Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Горад крычаў страшна. Тое, што ў замку дагэтуль не ўзнялі гвалту, можна было растлумачыць толькі гулам замкавых званоў. Цэрквы былі блізка. Вуліцы рамеснікаў – наводдаль. Замак маўчаў, але гарланне і крык каціліся ўсё бліжэй да яго.Людзей было мала – ледзь адзін з пяцёх – дзесяцёх выйшаў на вуліцы, – але яны так напіналіся ў крыку, што ім здавалася: няма сілы, якая магла б стаць на іхняй дарозе.Нізкалобы сотнік Карніла першы ўбачыў з кутняй вежы далёкі натоўп і, нягледзячы на тое, што быў цяжкадум, зразумеў, чым гэта пахне.Пыл стаяў ужо над Старым рынкам: відаць, купцы баранілі плошчу ад рамеснікаў... Не, рамеснікі з мяшчанамі яшчэ далёка. Дарогаю, пэўна, разбіваюць нечыя дамы... Чаму ж пыл над рынкам?І сотнік зразумеў: гандляры бягуць за зброяй... Збіраюцца... Будзе страшэнная бойка. Трэба разбараняць. Як? Мо бегчы па Лотра? Д’ябла яго паслухаюцца. Што такое кардынал у пераважна праваслаўным горадзе?Карніла рынуўся з забрала і пабег. Шчасце, што Балвановіч тут, а не ва ўлюбёным Барысаглебскім манастыры.Балвановіч толькі што сытна, з мёдам, паснедаў і заваліўся адпачыць. Хай яны там задушацца са сваёй анафемай. Паўсюль бываць – здохнеш хутчэй.Замкавы мітрапалічы палац быў у два жылля1 з сутарэннямі, у дзесяць пакояў з каплічкай. Стаяў трохі наводдаль ад Вітаўтавага палаца. Святліцы ў ім былі скляпенчатыя, нізкія, душныя, але затое вельмі цёплыя ўзімку: не тое, што агульны замкавы палац. Там – колькі ні палі – золь сабачая.Ад задухі маленькія вокны былі адчынены. Відаць было, як віліся над вежамі ўспуджаныя перазвонам стрыжы.Балвановіч ляжаў і соп. У яго на жываце ляжала вялізная, вельмі дарагая заморская кошка. Прывозілі такіх аж аднекуль з-за Індыі партугальцы. Прадавалі ў сябе, у Гішпаніі, у Рыме. Кошка была загадкава-суровая, з ізумруднымі вачыма, з аксамітнай карычнева-залатой шкурай2. Цягнулася да пастырава аблічча, нібы цалавала, і потым вараціла морду: ад мітрапаліта несла віном.– Ну і выпіў, – казаў Балвановіч. – Час такі, што зап’еш. Мо і ты хочаш? Тады я...Побач з ложкам стаяў толькі што распячатаны глячок з мёдам і сподак суніц з вяршкамі. Грынь выпіваў чарку, мачаў палец у вяршкі і мазаў кошку па носе. Тая аблізвалася. Спачатку – нездаволена, потым – нібы робячы ласку.– Не п’еш? Як папа? Брэшаш, і ён п’е. Павінна была ведаць, калі цябе з карабля ў папскай вобласці купілі... У-у, шэльма, у-у, латрыга, шпіёнка ты мая папская. Чаго морду вароціш? Не даспадобы? А мне, думаеш, даспадобы, што лазутчыкі вакол? Самага вернага дыякана пасадзілі. А горад больш чым на тры чвэрці праваслаўны. Вось няхай самі ў ім і спраўляюцца, а я сам сябе пад хатні затвор пасаджу. Мне і тут няблага. І вып’ю сабе, і закушу. Цішыня вакол, звон. І добра сабе.Ён не паварухнуў і вухам, калі пачуў грукат. Нехта бег пераходамі, тупаў па сходах, як жарабец. Потым дзверы з гулам расчыніліся, і, нібы нехта кінуў да ложка самавар, уляцеў у пакой і ўпаў ніцма Карніла.– Блаславі, святы ойча.– Гэта ты за блаславеннем так бег, прыхвасцень?– Але.– Брэшаш ты.– Святы ойча...– Ізыдзі, рука Ватыкана.– Праваслаўны я, ойча...– Малаважна. Такіх паўсюль паляць. Чацвёрты ты Сікст...Карніла пакрыўдзіўся:– Я ўжо і не ведаю, на што гэта вы намякаеце.– Інквізітар ты... Фараон... Саўл.– Лайцеся сабе, лайцеся. Кідайце хульныя словы. А ў горадзе мяшчане бунтуюць. Павалілі з доўбнямі, з друкамі на Стары рынак.