ўсё яшчэ віселі над галовамі коннікаў, чакалі.Лотр ехаў і гідліва глядзеў па баках.– Мне здаецца, вы вывезлі мяне паляваць на мышэй, – сказаў ён.– Чаму?– Глядзіце, – і кардынал запусціў доўгія белыя пальцы ў падплоеныя валасы.На чорнай, як вугаль, зямлі варушылася жывое. Сотні мышэй сноўдалі ад аднаго квёлага парастка да другога, падточваючы іх.– Шэрыя! – віскнула жанчына.Лотр паказаў белыя зубы:– Калі гэта тонкі намёк на адзенне нашага спадарожніка і ягоны ордэн...Басяцкі засмяяўся:– Тонка, ваша правялебнасць. Але гэта проста мышы. Бачыце, бягуць адусюль у Гародню. Як апошняя Божая кара. Чуюць, што там хлеб. Нічога, да мураваных складаў і свірнаў ім не дабрацца... А ўвогуле дрэнна. У горадзе іх з кожным днём прыбывае. Спасу няма. Нават з царкоўных скарбонак вылазяць мышы.– Занадта старанна і дбайна ачышчаеце тыя скарбонкі?– Не. Проста ў мяшчан ужо таксама амаль няма хлеба.– То кіньце ім шчодрай рукой, – нявінна сказаў Лотр.– Божы хлеб? А яны, няробы, зноў будуць лайдачыць?– Ну, глядзіце. Але тады вам давядзецца рабіць нешта іншае. Яны прыйдуць прасіць ад царквы цуда і абароны... Глядзіце!І яны заўважылі. Дарога варушылася і плыла. Як рака. Тысячы, сотні тысяч мышэй запаланілі яе ўсю. Ішло некуды засяроджанае, упартае ў сваім тупым і вечным руху наперад мышынае войска. Коні, выкатваючы ў смяротным жаху вочы, задкавалі ад яго прэч.– Бачыце? – спытаў Лотр.– Што ж, давядзецца ў бліжэйшыя дні ўчыніць над імі імем царквы суд Божы. Няхай потым не кажуць, што мы засталіся безуважныя да пакутаў народных.Наколькі сягае вока, плыла ўся дарога. Легіёны грызуноў ішлі наперад, на Гародню.

Раздзел ІІІ

Стары, Вітаўтаў яшчэ, гродзенскі замак быў страшны. Пабудаваны менш чым паўтара века назад, ён, нягледзячы на гэта, заняпаў і не толькі стаў рабіцца лядаштым, але сям-там пачаў і руйнавацца. Сваіх майстроў у вялікага князя не было, а беларускія ці былі пабітыя пры ўзяцці горада, ці разбегліся. А хто застаўся, той будаваў, прама скажам, дрэнна: ведаў, што на ягоны век хопіць, а там хай бы і трава не расла. Дзеля каго было будаваць? Ён, князь, вядома, герой, дык лёгка ж быць героем на трупах пакораных. Спачатку гінулі ў войнах з ім, потым гінулі ў войнах за яго. Ды яшчэ каб бярог старыя звычаі ды веру, а то з лаціннікамі спеўся. То гары яно ясным гарам!Такая ў той час абыякавасць напала на людзей! Дый майстэрства падупала, як заўсёды пры вечнай вайне. І вось з паўтарасажнёвых муроў выпадалі і каціліся ў Нёман камяніскі, трушчыліся пад цяжарам валунных слаёў слаі цэглы (муры былі, як слоены пірог: слой каменных брылаў – слой цэглы), вежы (чатыры квадратныя і адна круглая, па імю Зафея) былі запушчаныя, выраслі на іх малыя бярозкі, лебяда і іншая дрэнь. Сачылі, відаць, больш за замкавым палацам, чым за мурамі.І ўсё ж цытадэль была страшная. Стральчатыя гатычныя вокны палаца, грыфельныя муры, вострыя дахі са свінцовай чарапіцы, зялёная і смярдзючая вада бяздонных равоў, вузкія, як шчыліны, байніцы верхняга і ніжняга бою. Ля Саляной вежы – камяністы, касталомны зрыў да ракі. А ля яе – узгорак, вышэйшая кропка Замчышча, гародненская Галгофа. Там зараз кружляла груганнё: зноў, відаць, кагосьці выкінулі на пажыву.