Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

І, дальбог, смяялася тая галава. Мо проста зубы скаліла, а мо – з нашых бедаў. І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга.Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя. І страшна было глядзець у тыя вочы, і мурашкі па спіне, нібы Евінага змія ўбачыў, і непамысна неяк, і нібы ў чымсьці вінаваты.Л е к а р у, вядома, страшна было глядзець. Бо я, Андронік Лагафіл, што выпадкова тады перабываў у Смаллянах, ля возера таго не быў, Лекару можна, а ў мяне такога абаронцы, як у яго, няма. Дый не цікавіў мяне пракляты звер. Я ў веры цвёрды і цікаўнасці лішняй выракаюся. Няўхвальная яна дзеля хрысціяніна, цікаўнасць.Потым толькі зведалі мы, з чаго смяяўся дохлы звер. Тады, калі рачоны Хрыстос у Гародню зайшоў і людзей пабіў, і ксяндзоў1 з магнатамі пабіў. А з’явіўся ён за грахі каталіцкіх2 сыраядцаў і асабліва за грахі кардынала Лотра3.Вялізнае ляжала на беразе і смярдзела, што, д’ябал яго ведае, з якіх дапатопных часоў прыйшло і вось, па невядомай прычыне, здохла. Можа, таму, што з’явіўся чалавек... Але гэта мудрагельствы пачаліся ўжо. А хрысціянін мудрагеліць не павінен, каб не падупала вера. І так заняпала яна ў апошнія нашы часы.І было ў вачах ашклянелых, ва ўсім здыханні пачвары гэтай і ў смуродзе нейкае прароцтва. Але якое – слабым мазгам чалавечым дагэтуль не ўдалося зразумець....І яшчэ было ў той год страшнае і незразумелае. Толькі ўжо не на зямлі, а на небе. Узнікалі недзе далёка азёры і акіяны, і замкі плылі ў аблоках, і невядомыя ля іх дрэвы і чароды, што пасвяцца.Плылі ў небе караблі пад крывавымі ветразямі.І ўставалі ў небе гарады так буйна, што жыхароў можна было пазнаць у твар, і адзін пазнаў у гэтым д’ябальскім горадзе сябра, а за гэта яго звалаклі ў гарадскую цямніцу. Таму што, калі ў цябе ўжо сябры ў такіх гарадах жывуць – ясна, што ты за птушка.А то было яшчэ тады ў Мсціслаўлі. Выйшаў толькі дзень назад з горада шляхецкі полк на мяжу. І вось убачылі гэты полк жыхары. Ідзе па небе. А праз некалькі дзён выразалі і выбілі гэты полк да апошняга чалавека. Ішлі Маскву біць, а замест гэтага Масква іх пабіла. Ішлі па небе, куды праз некалькі дзён і адправіліся. Гэта, значыцца, Бог знак падаў.А з Менска ў той самы час убачылі ў небе два легіёны, якія, схапіўшыся, біліся так, што ясна было: мала хто застанецца жывы. Можна было разгледзець дым, шаблі, коней, што гігаталі без гуку, і каноны4. О гора вялікае! О ярасць чалавечая!А потым выявілася: бачылі сечу нашых з татарамі, тымі, якіх яшчэ князь Васіль Трэці на нас навёў. А біліся за Мазырам. А датуль ад Менска амаль сто шэсцьдзесят дзве менскіх вярсты5, як птушцы ляцець.І ад жаху, голаду, сечаў і знакаў нябесных зразумела было: наступаюць апошнія часіны, смерць лютая людству і выміранне. Тыя часіны, калі, можа, не толькі на развод людзей не застанецца, але і аднаго, каб плакаць над трупамі. Тыя, калі застаецца толькі і спадзявацца, што на вышэйшы розум.Думаю – байкі гэта. Ніхто нічога не ведае. І не ён гэта, пэўна, прыходзіў. Але тое, што на небе рабілася і што зрабілася ў тую ноч – гэта праўда, гэта многія бачылі. І таму паверылі лёгка. А можа, і не таму, а проста роспач....Вясною той, уначы, – а бачылі тое жыхары з Міра, з Нясвіжа, і Слуцака, і Слоніма, усіх тых мясцін і весяў, – з шыпам і свістам прамчаў па небе агнявы змій з доўгім зыркім хвастом.Бліжэй за ўсё бачылі яго мужыкі вёскі Ванячэ, што пад Мірам. Праляцела зверху, і ўніз, і наўскос і чабарохнулася за акаёмам. Здрыганулася зямля, шуганула нешта нейкае агнём, а потым даляцеў глухі ўдар.