Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Чаго мыеш?– Я-то здаровы. А бываюць розныя, пракажоныя хаця б. Хоць усё гэта і ад Бога, а ў рукі браць брыдка.– Ну, гэта як каму, – усміхнуўся хлебнік.– То дасі?Хлебнік пачухаў галаву:– Дынарый кесара. Любы ты мой чалавек. Чалавек ты ўжо дужа харошы. Горды. Ну, можа, наскрабу. – І манета знікла, нібы яе й не было.Зянон стаяў і чакаў. Праехаў паўз яго воз з сенам да брамы бернардынаў. Побач ішоў здаровы дурыла-манах. Калматы сялянскі конік пацягнуўся быў да воза – манах ударыў яго па храпе. Конік звыкла – нібы заўсёды так было паложана – апусціў галаву са слёзнымі вачыма.І тут Зянон убачыў, як напярэймы возу ідзе знаёмы каваль, Кірык Вястун, боўдзіла, можа, толькі на галаву ніжэйшы за славутага Пархвера. Твар адмыў, а рукі – чорт ты іх нават за тыдзень адмыеш. Смяецца, зубы прадае. Жоўты ў пшанічны колас, як агонь у ягонай кузні. Вочы ястрабіныя. Скураны фартух цераз плячо, у адной руцэ молат. А з ім ідзе яшчэ адзін здаравіла (ох, і здаровы ж гародзенскія мяшчане, дый паўсюль па Белай Русі не горшыя!), толькі што худзейшы ды валасы занадта доўгія. Гэты – у бялюткай, як снег, світцы і ў данельга заляпаных гразёю поршнях. Цераз плячо – казіныя мяхі вялізнай дуды.Дудар глянуў на сцэну з конікам, пайшоў да воза і скубануў адтуль вялікі ахапак сена. Манах сунуўся быў да яго, але тут павольна падышоў Вястун.– Чаго табе, чаго? – спытаў нявінным голасам.Дудар ужо кінуў сена коніку.– Еш, Божая худоба, – і трапануў яго па грыўцы, што звісла на вочы. Жывёла прагна пацягнулася да сена.– Сена шкадуеш, куражэр? – спытаў Кірык. – От так табе чэрці ў пекле халоднай вады пашкадуюць.– Сам у пекле будзеш, дысыдэнт3, – сказаў бернардынец.– За што? За тое, што не так жагнаюся? Патрэбна гэта Пану Богу, як тваё мінулагодняе дзярмо.– Блюзнер! – круцячы вачыма, як баран перад пратэсамі, прахрыпеў мніх.– Скубі яшчэ ахапак! – скамандаваў Кірык.Валыншчык марудзіў, бо манах пацягнуўся да корда. І тады каваль узяў яго за руку з кордам, хвіліну павагаўся, адольваючы немалое супраціўленне, і павёў руку з кордам да мніхава лба:– А вось я цябе навучу, як схізматы хрысцяцца. Хаця раз ды саграшы.Каб не параніцца, бернардынец расціснуў кулак. Корд змейкаю бліснуў у пыле. Дудар падумаў, узняў яго, з сілаю шпурнуў у студню. Там гулькнула. Ён паправіў дуду і пайшоў да воза.– Вось так, – Вястун з сілаю прыпячатаў мніхаў кулак да ягонага лба. – І вось так, – мніх сагнуўся ад штуршка ў жывот. – А цяпер правы плячук... Куды ты, куды? Не левы, а правы. А вось цяпер – левы.І з сілаю адкінуў мніха ад сябе.– Блюзнерства гэта, Кірык, – няўхвальна сказаў дудар. – Гарэзаванне.– Кінь, – плюнуў каваль. – Унь Кляонік каталік. Што я, прымушаў яго па-нашаму жагнацца? Ды я яго кулаком абмахаў, а не пяццю пальцамі. Кінь, дудар, сам хвігаю жагнаешся.Конік удзячна хітаў галавою. І тут сёй-той на плошчы, і Зянон, і нават сам каваль свіснулі. З абскубенага воза тырчалі жаночыя ногі, падціскаліся. Мніх з бліскавічнай хуткасцю ссунуў на іх сена, пабег побач з коньмі, падганяючы іх.Брамнік з грукатам адчыніў перад возам браму. Усміхнуўся з разуменнем справы.Воз знік. Ляснулі палавіны брамы.– Бачыў? – з рогатам спытаў Кірык. – Вось табе і скубанулі.– Вачам не веру, – палез у патыліцу дудар.Сябры з рогатам рушылі вуліцай, стараючыся заняць як мага больш месца.“Трэба будзе з кавалём пагаварыць”, – падумаў Зянон.Хлебнік ужо выйшаў з невялічкім хатульком. Гледзячы ў спіны сябрам, шапянуў: