Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Разгарніце яе! Разгарніце! – залямантавала нейкая жанчына на лавах.– Я ведаю яе на памяць, – сказаў дамініканец. – І я не задумваўся б ужыць яе, каб для гэтага былі прычыны. Пакаранне мы знойдзем і без “Молата ведзьмаў”. Помніце, яны прызналіся... Зрэшты, паколькі справа аб хлебе датычыцца перш за ўсё не сыноў царквы, якія дбаюць больш аб хлебе духоўным, а міран – я хачу спытаць, што думае аб гэтым славуты сваім найвенкшым багаццем, розумам і сілай, ды яшчэ і адукацыяй, магнат, ілюстрысіме Цыкмун Жаба.Жаба перабіраў тоўстымі пальцамі вясёлкавы шалевы пояс, які ляжаў у яго не на жываце, а пад грудзьмі. Тлустыя касіцы чорных валасоў падалі на вочы. Адкашляўся. Твар стаў такі, што хаця б і Карлу Вялікаму па паважнасці, толькі што дурны, як свіная левая шынка.– Свядомасць – важная справа. То бок прытомнасць... Тфу... прызнанне. Прызнанне – гэта... уга!.. Памятаю, выпівалі мы... Прызналіся яны тады... Зноў жа, і хто кажа, што ведае, гаворыць праўду, а словы лжэсведкі – падман. Мужыкі мае сведчылі: аб’елі іх мышы, а...Жаба тужыўся, нараджаючы ісціну.– ...гэта... vox populi vox... гэта... Як бо гэта ў калегіюме казалі... ну, arbiter elegantiarum...3 Памятаю, закусвалі мы...– Скажыце пра мышэй і збожжа.– Збожжа трэплюць: водзяць па ім малатарныя колы з канямі іхнімі. І гэта адбываецца ад Пана Бога. Вялікая прамудрасць ягоная.– Дзякуй.Басяцкі ўбачыў, што Лотру – хоць праз зямлю праваліся. Добра яму, а што б рабіў ён, каб даводзілася жыць побач з такім?Войт не проста ідыёт, а ідыёт дзейны, ды яшчэ і п’яны і ўпэўнены ў сваіх велічы і розуме. Крыўдуе, калі хоць па самаму дробнаму пытанню не спытаюць ягонай думкі. А ён – войт, значыць, ад караля. Ён гаспадар горада. Ён багаты, як халера, і моцны, як чума. “У яго войска, і паглядзеў бы я, як ты, кардынал, пасварыўся б з “мячом горада”.Але ён добра валодаў сабою. І таму расчулена паківаў галавой і сказаў з класічным аратарскім жэстам:– Я заклікаю ў гэты раз быць міласэрнымі: не ведаюць бо, што вытвараюць. Улічыце, гэтыя шэранькія стварэнні могуць прыносіць і карысць. Яны паядаюць лічынкі, і насякомых, і чарвякоў.Аблічча ягонае было аблічча самай уседаравальнай літасці.– Яны елі, так, але ж і яны павінны падтрымліваць тленнае цела, калі ўжо Бог наш уклаў у яго душу.Лотр хітаў галавою, быццам яго ўмашчалі нардам1.– І, нарэшце, галоўны мой козыр... э-э-э... довад: мышам невядомыя Запаветы Майсея, што забараняюць прысвойваць чужую ўласнасць. Я скончыў.– Суд ідзе на думу і нараду, – сказаў Лотр....У дзень вялікага суда над мышамі вольны мужык прыгараднай вёскі Занямонне Зянон з’явіўся ў Гародню, каб купіць хаця трэць бязмена збожжа. У Занямонні, як і паўсюль, было дужа цяжка, і, напрыклад, сам Зянон з жонкаю ўжо чатыры дні не елі ні хлеба, ні кашы. Згарэла нават лебяда. Удавалася, што праўда, лавіць рыбу. Ды што рыба? Рыбаю тою кішаць рэкі. Удавалася нават, з вялікай асцярогай, лавіць сілом зайцоў, і быў аднойчы выпадак – лань. Мяса і рыба былі – гэта праўда. Але дарослыя ўжо цэлы год дасыта не елі хлеба, часам месяцамі не бачылі яго. Мяса, заўсёды толькі мяса дзікіх жывёл, ды яшчэ і забароненых верай (як заяц) або магнатам (як лань). Сёння спаймаў аж трох, а потым за тыдзень нічога. А солі, каб зберагчы, таксама не было.Дзецям бацькі ўсё ж давалі патроху хлеба, і то малыя пакутавалі жыватом. А самім даводзілася дрэнна.Ад заўсёднага мяса без солі аж вараціла, і ўвесь час думалася, а што будзе зімою, калі Нёман укрыецца лёдам, калі звяры адкачуюць у нечапаныя пушчы, а сляды будуць заставацца на снезе, а значыць, у кожны момант цябе могуць спаймаць панскія паюкі. Што будзе тады?