Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Хлопцы, гэта што ж? – спытаў нехта. – Што ж гэта, у Госпада Бога нашага зад быў? Ану, спытаем у гэтых.– Ерэтыкі!Ратуючы становішча, Юрась скочыў на лёгкіх крылах уніз. Апусціўся на памост. І тут закрычаў адзін з вандроўных гандляроў:– Гэты! Гэты! Ён на агнявым зміі спусціўся! Хапаць яго загадана! Гэта сатана!Паветра раздзёр свіст. Натоўп прыйшоў у рух і пачаў насоўвацца на памост... Анёл ліхаманкава аддзіраў ад памоста крыж. Распяты разбойнік разам з крыжам кінуўся ў фургон. Але ў паветры ўжо замільгалі гнілая рэпа, цыбуля і іншае. Коні рванулі з месца, кінуўшы людзей....Яны ўцякалі палявой дарогаю з усіх сіл, таму што ззаду, не дужа даганяючы, але і не адстаючы, з гікам беглі ганіцелі.Паперадзе ўсіх ляцеў легкакрылы анёл. Твар у яго быў адухоўлены. Залацістыя – свае – валасы луналі па ветры. Віўся хітон, адкрываючы голыя лыткі.За анёлам ляцеў звар’яцелы фургон. Коні ўскідвалі ашчэраныя храпы, імкнуліся з усёй сілы і ўсё ж не маглі дагнаць Братчыка. У фургоне бразгатала зброя і рэшткі рэквізіту.За фургонам лупіў на апошніх жылах ягоны гаспадар, лысы Мірон Жарнакрут, а побач з ім задыхаўся пад цяжарам крыжа “распяты разбойнік” Шалфейчык.Ён адставаў і адставаў, і разам з ім адставаў канвой – два эфіопы. За імі ўваўсю беглі астатнія ліцадзеі ў разнастайных вопратках. І ўрэшце, наступаючы ім на пяткі, рука да рукі, чыкільгалі два салдаты, магутны ў чэраве Пілат і Акіла-Хрыстос. Хрыстос быў голы, таму што адзенне ягонае неслі салдаты.– Наддай! – шалёным голасам крычаў той чалавек, якога анёл зваў Іосіем.Яны беглі, а за імі з галёканнем і свістам валіў натоўп раз’ятраных праследавацеляў....Хто хоча ўцячы – уцячэ. Гэтыя ўцякалі і ўцяклі. Усяго цераз якую гадзіну яны перасталі чуць галасы за спіною, а яшчэ хвілін праз трыццаць прыходзілі да прытомнасці на невялічкай палянцы.Цурчаў пад нагамі ручай, нібы гаварыў аб марнасці чалавечых намаганняў. Сядала за вязамі вялізнае чырвонае сонца. Жарнакрут гаротна войкаў у фургоне: спрабаваў скласці паламаныя дзіды.Пілат адсопваўся, надзімаў тоўстыя шчокі:– Абтрасём прах гэтага горада... вух-х... ад ног нашых... Хамы... Гэта яны так... беларускага двараніна... Хай я не буду Багдан Роскаш... хай я... не ад Усяслава паходжу, а ад свінні, ад гіены, ад малпы... калі я ім гэтага не папомню.Акіла-Хрыстос сядзеў над ручаінай, мацаў сіняк пад вокам, паліваў яго вадою:– Гэна... Б’юцца як... Хай яно...І яму тураваў, таксама мацаючы сінякі, Жарнакрут:– Сцеражыцеся ж людзей: бо яны будуць аддаваць вас у судзілішчы і ў сінагогах сваіх будуць біць вас.Адчэпленыя крылы адпачывалі побач з Братчыкам.– Не так вы гэта, – раптам з сумнай усмешкай сказаў ён.– А як? – гнеўна спытаў лысы Жарнакрут. – Гэта я ліцадзей. Я ведаю, як яно граць трэба. А вы тут усе – набрадзь. Вљчыце тут мяне, а правал – з-за вас. З-за вас мне ўсё паламалі. А гэта ўсё грошай каштуе.– Што ім у тваіх містэрыях? Яны людзі цёмныя. Гэта не тое, што прывычныя шкаляры. У нас, бывала...Жарнакрут раптам устаў:– Слухай, Юрась Братчык... Ведаем мы, што ты за шкаляр. Кажы, што гэта там крычалі пра агнявога змія? На кім гэта ты прызямліўся?– Крычалі таму, што бедныя, цёмныя людзі, – непарушна сказаў Братчык. – Я шкаляр з Міра.Мірон Жарнакрут выбухнуў:– А білі... Білі нас з-за каго?– Білі нас за тое, што мы кепска гралі. І яшчэ таму, што яны ніколі не бачылі такога. Што ім у тваіх містэрыях? Тут трэба, як у казцы пра асіну і распяцце. Цвікі не палезлі ў рукі, а асінавыя калкі палезлі (яны, мужыкі, ведаюць, бо асінавы цвік і ў бервяно палезе). І тады распяты затросся і закляў асіну: “Каб жа ж ты ўсё жыццё так трэслася, як я зараз трасуся”. Т а к о е яны ведаюць. Т а к о м у яны павераць.