Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Хадзем, хадзем, – падтрымалі каваля сябры.Ціхон таксама ўстаў. У яго былі дзіўныя рукі, брудна-залатыя аж вышэй кісцяў – так за дзесяць год уеўся ў іх бязважкі залацісты пылок, адзінае багацце майстра. Жылаватыя вялізныя рукі.І гэтыя залатыя рукі раптам сціснуліся ў кулакі....У суднай зале чыталі прысуд. Чытаў ларнік1 суда, нават па выгляду дурны, як левы бот. Вырачваў вочы, рабіў жэсты пагрозы, жэсты міратворня, жэсты ўрачыстыя. А словаў зразумець было амаль нельга – быццам гарачую кашу варочаў у роце чалавек.– Ясней там, – усміхнуўся Лотр.– “...з гэтага сыходзячы, – ларнік адкашляўся, як Пярун, – высокі наш суд загадвае сатанінскаму гэтаму адроддзю...” Слухай!Ад пярунападобнага голасу мышы ў клетцы сталі на заднія лапкі. Ларнік павучальна і ўжо ад сябе сказаў ім:– Сказана бо, здаецца, у “Кнізе Выйсця”: “Шма, Ізраіль!” Гэта, значыцца, “слухай, Ізраіль”, во як.– У вас што, усе тут такія абдараваныя? – спытаў Лотр.– Многа, – сказаў дамініканец.Ларнік чытаў са скрутка далей:– “Загадвае высокі наш суд асудзіць тых на баніцыю2, выгнаць тых мышэй за межы слаўнага княства і за межы слаўнага каралеўства, да ерэтыкоў, – няхай ведаюць. А паколькі яно высокае, наша правасуддзе, – выдаць ім ахоўную грамату ад катоў і варон”. Вось яна.Карніла ўзяў у ларніка скрутак, пайшоў у кут, пачаў запіхваць яго ў мышыную нару. І раптам скрутак, нібы сам сабою, паехаў у падмосце, а яшчэ цераз хвіліну адтуль даляцеў радасны, сатанінскі віск.– То ж бо, – сказаў сотнік. – З моцным не судзіся.Волат Пархвер прыслухаўся:– Яны, па-мойму, яго ядуць. У мяне слых тонкі.– Іхняя справа, – буркнуў Сотнік.У падмосці пачалася радасная валтузня.– Бачыце? – сказаў змрочны Камар. – І яны прыйшлі. І гэтым цікава.Кардынал устаў.– Думаю, не павінны мы забываць аб літасці, аб чалавечнасці, а ў гэтым выпадку – аб анімалізме. Трэба даць два тыдні спакою маткам з малымі мышатамі... Нельга ж гэта, каб у дваццаць чатыры гадзіны.– Розум добра, а дурасць – гэта дрэнна, – як заўсёды, ні з пушчы ні з поля сказаў Жаба.– І месяц тэрміну для цяжарных мышэй, – сказаў Басяцкі.Ларнік слухаў, што яму кажуць і шэпчуць, крэмзаў нешта пяром. Потым устаў і агаласіў:– У адваротным жа выпадку – анафема!Сябры стаялі ля хлебнікавых дзвярэй. Хлебнік шныпарыў вачыма па суседзях-крамніках, але тыя, відавочна, не хацелі звязвацца са здаравеннымі, як буйвалы, рамеснікамі.– То што, – спытаў Вус, – пярсцёнка майго не лічыш?– Чаму? – схаваў вочы хлебнік. – Ну, памыліўся. Ну, памылка. Насыплю яму яшчэ вузлік.– І той насып, – змрочна сказаў “грак” Турай.– Гэта чаму? – узвіўся хлебнік.– А таму, – сказаў, смеючыся, Марка. – Чыя справа галубоў гадаваць? Ціснешся, скупірака? З-пад сябе з’еў бы?!– Ты ўжо змоўч, шчанюк, – засычэў быў на яго хлебнік.– А я вось табе дам “вузлік”, – заступіўся за сябра Кляонік.– Ты чаго лезеш?! Ты?! Каталік! Брат па веры!– Брат я табе на нашых могілках буду: ты ля капліцы, я – з краёчку, дарма што я багоў рабіў, а ты іх рабаваў.– Блюзнер! – кіпеў хлебнік.– Змоўч, кажу, – усміхаўся Кляонік. – А то я з цябе лішняе дрэва здыму або зусім зраблю з цябе Яна Непамуцкага1.– А вось табе і торба дзеля гэтага. – Кірык кінуў да ног хлебніка мех.– Гэта яшчэ нашто? – пачырванеў той.– Ён даў табе дзесятую частку талера. Гэта больш паловы вось гэтага меха.Зянону было хоць праз зямлю праваліся. Сам не здолеў, лабідуда, то вось сябры за яго распінаюцца.