Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– А што, – сказаў Роскаш. – Праўда.– Праўда! Праўда! – перадражніў Жарнакрут. – Мне лепей ведаць. Я – гаспадар.– А як гэта ты, гаспадар, адзін апынуўся на дарозе з фургонам цэлага пазорышча, у якім чалавек пятнаццаць было? Знайшоў дзе?Жарнакрут плямкнуў вуснамі, быццам скрыню зачыніў.– Вось што, – сказаў “анёл”. – Махлярыць дык махлярыць. Што нам у гэтых бедных мястэчках? Хадзем адразу ў вялікі горад, у Гародню. І зусім без розных там вяшчальнікаў пераапранёмся за мурамі ды ў горад. І – тавар лепшым бокам.– У Гародні людзей больш, – сказаў, мацаючы сінякі, Акіла.– То што?– Ты Хрыста ў Гародні сам іграй, – сказаў Юрасю Акіла. – Я цяжкі на бягу. Для мяне гэта работа дужа шкодная.

Раздзел V

У той год Рым анафемстваваў Лютара і ўсіх, хто з ім, успамінаў праклёнам Арыя, Вальдэнса1, чарнакніжніка Агрыпу, Гуса і Героніма Пражскага і іншых ерэсіярхаў. У той год Масква ўспамінала анафемай Святаполка Акаяннага і ноўгарадскіх “жыдоўствуючых”, якія адмаўлялі манастыры і царкоўнае землеўладанне і казалі, што Хрыстос і без біскупа ёсць Хрыстос, а біскуп без Хрыста – тфу, і нашто ён тады ўвогуле?У той год Гародня анафемствавала мышэй.Ніхто не кінуў горада: ні цяжарныя, ні легкаважная моладзь. Нават калі і былі гэткія богабаязныя, то было іх так мала, што іхнія ўцёкі практычна не змянілі колькасці мышынага статка....Над Гародняй білі званы. Глуха бухаў дамініканскі касцёл, пагражаў бернардынскі, надрываліся званы Каложы і манастыра Барыса і Глеба, трывожна гудзелі святая Ганна і набрамная Зафея, стагналі званы францысканцаў.І пагрозна раўлі – нібы адна адну праглынуць жадалі – барадатыя, праваслаўныя, і босыя, каталіцкія, пашчы дыяканаў.– І ў тэрмін належны не пайшлі... Закон Божы пераступіўшы...– І за тое хай будзе ім Іудзіна ўдушэнне, Лазарава гніенне...– Гіезіева пракажэнне...– Анафема!– ...валхва імгненная смерць...– А-на-а-фе-ма-а!– Анафема, маранафа!– Анафема!..– А-на-а-фе-ма-а-а!!!Гуд званоў быў жахлівы. Рыканне бязмежных, як пячора, глотак яшчэ страшнейшае.А між тым мала хто звяртаў увагу на анафемстваванне.Напярэдадні, пасля вялікай бойкі на Старым рынку, людзі разышліся, але горад нібы застыў у чаканні нечага. Штосьці віравала пад вонкавым спакоем, мяшчане-рамеснікі шапталіся і глядзелі на варту з удаваным спакоем і патаемнай злараднасцю. Усю ноч з дома ў дом мільгалі нейкія цёмныя цені.І ледзь толькі загулі званы, увесь горад (і ў адно імгненне) устаў. Відаць, дамовіліся загадзя, што пачнуць з пачаткам анафемы. У вокамгненне высыпалі з двароў узброеныя хто чым людзі, хапалі самотных вартаўнікоў, цяклі завулкамі, зліваліся.Места валіла да Старога рынку. Разбіваць хлебныя склады. Хай сабе там і мала чаго ёсць – потым можна пайсці на склады замкавыя. Немагчыма больш было цярпець.Над вуліцай стаяў такі крык, што яго пачулі нават ліцадзеі за мурамі. Яны якраз апраналіся ў грубы кужэль і перапаясваліся вервіем, калі места пачало рыкаць.– Што гэта там? – з трывогаю спытаў тонкі Ладысь Гарнец.Юрась ускладаў на галаву цярновы, з тупымі шыпамі, вянец:– А чорт яго ведае! Горад... Відаць, нічога страшнага. Бачыш, варта нават брамы не зачыняе.– Што рабіць будзем? – спытаў Жарнакрут.Братчык спакойна ўскінуў сабе на плечы вялізны лёгкі крыж. Паправіў яго.– Хадзем.І спакойна пайшоў да брамы.Дванаццаць чалавек у радне рушылі за ім. Следам пацягнуўся прадзёрты, брынклівы фургон.