Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Людзі на Старым рынку, прыціснутым ледзь не да самых равоў, не звярталі на птушак ніякай увагі, дарма што крумкачы лямантавалі не толькі над Зітхальным Гарбом, а і над вежамі. Звыклі. Чаго ні даводзілася бачыць за апошні час. Трэба было жыць. Хаця трохі падаражэй прадаць сваё, ледзь не апошняе, хаця трохі падзешавей купіць збожжа... Мала народу варушылася ў той дзень на чатырохкутнай плошчы.Крамы данцыгскіх ды крулявецкіх купцоў былі шырока адчынены, але што ў іх рабіць простаму чалавеку? Збожжа там не прадаюць, збожжа там купляюць. Купляюць і футру, але якія футры ўлетку. Купляюць, вядома, і лён, і пяньку, ды толькі мераю іхняй куплі не мужыцкая жменя, а цэлы панскі абоз.Варшаўскія, торуньскія, крымскія купцы. Часам прамільгне, бы з цёмнага дрэва рэзаны, веніцэец, гарбаносы нарвег, ці нават валох, або нават зябкі маўр. Ведаюць: тут спакойна, тут, у горадзе гарадоў, ніхто іх не зачэпіць. Бо ўсё тут, што датычыць гандлю, у руках купца і для купца. Купец не дасць магнату пакрыўдзіць і абабраць, рада не дасць царкве накласці на ўсё нясытую лапу.І не ведаюць яны, што, нягледзячы на самаўпраўленне, усёй гэтай раскошы прыходзіць канец, прыйшоў ужо канец. І нічога не зробіць рада ні з замкам, ні з царквою, ні з магнатамі, ні з іхнімі шляхецкімі атрадамі, слугамі і прыгоннымі.Толькі і засталося радзе, што ўладарыць над рамеснікамі, падмайстрамі ды плебеямі. І над табою ўсялякі суд ёсць, а ты, бурмістр, вы, радцы ды лаўнікі, толькі і можаце, што спрэчкі аб маёмасці разбіраць радзецкім судом ды забойствы і іншае такое – судом лаўнічым.І дрэмле за акном ратушы мардаты лаўнік, чакае, калі нейкага злодзея спаймаюць ды прывядуць. А побач, у вялізным заезным доме гасцінным, думаюць багемскія, нямецкія і іншыя купцы, як бы Гародню на чарговым кірмашы абабраць.Ідзе варта ў чашуйчатых латах. Падалей ад яе, падалей ад багатых крам. Вось на гэтым баку плошчы лепей. Тут хочаш бэркаўцам купляй, хочаш – жменяй. Над дзвярыма рыбных радоў рыба-кіт глытае Іёну. Над хлебнымі радамі волат-хлебаед жарэ каравай велічынёй з царкву – таксама пуката выразаны, пафарбаваны. А над дзвярыма піўнога рада анёлак пускае струмень. А што, сапраўды, як іначай паказаць, што такое піва і што яно робіць з людзьмі.Хлебнік і рыбнік, гаспадары дзвюх вялікіх суседскіх крам і шматлікіх пры іх складаў, сядзелі ля дзвярэй у цяньку, на каменных лавах, ды лянотна гаманілі аб сім-тым. Балела з пахмелля галава: учора добра памаліліся богу Борцю, якому па вёсках і дагэтуль ставяць у ахвяру ля свепетаў1 бярозавік і разведзены вадою мёд, імя якога пры айцах духоўных вымавіць – злітуйся і ўратуй нас, Пан Езус.Худы рыбнік скроб пальцамі ў рудых валасах. Хлебнік, увесь нібыта са сваіх хлябоў складзены-збіты, каламутна глядзеў на свет, віцаю крэсліў на зямлі нешта незразумелае.– Чаго гэта ты чухаешся? Блохі адолелі, ці што?Рыбнік нібыта абурыўся. Адказаў старым, як свет, жартам:– Гу-у. Блохі... Што я табе, сабака, ці што? Во-ошы... Проста, братка, галава баліць. Увесь я сяння... як гарэлачная пляшка.– Ну вось. Сяння, як пляшка, а ўчора ўпоперак канавы ляжаў, як грэбля... І вада цераз цябе верхам цурчала, як у дрэннага млынара.– Ладно, до! Што за звычай прыпамінаць з учарашняга ўсё самае непрыемнае.– Не буду. Як там у цябе хаця гандаль, рыбны кардынал?– Ну-ну, не нюхаў доказнай інквізіцыі?– Хай жыве царква святая. То як?