Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Ерэтыкі. Цяпер вядома, адкуль такія лісткі падмётныя, вабныя з’яўляюцца, ад якіх такіх братэрстваў.Зянон убачыў клуначак.– Ты што? Пабойся Бога, хлебнік.– Уздаражэла збожжа, – пазяхнуў той. – Ну і... потым... табе ўсё адно праз тыдзень прыходзіць, то астачу, столькі ж, тады возьмеш. Каб не навальваўся адразу, каб далей хапіла. Я цябе шкадую.– А збожжа тым часам яшчэ ўздаражае?– Шкадуй пасля гэтага людзей, – сказаў рыбнік.– Слухай, ты, – засіпеў хлебнік. – Мала ў мяне хлеба. Зусім амаль няма. І мог бы я табе і праз тыдзень нічога не даць, і ўвогуле не даць. Ціхон Вус твой сябар?– Ну, мой.– Не ведаеш закону? Між сяброў кругавая парука. Вус мне двойчы па столькі вінен. Ідзі... І калі хочаш, каб увесь горад цябе па языках трапаў, каб усе ў цябе пальцамі торкалі і казалі: “Вось, кіпаць1, мужык прагны, сябра, чулі, як шкадуе, як выручыць не згадзіўся?..”, калі хочаш прытчай і наруганнем агульным быць – тады прыходзь праз тыдзень за другой паловай.Зянон стаяў бледны. Ён ведаў: яго толькі што бессаромна падманулі. І што цяпер даваць дзецям? Але ён ведаў і тое, што ні праз тыдзень і ніколі не прыйдзе па астатняе збожжа. Звычай ёсць звычай. Ніхто не дапаможа, усе будуць паказваць пальцамі на чалавека, які не заплаціў доўг за бліжэйшага друга, не дапамог яму.Акруціў, навалач-хлебнік.Заграбаючы поршнямі пыл, Зянон рушыў ад крам. Што ж цяпер рабіць? Што будуць есці дзеці?Рука ягоная трымала клунак, зусім не адчуваючы яго, нібы ватнымі пальцамі. Усё больш разгіналіся яны – ён не заўважаў, глядзеў невідушчымі вачыма перад сабой.Хатулёк выслізнуў у пыл і, не завязаны, а проста сабраны, расхінуўся. Жыта пасыпалася ў пыл. Ён хацеў сагнуцца і падабраць хаця тое, што ляжала купкаю, але ў гэты момант са стрэх, з дахаў, са званіц касцёла бернардынцаў, адусюль, са свістам разразаючы паветра, падаючы проста грудзьмі, рынулі на яго соценныя чароды галубоў.Ежы ім апошнія месяцы не хапала. Ашалелыя ад голаду, забыўшыся на ўсялякае самазахаванне, яны біліся перад Зянонам у пыле, дзяўблі зямлю і адзін аднаго, суцэльным комам варушыліся перад ім.– Вестуны Божага міру, – разумеючы, што ўсё прапала, сказаў мужык. Не даваць жа выспятка, не таптаць было святую птушку. Зянон махнуў рукою.– Разява, – зарагатаў ля крамы рыбнік. – Рукі ў...Зянон не пачуў. Ён доўга ішоў бязмэтна, а потым падумаў, што ўжо ўсё адно, што трэба, ад няма чаго рабіць, хаця б знайсці Вестуна, пагаварыць трохі, адцягнуць нясцерпнае вяртанне дахаты.І ён пайшоў у той бок, дзе зніклі дудар і Вястун. Не дайшоў. Насустрач яму ішлі яшчэ знаёмыя. Адзін, шырокі ў касці, да сіняга чорны і добра такі сівы, падстаркаваты гараджанін цягнуў, нібы звязку аеру, ахапак адкутых мечных палосаў. Другі, малады і вельмі падобны на падстаркаватага, такі самы сухі тварам, гожы, праманосы, з добра выразаным усмешлівым ротам, валок інструмент. Гэта былі мечнік Гіаў Турай і ягоны сын, Марка.– Здароў, Зянон, – сказаў Марка.– Дзень добры, – сказаў Гіаў.– Здароў.– Чаго гэты ты, нібы каня няўдала ўкраў? – спытаў Марка.Зянон неахвотна расказаў усё. Гіаў свіснуў і раптам сказаў сыну:– Ану, пайшлі з ім. Кідай справу.– Чакай, Кляоніка возьмем. Дый цяжар там пакінем.– Ну, давай.Яны пакрочылі да невялікай майстэрні ў суседнім Разьбярным куце.– Вы, хлопцы, Ціхону Вусу толькі нічога не кажыце. Сорам! Задражняць. Скажуць: “Кіпаць”.– Ты, дзядзька, маўчы, – сказаў Марка.