Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Грубы рэзкі твар наліваўся бурай крывёю, пенныя заедзі накіпалі ў кутках вялізнага жорсткага рота.– Радзіму нашу мілую, слаўны горад Гародню, горад гарадоў, асірацілі яны. Жэрлі, бы не ў сябе, і апаганьвалі жыта наша, і выводзілі ў ім гэтакіх жа дзяцей граху, як самі. Імем царквы ваяўнічай, імем Бога і апостальскага намесніка яго на зямлі, імем вялікай дзяржавы нашае і прасветлага кроля Жыкгімонта – я вінавачу!Голас ягоны загрымеў пад нізкімі скляпеннямі, як голас звона ў званічнай клетцы.– Я вінавачу гэтае адроддзе ў беганіне ўначы пад падлогаю, у палоханні жонак і... палюбоўніц...Лотр зразумеў, што Камар трохі заманіўся. Ужыў з разгону пасля слова “жонак” злучнік “і”, не ведаў, што б такое назваць яшчэ, і, па сваім вопыце ведаючы, што “каханка” ўсё ж менш ганебна, чым “дзеці”, ляпнуў “каханку”. І гэта ў той час, калі дзяцей мае кожны жыхар горада, а трымаць палюбоўніц – рэч недазволеная.– ...пражэрлівасці, смуродзе злашкодным, раскраданні чужога збожжа і іншым. Я патрабую каразна1!Не, “палюбоўніц”, здаецца, ніхто не заўважыў. Наадварот. Камар так узбухторыў народ, такі ён зараз выключна велічны, што цікаўныя адказваюць крыкамі, а пані істэрычным віскам:– Пражэры! Драпежнікі! Шкоднікі!Другі вяшчальнік выходзіць, каб пракрычаць народу, чаго патрабаваў фіскал.Лотр успамінае ўсе такія працэсы. Што зробіш, Богу падпарадкоўваюцца і жывёлы, хаця іхняя душа танюткая, зусім празрыстая і не мае перад сабою вечнасці і бяссмерця. Судзілі год сто назад у Рыме чорнага ката алхіміка... як бо ж яго... ну, усё адно. Павесілі. Судзілі разам з гаспадаром, лекарам Карнеліусам з Майнца, ягонага барана, у якога ўсяліўся дэман. Судзілі год пяцьдзесят таму ў Францыі Сулара і ягоную свінню. Яго спалілі, яе закапалі ў зямлю. Дэману, ворагу рода чалавечага, нельга патураць, нават калі ён знаходзіць сабе прыстанак у бесславеснай істоце. Судзілі ўжо і мышэй, у Швейцарыі. І казлоў судзілі і палілі. Гэтых часцей за ўсё, за схожасць з чортам.І, аднак, Лотр усміхаецца. Ён не ведае, аб чым думалі іншыя суддзі, ці верылі ў правіну Суларавай свінні і лекаравага барана, але ён, Лотр, не ўпэўнены, што зубамі мышэй дзейнічаў на гэты раз д’ябал. Ён ведае, што гэты суд нешта накшталт пластыра, які адцягвае гной, або п’явак, якія смокчуць лішнюю кроў, каб яна не кінулася ў галаву. Можна праявіць і міласэрнасць, якой славута Хрыстова царква.І пад удар молата Лотр устае. Сціхае шалёны крык.– Нашто ж так жорстка? – Твар ягоны свеціцца. – Бедныя, літасць царкоўная і на іх. Ці прызнаяце вы правіну сваю, малодшыя, падманутыя браты нашы?Карніла нахіліўся да клеткі. Але гэтага нават не трэба было рабіць. У раптоўнай мёртвай, зацікаўленай цішыні ясна аддалося жаласнае папіскванне мышэй.– Гм... Яны прызнаюць сябе віноўнымі, – сіпла сказаў Карніла.– А вы ім хвасты не прыціскалі? – з тым жа светлым абліччам спытаў Лотр.– Крый Божа... Гэта ж не чалавек... Я... іх, скажам шчыра, баюся.– Царква міласэрная. Дык вось, брат мой Фларыян, скажы ў абарону аблудных гэтых.Прыкрыўшы вочы рукою, Лотр сеў. І адразу ўстаў айцец Фларыян. Усмешка на хвіліну прамільгнула па вуснах, шэрыя вочы змежыліся, бы ў яшчаркі на сонцы.– Яны прызналіся ў раскраданні хлеба. Чаму вучылі мяне ў такіх выпадках у Саламанскім універсітэце? Вучылі таму, што галоўнае ў суднай справе – прызнанне абвінавачанага ці абвінавачанай. Нават калі іншых доказаў няма – яно сведчыць аб жаданні жывой істоты быць чыстым перад Богам і царквою. Тут мы, на шчасце, маем досыць доказаў. – Хітрая, разумная, чымсьці нават прыемная ўсмешка зноў прабегла па вуснах патаемнага езуіта. – Маем мы і прызнанне. Значыцца, пераконваць у неабходнасці прызнання нікога не даводзіцца, і кніга праўды, якую запаветалі нам найчысцейшыя дбайнікі веры Шпрэнгер і Інстыторыс2, сёння застанецца закрытай.