Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Аман. Дзярмова. Запасаў няма.– У абодвух у нас тых запасаў няма. Ні ў каго няма.– Ану, дай слухаць. Нешта там юроды загарлалі, ды мешчанота наша туды пабегла.Там, дзе адзін з бакоў плошчы ледзь не абрываўся ў роў, непадалёку ад замкавага моста, сапраўды ўзахапы і наперабой (аж напіналіся на лбах і шыях жылы) лямантавалі два чалавекі – юрод, падобны на цюк анучніка, калматы, худы, як віца, і здаравенны звераваты чалавечына ў шкурах і ў скураным поясе на палову жывата, з голымі рукамі і нагамі. Грыва валасоў, шалёныя вочы, сківіцы, што маглі б раструшчыць і камень. Расстрыга ад Спасаіконапрэабражэння, а цяперашні гарадскі прарок Іллюк. Уздымаў лапы, падобныя на звязкі тоўстых карэнняў:– І прыйдзе за мною – праява мне была – нехта, як за Янам Ксціцелем... Езекііля1 ведаеце?– Не! Не!– То яму, як і мне, сказана было: па грахах вашых і памаўзліваму юрадзейству тужыць па вас нябесны Ерусалім. Воды вашы горкія, бо гарэлка, што выпілі вы, – тут расстрыга заплюшчыў вочы і правёў далонню па пузе, – па-айшла-а па жылах зямных. І сказаў мне з Езекііля: “Еш ячменныя праснакі і пячы іх на чалавечым кале”.Бабы вакол плакалі. Мяшчане і рамеснікі змрочна глядзелі ў адверстую пашчу. А тут яшчэ паддаваў жару юрод, крычаў аб зямлі, якая згарэла, аб коршаках, якія судзяць мышэй, аб небе, што вось-вось саўецца ў світак.Тужліва было слухаць яго – хоч ты плач. І адначасова трохі і памысна. Бо ўсё ж абяцаў і ён нейкае прасвятленне.– Але прыйдзе, прыйдзе муж нейкі і вызваліць вас! Блізка! Блізка! Блізка!Рыбнік сплюнуў пахмельную сліну.– Што гэта там дурань пра суд крычаў?– Судзяць сёння сіх-тых у замку царкоўным судом.– Што, можа, тых, што псоту пускалі? Ад каго голад?– Голад – ад Бога.З самага заканчэння пабудовы Старога Замка суд часцей за ўсё засядаў у вялікай суднай зале. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Аддавалі вялікую залу і царкоўнаму суду, калі гэты апошні не баяўся вынесці смецця са сваёй хаты. Тайныя ж допыты ён праводзіў звычайна ў сутарэннях дамініканскай капліцы, калі судзілі католікі. А калі судзілі праваслаўныя, то ў падземнай турме ля трохкупальнай Ганны або ў адным з мітрапалічных дамоў – камяніц тых, што ля Каложы2.Сёння дастаслаўны сінедрыён поседам сядзеў у вялікай суднай. Адпачыўшы пасля палявання, добра такі выпіўшы напярэдадні (а Лотр яшчэ і разгавеўшыся), айцы непасрэдна прыступілі да важлівай справы, дзеля якой жылі ў гэтай зямной юдолі і насілі мантыі і расы рознага колеру, у залежнасці ад таго, як каму пашанцавала.Зала была, уласна, верхняй паловай усходняга нефа3. Замкавы палац быў пабудаваны ў выглядзе базілікі, як царква, і меў шэсць нефаў, з якіх сярэдні быў толькі трохі вышэйшы за астатнія. Да яго прылягала па два бакавых нефы з кожнага боку і адзін папярочны, трансэпт. Сярэдні неф быў ва ўсю вышыню будынка і служыў залай для тронных прыёмаў. У трансэпце былі пакоі вялікага князя, а потым караля і іхніх двароў, цяпер даволі запушчаныя. Бакавыя і папярочны нефы былі пасля паходу Вітаўта на Пскоў4 падзелены на два паверхі. У ніжнім паверсе заходняга нефа жыла варта, у другім – прывілеяваныя воіны. Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. У першым, усходнім нефе, на абодвух паверхах, былі жытло для шаноўных гасцей і вялізная дварцовая капліца. І, урэшце, у першым паверсе крайняга ўсходняга нефа былі цямніцы для радавітых і склады зброі.