Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

На другім паверсе большую частку памяшкання займала вялікая судная зала (малая была ў трансэпце, пад бокам у караля), а меншую, аддзеленую ад яе пры Вітаўце ж мурам у тры цагліны, – катоўня. З катоўні скрыты ход у сцяне вёў праз усе паверхі пад зямлю, дзе былі сутарэнні для вязняў, а яшчэ глыбей каменныя мяхі, у якіх губляўся назаўсёды след чалавечы і адкуль за стагоддзе з лішнім не выйшаў, здаецца, ніхто, нават на могілкі. Аб іхніх жыхарах проста забывалі і, калі спушчаны ўніз гарлач з вадою праз тры дні поўны вяртаўся назад – закрывалі дзірку ў столі мяшка каменем, бы запячатвалі збан з віном, а праз паўгода, калі пераставала смярдзець, спускалі туды ж на вяроўцы новага вязня. З-за таго, што судная зала была ў верхняй частцы нефа, вострыя гатычныя скляпенні з пукатымі рэбрамі нярвюраў5 віселі ледзь не над самай галавою, папярочна-паласатыя, у чырвоную і белую палосы. Вузкія, як шчыліны, верхнія часткі вокан былі ля самай падлогі, і таму святло падала на твары членаў суда ненатуральна, асвятляючы толькі ніжнюю частку падбароддзя, там, дзе яно пераходзіць у шыю, лапік пад ніжняй губой, ноздры і верхнюю частку верхніх павек з бровамі. Насы кідалі шырокую паласу ценю на лоб, непрасвяцімая цемра ляжала ў вачніцах, і твары суддзяў здаваліся таму злавеснымі, незвычайнымі, такімі, якіх не бывае ў людзей.Суддзі сядзелі на ўзвышэнні, ля самага ўваходу ў катоўню, за сталом, што быў завалены скруткамі паперы, фаліянтамі спраў, пер’ямі. Акрамя Басяцкага, Камара і Лотра, сёння, як на ўсіх працэсах, што былі царкоўнымі па юрысдыкцыі, але датычыліся ўсяго горада, сядзелі ў суднай зале войт горада Цыкмун Жаба, шырокі брухам, грудзьмі і ўсім іншым магнат, апрануты ў залататканую чугу і з пячаткаю неверагоднай тупасці і такога ж неверагоднага самаўзвышэння на твары; бурмістр горада Юстын, якога ўжо трэці год выбіралі на гадавы тэрмін: мяшчане – таму, што быў адносна справядлівы, купцы – таму, што быў багаты, а царква хаця і не выбірала, але не пярэчыла, бо толькі яны адны ведалі, колькі ўсяго рознага ўдалося ім і магнацтву выдраць ад Юстына, рады і горада за гэтыя тры гады.Сядзеў, акрамя іх, схізмат (дармо, што Гародня тады была пераважна праваслаўнай), правялебны Рыгор Гародзенскі, а ў міры Гіляр Балвановіч, а для непачцівых і цяпер проста Грынь. Рыхлы, сонны, з маленькімі мядзведжымі вочкамі. Адны толькі гараджане ведалі, што, калі даводзіцца разбараняць у бойках гарадскія канцы, гэтая млявасць правялебнага можа цалкам нечакана, як у кракадзіла, перайсці ў бліскавічныя хуткасць і спрыт.Акрамя іх, было яшчэ некалькі духоўных за судзейскім сталом, а ў другім канцы залы вяшчальнікі, якія за пачаткам суда выйдуць за муры і абвесцяць аб усім гораду, і дзесяткі тры цікаўных са шляхты і іхніх кабет.Ды яшчэ ля сцен стаяла варта, а сярод іх вызначаліся двое: паўсотнік Пархвер, сапраўдны гігант у сажань і шэсць дзюймаў ростам і адпаведны ў плячах і грудзях, і сотнік Карніла, змрочнага выгляду, нізкалобы і каржакаваты, як корч, воін.На Пархвера на вулках глядзеў натоўп. У Кракаве па ім вар’яцелі прыдворныя разбэшчаныя жонкі, таму што быў ён не проста хваравіты гігант, якога і вецер пераломіць, а сапраўдны, прапарцыянальна складзены волат, першы на кані, першы на мячах, першы за сталом, з рукамі, таўшчынёю, як сярэдні чалавек у поясе, вагою трохі цяжкаваты. І прытым не бык. Твар спакойны, вочы вялікія і сінія, нават з задумлівасцю, валасы залатыя. Чорт яго ведае, як яго такога ўмудрыліся выпусціць на свет?!