Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Яны адышлі далей, каб не перашкаджаць мастакам, і разваліліся на траўцы. Зянон, сядаючы на свой мех са збожжам, думаў.– Дурні яны, ці што? – урэшце спытаў ён. – Мышэй судзяць?– Не яны дурні, – сказаў Дудар. – Гэта мы дурныя, як дарога. Хіба маленькія могуць столькі з’есці? А Камар іх судзіць.– А Камар хіба вялікі? – спытаў Кляонік.– А з добрую такі свінню будзе, – сказаў Вястун.Маўчалі. Ласкавае – ля ракі – сонца гладзіла твары.– Хто ўсё ж гэты Басяцкі? – спытаў змрочна Гіаў. – Нейкі ён не такі, як усе дамінікане. Алейны нейкі, халера на яго. Па начах да яго людзі ходзяць. Сам ён, здаецца, усё і пра ўсіх ведае.Кляонік раптам крэкнуў:– Добра, хлопцы. Усе тут свае – можна трохі і адкрыць. Чулі, з усіх амбонаў крычаць, што ерась галаву ўзняла? Тут табе ерась гусіцкая, тут табе – лютарская... Наконт гусітаў нічога не скажу, хаця “чашнікі”2 і дзярмо. Забітых не судзяць. А астатнія такія самыя свінні, толькі што царква больш танная... Рым з імі, вядома, б’ецца не на жыццё, а на смерць. І мячом... і... атрутай. Крыжакі. І вось, Бекеш казаў, ходзяць паўсюль страшныя чуткі. Нібы ёсць пад зямлёй, у вялікай схове... больш магутнае за папу...– Ну, што замоўк? – спытаў Вус.– Братэрства патаемнае, – скончыў разьбяр. – Тыя самыя крыжакі, што... атрутай ваююць. Нібыта ніхто добра нічога не ведае, але ёсць.– А я б такіх молатам вось гэтым, – сказаў Вястун. – Каб галава ў жывот юкнула і праз пуп глядзела.– І вось, калі праўду кажуць, могуць яны забрацца не толькі сюды, а і ў пекла. А калі сюды забраліся – неадменна Басяцкі з іх. Ты зірні ў вочы. Плоскія. Зялёныя... Змей. Так і чакаеш, што адкрые рот, а адтуль замест языка – травінка-джала.– Можа быць, – сказаў Марка. – Усё можа быць.– Ды нашто ім сюды? – спытаў Турай. – Тут у нас ціха.Вус развёў залатымі рукамі.– Маўчы ўжо... ціха, – сказаў ён.– Няма ў нас цішыні, хлопцы, – сказаў Кляонік. – Бязвер’е ў нас з’явілася. Гэта больш страшна для іх, чым цюрынгійскія бунтаўшчыкі. Тыя, хаця ў Бога вераць.– А ты верыш? – з’едліва спытаў Турай.– Мая справа. Як твая вера – твая, а ягоная – яго... Ну, магу сказаць: веру ў Бога-духа, агульнага для ўсіх. Твары розныя, а Ён адзін. І няма чаго за розныя лічыны Божыя спрачацца і рэзаць адзін аднаго.– Ты ж каталік? – спытаў Турай.– Для мяне самая зручная вера. Я разьбяр. Ніхто іншы разьблёных багоў не прызнае. І таму я каталік... пакуль рэжуць жывых людзей з дрэва... і да таго часу, калі стануць... як дрэва... рэзаць жывых людзей.Яму было цяжка і страшна выказваць гэтыя свае новыя думкі. Турай кінуўся на калені.– Ерэтык ты, а не каталік!– Ану, сядай. – Каваль паклаў руку на галаву мечніку і з сілаю пасадзіў. – Таксама яшчэ... айцец царквы. І я лічу: адзін Бог ва ўсіх. Як ты... для мяне – Турай, дзядзька Турай... для Маркі ты – бацька... а для жонкі тваёй і сяброў – Гіаў. Змоўч. Сабораў нам тут не разводзь. Дай слухаць.– Ды чаго ён?!– Змоўч, кажу, – сказаў каваль. – Цікава. Судзіць чалавек тое, чаго дагэтуль ніхто не асмельваўся судзіць. Кажы далей, што там наконт бязверных?– Ды што, – сказаў разьбяр. – З’явіліся пісаныя кніжачкі. Шмат. “Княства Белай Русі і Літвы, суджанае праўдай вечнай”1.– Там што? – прагна глядзеў у ягоныя вочы Вястун.– Няма багоў, – сказаў Кляонік, – і не трэба тамлення і марэння духа па іх. Няма і не трэба аніякай улады Адамава сына над гэткім жа сынам Адамавым. Няма і не трэба лепшых і горшых у дзяржаве, царкве і касцёле, і ў багацці.