Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Перад домікам разьбяра пылу не было. Усю вулку тут засцілаў тоўсты слой стружак і габлюшак, і старых, пацямнелых, і пахучых, новых. Пад навесам, што апаясваў будыначак, стаялі загадзя зробленыя падмайстрамі балванкі, недаробленыя багі. І вялікія, і сярэднія, і зусім малыя. Над нізкімі дзвярыма – складзень з двума адкінутымі, як аканіцы, палавінамі (каб прыкрыць у дождж ці завіруху). У складні, на немалую спакусу ўсім – Маці Божая, як дзве кроплі вады падобная на славутую зеляніўшчыцу з Рыбнага рынку Фаўстыну, нават не каталічку. Фаўстына, склаўшы ручкі і схіліўшы ўсмешлівую, чарцячую галоўку, з цікаўнасцю, бы з яра на голых купальшчыкаў, глядзела на людзей.– Кляонік, дружа! – гукнуў Марка.Адчынілася слюдзяное акенца. Выглянула, як на майстра, то і зусім саплівая (год пад трыццаць), галава. Смяецца. А чаго не смяяцца, як дагэтуль халасты, як усе цябе любяць, нават прыгажуня непараўнальная, Фаўстына.Кляонік, вітаючы, узняў руку з разцом. Валасы, як залацістая хмара. Цёмна-блакітныя вочы і велікаваты рот смяюцца. І Марка засмяяўся яму ў адказ. Сябры! Усмешкі аднолькавыя. Вельмі прыемныя, трохі лісіныя, але бяспечныя.– Выходзь, Кляонік, справы.– Чакай, вось толькі задніцу святой Інэсе дараблю, – сказаў разьбяр.– Як задніцу? – спытаў Гіаў.Замест адказу Кляонік паказаў у акно драўляную, у палову сажня, статуэтку жанчыны, якая ўкленчыла перад кімсьці. У жанчыны былі доўгія, да зямлі, валасы. Невядома, як гэта ўдалося разьбяру, але каштанавае дрэва гэтых валасоў было лёгкае нават на выгляд і, здавалася, празрыстае. А паколькі жанчына трохі схілілася, прыціскаючы гэтыя хвалі да грудзей, валасы ўпалі наперад, прыагаліўшы частку спіны. Дзіўнай прыгажосці была гэтая спіна, схопленая мастаком ў лёгкім, амаль непрыкметным, але поўным грацыі выгіне.І нічога тут не было кепскага, але разьбяр нібы саромеўся трохі і гаварыў грубавата.– А так. Яна ж валасамі галізну прыкрыла ў паганскай турме. Дзіва здарылася.– Дык, пэўна, і... спіну? – сказаў прыгаломшана Гіаў.– А мне што? Усё адно яна ў нішы стаяць будзе. Хто заўважыць? А мне практыкавацца трэба. Усе святыя ў рызах, бы язык у звоне, а тут рэдкі выпадак.Некалькімі амаль нябачнымі, пяшчотнымі рухамі ён падправіў статую, кінуў ёй на галаву фартух – прыкрыйся! – і выйшаў да гасцей, падпёршы трэсачкаю дзверы.Вестуна, Дудара і Зянонавага сябра Ціхона Вуса знайшлі ля Ціхонавай майстэрні ў залатым радзе.Ціхон, і сапраўды такі вусаты, што каштанавыя хвалі вусоў віселі да сярэдзіны грудзей, выслухаўшы, скрывіўся.– Дурань ты, дружа, – сказаў ён Зянону. – Я за той хлеб яму адрабіў. Пярсцёнак залаты з хрызапразам зрабіў ягонай... гм... яшчэ ў мінулым лістападзе. Яна ў лістападзе нарадзілася, то хрызапраз ёй – шчаслівы камень. Няўжо такая праца паловы бязмена збожжа не вартая? Я думаў – мы разлічыліся. І потым, калі галубы вінаватыя – ён павінен табе аддаць. Пляц, на якім ягоная крама стаіць, належыць Цыкмуну Жабе. І ён за яго ані шэлега Жабе не плоціць, а за гэта абавязаны галубоў з Бернардынскай і Янавай галубятняў гадаваць. То ён, відаць, ад нясытасці не гадуе. Вочы ў яго шырэйшыя за пуза і прагныя, як ястрабава валлё. Святых птушак да разбою прывучыў. Што ж рабіць?Кірык схаваў у кішэнь косці, якімі ад няма чаго рабіць мужыкі гулялі ўтрох, і ўстаў.– Ану, хадзем.– Куды яшчэ? – спытаў Зянон. – Вечна ты, Марка, раззвоніш.