Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Як гэта няма? – спытаў Вус.– Не павінна быць... Не павінна быць розніцы ў законе, розніцы між каралём і народам, між тым, хто царуе, і тым, хто арэ, між плебеем і шляхціцам, а павінна быць усё для ўсіх, агульнае і роўна, і воля павінна быць і на зямлі і на небе, а веруй, як хто хоча.Лягло маўчанне. Потым Турай уздыхнуў.– Праўда. Толькі наконт Бога – ілжа.– Ну, гэта табе сам Бог, калі памрэш, скажа, – усміхнуўся каваль. – Сказана: веруй, як хочаш. Сапраўды, “суджанае вечнай праўдай”.– Праўда... – сказаў Кляонік. – І вось таму і страшна мне. Нешта такое (толькі з верай Божай) Гус казаў і Пракоп – як на іх кінуліся?! Крывёй залілі. А цяпер праўда зноў усплыла. У нас. Цёплая. А на цёплае вужакі і змеі паўзуць. То няўжо, думаеце, на нас яны не кінуцца?! І з мячом многія адкрыта кінуцца, і тыя, падземныя, з атрутай. Таму я і кажу: цёмнае ідзе, кроў ідзе, меч ідзе, атрута ідзе.– Кінь, – сказаў легкаважны Марка. – Не папусціць Бог.– Які? Твой? Мой? Іхні?– Адзіны ёсць Бог. Праўду кажаш, – сказаў Вястун.– Які?– Наш. Мужыцкі.– Дужа ён вам з хлебам дапамог, – сказаў Зянон. – А ёсць жа хлеб. Ува ўсіх гэтых ёсць. А Богу нібыта і няма да нас нічога. Як вы мне памаглі, то памог тады і ён.– А мы і яму... паможам, – засмяяўся Кірык.– Чым? – злосна сказаў Дудар. – Чым ты іх трахнеш? Адным гэтым сваім молатам? Сапраўды, разбалбаталіся аб тым, што калі яшчэ будзе. Лепей падумайце, як вы зіму пражывяце.– Вось голад і закрычыць, – сказаў Вястун.– Гэ! Хай сабе крычыць, – сказаў Турай. – Галавы ў яго няма. Іконы ў яго няма. А нашы людцы звыкнулі скопам толькі за цудатворнай.– Пане Божа, – уздыхнуў Зянон. – Ну хаця б дрэнненькі які, абы наш, мужыцкі Хрыстос з’явіўся.– Чакай, – сказаў Кляонік. – Яшчэ столькі чакай.– То, можа, без яго? – іранічна спытаў Вястун.Людзі сядзелі моўчкі. Грубаватыя твары трохі маршчыніліся ад не вельмі звыклых думак. Нікому не хацелася першаму кінуць слова.Сказаў яго Зянон. Яму дагэтуль было нязручна. Сябры абаранілі яго, і горш за ўсё было тое, што яны могуць палічыць яго баязліўцам. І таму, хаця меха, на якім ён сядзеў, магло хапіць надоўга, няхай сабе і на зацірку, Зянон крэкнуў:– Чаму ж, без яго дык без яго.Вястун са здзіўленнем глядзеў у шэрыя, глыбока пасаджаныя Зянонавы вочы. Не чакаў ён ад яго гэтага спрыту. Бач ты, раніцай за сябе заступіцца не мог, а тут... Ну, не трэба ж і яму, Кірыку, быць горшым за такога ціхоню.Ён устаў і, крутануўшы, кінуў свой молат угору па схіле. Молат апісаў вялізную дугу і ўпаў у траву і нізкі цярноўнік. І раптам адтуль са звонам падскочыла ў паветра і рассыпалася на пырскі шкляная суляя. А за ёю, успуджаныя, ускінуліся манах і жанчына.Кінуліся ўцякаць.Некаторы час сябры ашаломлена маўчалі. Потым пакаціўся рогат.– Бач, як іх, – сказаў Вястун. – Ану, хадзем. Ты, Турай, з сынам, на Рыбны рынак, а я з Зянонам на Стары. Ціхон – на левы бераг. А ты, Кляонік, гані на слобады... Паспрабуем, ліха на яго, узняць канцы ды трахнуць гэтых, што дужа хлебныя, ды заадно і замкавыя склады.Яны развіталіся ля моста. Кірык і Зянон рушылі ўгору, зноў на рынак, але прыйшлі туды ў неспакойны час. Варта якраз заспела абаіх прарокаў за недазволенымі казанямі.І вось юрод кідаў у воінаў прыгаршчамі каровінага гною, а зверападобны Іллюк біў па руках, што адусюль цягнуліся да яго, і зверагласна крычаў:– Не чапай! Я Ілія! Не чапай, кажу! З мяне ўжо галавы не здымуць! За мной Хрыстос ідзе!