Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Ну, які з Багдана Пілат, Іосія? Няварты Пілат.– Пхе, – сказаў голас з цемры. – Пілат няварты быць не можа. Не прывязвайся да яго, Юрась. Ведай свае крылы і стой сабе. Глядзі сабе, як Шалфейчык добранька вісіць.Адзін з распятых ужо разбойнікаў – па тыпу расстрыга, па носу запівоха – пакасіўся на іх і застагнаў, закаціўшы вочы.Пілат паказаў рукою на крыж і, выгнуўшы даволі значнае пуза, агаласіў:– А вось уліце яму воцату ў рот, каб не думаў пакутваць за чалавечы род. Прынясіце цвікі з асіны для сабачага сына.– Для чалавечага сына, – падказаў распяты Шалфейчык.– Сам ведаю, – голасна сказаў Багдан-Пілат. – Хам ты.Гледачы, хто баяўся, а хто і шаптаў. Шапталі двух у адзеннях вандроўных гандляроў. Сядзелі яны збоку, адкуль відаць было анёла на дубе.– Ведаеш, што мне здаецца? – спытаў адзін.– Ну?– Гэты, на дубе... Каплан з Ванячэ загадваў яго шукаць. Гэта, па-мойму, той, што на агнявым змеі зляцеў. Мы яшчэ яго перастрэлі ў пушчы. Спаў на гарачай зямлі.– Быць не можа гэтага, – флегматычна адказаў другі.– Я табе кажу. Глядзі, твар які смешны. У людзей часта ты такія бачыў? Зноў жа, крылы.– Не можаць гэтага быць.– Знакі нябесныя забыў? Чаго ён на праклятым месцы спаў? Чаго казаў, што ніякіх д’яблаў не баіцца? І запомні... і каплан, і магнат наш яго шукаць загадалі. Паліць такіх трэба. Сатана гэта.– Быць гэ-та-га не можа.– Глядзі, і корд той самы.– Гэтага не можаць быць.У гэты час у натоўпе раздаўся ўздых жаху. На сцэну з фургона вываліліся два эфіопы. Адзін быў здаровы, як халера, другі тонкі і вельмі жанчынападобны. Але абодва былі чорныя, як дзеці самога сатаны. Дошкі прагіналіся пад іхнімі нагамі, бо яны цягнулі пад рукі чалавека з пароды тых, пад якімі падаюць у непрытомнасці коні. На чалавеку быў залацісты парык, а з-пад яго глядзела тупая, але даволі дабрадушная морда.Натоўп узвыў ад жаху.– Чэрці! – крычаў нехта.І тут з дуба раздаўся анёльскай прыгажосці голас. Быў ён мяккі, гучны і моцны. Гэта, схаваўшыся за ствол, каб не заўважылі, гаварыў чалавек з крыламі.– Ціха вы. Не чэрці гэта – эфіопы. Сажай яны намазаліся.– Брашы! – крыкнуў нехта.– Праўду кажу. Зваць іх Сіла і Ладысь Гарнцы.– Хрыста нашто крыжуеце?!– І ён не Хрыстос. Знарок ён гэта. Дрывасек ён былы. Зваць яго Акіла Кіёвы.– Ну, глядзі, – трохі супакоіўся натоўп.Эфіопы цягнулі Акілу-Хрыста да крыжа. Акіла пручаўся. І ясна было, што Гарнцам не пад сілу весці яго.– Чуў? – спытаў адзін гандляр у другога. – Голас гэтага, крылатага, чуў? Голас той самы.– Не можаць гэ... Праўда твая, браце. Той самы голас.Натоўп весела рагатаў, сочачы, як лётаюць эфіопы вакол Хрыста.– Дай ім, дай!Акіла круціў рукамі, напінаўся, але ўсё ж ішоў наперад. Урэшце мурыны, скрыгочучы зубамі, узвалаклі яго на крыж.– Ану, прыбівайце, каб не сышоў! – рыкаў Пілат.І толькі тут сёй-той у натоўпе зразумеў: гэта табе не жартачкі. Крычалі-крычалі, а тут, бач ты, Бога распінаюць.– Хлопцы, – спытаў легкаверны голас, – гэта што ж?– Бог... Амаль голы.– Адзенне дзеляць.Анёл пачаў шаптаць таму, хто стаяў ніжэй яго:– Скажы Аўтуху і Лявону, хай не дзеляць.“Салдаты” не зважалі на шэпт. Дзялілі са смакам і з веданнем справы. Над натоўпам вісеў размераны – як па труне – грукат малатка.Акіла на крыжы закінуў галаву, закаціў вочы і выпусціў дух. Эфіопы адступілі, каб з выглядам мастакоў палюбавацца сваёю працай. І тут здарылася непапраўнае.Пад вагою Акілы крыж склаўся напалам (так яго было зручней перавозіць у фургоне: складны, з прыступачкай для ног, з надпісам “ІNRІ”, які толькі што так велічна аблямоўваў Акілаву галаву). Крыж склаўся, і пад ім, паказваючы небу зад, стаяў вялізнай перавернутай іжыцай Акіла Кіёвы, няўдалы Езус.