Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Не, – ледзь выдушыў хлебнік.– Значыцца, не дасі жыта?– Раджу, ці што?– Та-ак, – падазрона спакойна сказаў Кірык. – Духі святыя ўсё падзяўблі, мышы падсудныя.І ён раптоўна ўзяў хлебніка за грудзі.– П’янюга, мачыморда, рабаўнік, ты ў мяне зараз Нёманаву ваду будзеш піць да страшнага суда.– Дзядзька... Дзядуля... Татуля... Швагер.– Ідзі, – кінуў яго ў дзверы Вястун.Хлебнік пабег у склад.– Дзі-ур-лі-бе-бе-бе-бя-бя-бя, – непераймальна, да самых нізкіх гукаў спускаючыся, прабляяла яму наўздагон дуда. Нібы вялізны дурны баран аддаваў Пану Богу садухі....Трохі пазней сябры спусціліся ніжэй Каложскай царквы, да Нёмана. Шырокі, імкліва-прыгожы, празрысты, ён ляцеў, як страла. Праменні сонца гулялі на плыні, на купалах Каложы, на свінцовых, пазалочаных рамах у яе вокнах, на аліўкава-зялёных, карычневых, вясёлкавых крыжах з майалікі, на дахах і крыжах Барысаглебскага манастыра. На недалёкай драўлянай званіцы “Алене”, пабудаванай коштам жонкі былога вялікага князя, блішчалі ахвяраваныя ёю званы. Шмат. Дзесяткі два.Некалькі маладых мніхаў-жывапісцаў з манастырскай школы сядзелі на сонейку, корпаліся з фарбамі ў драўляных лыжачках, у паловах яечных шкарлупак, у кубачках, памерам з напарстак. Малявалі нешта на дошках, цюкалі чаканчыкамі па золаце і срэбры.– Таксама радыя цеплыні, – сказаў распешчана дудар. – Божаму сонейку.– А яны што, не людзі? – усміхнуўся Кляонік.– Дык вы ж адны адных не лічыце за людзей, – буркнуў Турай.Каваль пакасіўся на яго.– Яны – людзі, – сказаў разьбяр. – І страшэнна здольныя людзі. У мяне з імі больш братэрства, чым хаця б з тым... капланам Басяцкім. Непамысна мне, калі гляджу я ў ягоныя вочы. Ён нешта такое патаемнае, страшнае.– Кінь, – сказаў Марка. – Што ён, ад веры можа нас адвесці? Мы вас не чапаем, а вы нас не чапаеце.– Мы не чапаем. Яны могуць зачапіць.– Яны? – усміхнуўся Марка. – Слабыя? Колькі іх на Гародню?– А “Ганну” яны, слабыя, ужо адабралі ў вас. І пісар Богуш, са згоды караля, на іхнюю карысць былым Спасаіконапрэабражэннем паступіўся.– То ён жа табе лепей...– Мне ён не лепей. Мне будзе кепска, калі святую нашу раўнавагу яны парушаць. Калі ты за рэбры павіснеш, а я, каталік, за кампанію з табой. Як сябар. Чуў, вяшчальнікі сёння што крычалі? Мышэй судзяць. Нібыта проба. А доказная інквізіцыя гуляць пайшла. Малады Бекеш быў у Італіі, у Рыме. Жах там робіцца.– І нашыя не лепей, – сказаў Турай.– Правільна. Але “нашыя” далёка, – сказаў Вястун. – А гэтыя бліжэй і бліжэй. То што там казаў Бекеш?– А тое. Страшныя ідуць часы. Царкву маю нібы ахапіў злы дух. Манахі і папы гуляшчыя і прагныя. Тысячамі паляць людзей. Цёмнае ідзе, хлопцы.– Гэ-э, – сказаў Зянон. – Дарэмна ў набат б’еш. Тут у нас свой закон. Нікога асабліва за веру не чапаюць. Ну, паступіўся Богуш “Спасам”. А чаму забываеш, што ён праваслаўны, што ён гэтаму вось манастыру Чышчаўляны падарыў, што нават вялікая княгіня яму, манастыру, званіцу пабудавала і сад пажалавала. Што суседняе з намі Панямунне яму кароль падарыў.– Былы кароль, – сказаў Вястун. – Былая каралева. Цяпер у нас каралева рымлянка. З тых месцаў, дзе людцаў тысячамі паляць.– Так, – сказаў Кляонік. – Дачка медзіяланскага1 князя.– Дый Богуш ужо не той, – казаў далей каваль. – Хістаецца панства, хлопцы. Войт у нас хто? Іншыя паны? Праўду кажа Кляонік. Як бы нам сапраўды на коле не верашчаць. Асабліва калі яны, як з мышамі, спяюцца... нашыя ды іхнія. А мы ж таксама для іх... мышы... Страшныя ідуць часы.