Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Расстрыга страшна круціў вачыма.– На беззаконні! Язык мой – звонам у роце!– А вось мы табе зубы выб’ем, – сказаў яму Пархвер. – Тады языку твайму ў роце куды вальней боўтацца будзе.Натоўп закрычаў:– Не руш! Не руш, кажу, прарока! – наліваючыся крывёю, рыкаў знаёмы гаршчэчнік Хларэнт.І тады Вястун з ходу ўварваўся ў “гульню”.– А вось мы вашыя свірны памацаем!– А чаго?! – узвыў натоўп. – Чаго, сапраўды?! Даввай!Варта, разумеючы, што справы дрэнь, ашчацінілася была дзідамі. І тады Хларэнт папляваў у далоні і, паддаўшы плячом, перакуліў на іхнія галовы воз сваіх жа гаршкоў. Да тых, што засталіся цэлыя, пацягнуліся адразу сотні рук, пачалі кідаць ва ўзброеных.– Бі іх, – крычаў Хларэнт. – Усё адно варыць няма чаго.Гаршкі звонка разбіваліся аб шаломы. Варта павольна адступала ад замка.– Людзі! У доўбні! – крычалі адусюль. – Мы іх зараз!Гігаталі і ўставалі дыбам коні. А над усім полем пабоішча юрод уздзяваў угору складзеныя “знакам” пальцы і крычаў:– Ідзе! Ужо ідзе Хрыстос!

Раздзел ІV

Днём напярэдадні ў мястэчку Свіслач адбылася сумная і журботная гісторыя: жыхары ўпершыню пазнаёміліся з ліцадзеямі, а тыя – з гасціннасцю мясцовых жыхароў.Яшчэ і дагэтуль існуюць нетэатральныя гарады, – што ўжо казаць пра тыя часы?! Але нават тады, калі толькі батлейка ды вандроўныя жанглёры неслі ў масы святло мастацтва, гэта мястэчка было самае нетэатральнае з усіх нетэатральных мястэчак.Рэдка-рэдка бараздзілі тады Белую Русь самотныя ліцадзейскія фургоны. Рэдка-рэдка вырастала з іхніх барознаў што-небудзь вартае. Хадзілі часам з містэрыямі бурсакі-шкаляры, спевакі, цыркачы. Часам трапляліся вечна галодныя акторы-прафесіяналы. На ўсіх іх, акрамя батлейшчыкаў, глядзелі з недаверам. Фокусы іхнія нагадвалі чарадзейства і не былі святой справай накшталт лерных спеваў. Ды, потым, занадта часта пасля іхняга адыходу знікалі з падстрэшша сыры і каўбасы, а з платоў – кашулі і іншае.Таму, калі ў той дзень прыцягнуўся ў Свіслач прадзёрты палатняны фургон, запрэжаны парай кляч, жыхары не чакалі ад яго нічога добрага. Не чакалі, але глядзець прыйшлі, бо палічылі фургон за нечувана вялікую батлейку.Містэрыя пачалася бліжэй да вечара, пад вялізным абшчынным дубам. Дзве дошкі, пакладзеныя на задок фургона, вялі з яго на памост, з якога, бывала, чытаў казані вандроўны прапаведнік ці агалашаў аб’явы панскі паюк.Сядзеў на гэтым памосце і копны суд, калі прыязджаў у мястэчка.А цяпер гэта была сцэна, і кулісамі ў яе былі з аднаго боку фургон, з другога – ствол старадаўняга дрэва. Мужыкі сядзелі на траве і вылуплівалі вочы на дзіўнае відовішча. Лялькі – гэта нястрашна, а тут жывыя людзі рабілі такое, ад чаго ратуй нас, Пане Божа.Людзей тых было трынаццаць. Відаць па ўсім – нездарма. І рабілі яны, на думку мужыкоў і мяшчан, справу няправедную: рыхтаваліся распінаць Хрыста. Ніхто не бачыў, што праца гэтая людзям нязвыклая, што яны пакутліва стараюцца і што з гэтага нічога не выходзіць.Пілат у хламідзе з паперы стаяў слупам пасярэдзіне памоста і круціў вачыма так, што бабы абміралі ад жаху. На галіне дуба стаяў чалавек у вопратцы анёла, якому, па ўсім відаць, трэба было неўзабаве спусціцца на памост па душу распятага. Вельмі высокі і моцны, шыракаплечы, са смешным абліччам і густымі бровамі, ён трымаў на грудзях канцы блакітных крылаў, каб не зачапіліся, і шаптаў нешта чалавеку, які стаяў пад ім, у ценю: