Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Карніла здаваўся перад ім проста малым, хаця быў сярэдняга росту. Чырвоны, трохі больш грузны, чым трэба, падстрыжаны пад гаршчок, падобны ў сваіх латах на самавар – нічога асаблівага. Млелі па ім пры двары, дзе ён таксама бываў у войтавай свіце, куды меней. І ўсё ж, хаця жанчыны і тут рабілі палітыку ў большай ступені, чым гэтага хацелі і чым аб гэтым думалі мужчыны, Карніла ішоў да вайсковай верхнасці хутчэй за ўсіх. І ўсе ведалі: менавіта яму дадуць тысячніка, калі з выпадку вайны трохі павялічыцца гародзенскае войска. Таму што Карніла вызначаўся дзіўнай, амаль нечалавечай спраўнасцю, вернасцю і дысцыплінай, а ў Пархвера, хаця і разумнейшы быў, здараліся прыпадкі ярасці, гневу і баявой лютасці, такой, калі чалавек ужо не зважае ні на што: ні на ворага, ні на сваіх начальнікаў.Калі яшчэ дадаць, што з прыадчыненых дзвярэй катоўні вырывалася і скакала па скляпеннях і нярвюрах зарыва, што адтуль часам выглядаў кат, – перад намі будзе поўная карціна таго, што адбывалася ў суднай зале тым летнім днём.Цыпрыян Лотр сядзеў сёння як старэйшы на месцы старшыні суда. Няўхвальна паглядаў, як фіскал1 Ян Камар дрэмле, нахмурыўшы грозныя бровы. Што за дрэнны звычай спаць на ўсіх прэніях?! “Бярэ” занадта чалавек. І спіць мала ўначы. Але ж вось не дрэмле Басяцкі за сваім асобным, адвакацкім столікам. Шамаціць сувоямі паперы і пергаментнымі аркушамі, з-пад аксаміцістага чорнага капюшона глядзяць жывыя вочы.Гэты не дрэмле, хаця таксама не спіць начамі, хай сабе зусім з другой прычыны, чым Камар. Па-першае, тайныя справы (доўга ім яшчэ быць тайнымі, хай не спадзяецца, і добра, калі год праз восемдзесят можна будзе ўзняць забрала і адкрыта назваць дамініканскую капліцу езуіцкай, якой яна, фактычна, вось-вось будзе, або, ні на каго не зважаючы, узвесці вялізны новы касцёл2); па-другое, думы аб тым, як, акрамя невялічкай сваёй дамініканскай школкі, прыбраць у рукі, хай сабе і непрыкметна, парафіяльную ды царкоўную школы. Па-трэцяе, іншыя начныя справы. Гэта ён тут толькі адвакат, а вось што ён па начах у сутарэннях дамініканскай капліцы?!Кардынал устаў:– Імем маці нашае, рымскае царквы, вінавацяцца сёння ў страшных злачынствах супраць Бога і чалавецтва гэныя брыдкія адроддзі пекла, зграя сатаны... Прынясіце схопленых.Карніла прынёс з бакавой нішы і паставіў на стол клетку з мышамі. Сярод цікаўных завішчала нейкая пані. Пачаўся Божы суд.– Хай палохаюцца падсудныя суда Божага. – Кардынал нават сам адчуваў, як сыходзіць высакародствам ягонае аблічча. – Я, нунцый яго свяцейшаства папы...Ён гаварыў і гаварыў, з асалодаю адчуваючы, як лёгка плыве мова, як тонка, зусім не па-кухоннаму гучыць залатая лаціна, як грацыёзна рухаюцца пальцы па краях скруткаў.– ...іспісаўшы правіны іхнія, перадаю стырно суда фіскалу. Прачытайце абвінавачванне, фіскал.– Га? – толькі тут прачнуўшыся, спытаў Камар.– Вазьміце на сябе шчыт веры, брат мой, каб адбіць усе распаленыя стрэлы крывадушніка.Біскуп устаў, міргаючы не толькі вачыма, але і цяжкімі бровамі, пашукаў пачатак прамовы сярод аркушаў, не знайшоў. І раптам ірвануўся адразу на крык, нібы з берага ў кіпецень.– Шалберы, махляры, ерэтыкі ў сатанінскім юрадзействе і зладзействе сваім, аб’елі яны нашу квітнеючую краіну, – біскупавы пальцы, бы ў латы, закутыя ў золата, хрызапразы, смарагды і бірузу, торкалі ў клетку. – Гноем павінныя гадавацца – хлеба яны ўсхацелі.